Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянтэр Міронаў напісаў заявы на прапагандыстаў Мукавозчыка і Азаронка ў Сьледчы камітэт. Апошні адрэагаваў


Ільля Міронаў. Архіўнае фота
Ільля Міронаў. Архіўнае фота

Першую заяву Міронава са Сьледчага камітэту перанакіравалі ў МУС Беларусі.

Гомельскі валянтэр Ільля Міронаў зьвярнуўся з просьбай прыцягнуць прапагандыста з тэлеканала СТВ Рыгора Азаронка да адказнасьці за распальваньне сацыяльнай варожасьці.

Пазьней з такой жа заявай ён зьвярнуўся на аўтара газэты «СБ. Беларусь сегодня» Андрэя Мукавозчыка, піша сайт «Штодзень».

Падставай для заявы Міронава на Андрэя Мукавозчыка стаў матэрыял пад назвай «Уцекачы шакаваныя тым, як жыцьцё рэагуе на іх намаганьні яго разгайдаць».

Міронаў лічыць, што гэтым артыкулам аўтар заклікае да дзеяньняў, накіраваных на распальваньне нянавісьці, варожасьці, а таксама зьнявагу годнасьці групы асоб па прыкметах прыналежнасьці да пэўнай сацыяльнай групы.

У заяве ад 14 красавіка Міронаў просіць пачаць праверку ў дачыненьні да Мукавозчыка на факт наяўнасьці ў яго артыкуле складу злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі, і пры пацьвярджэньні гэтага завесьці крымінальную справу на аўтара публікацыі.

У канцы студзеня Міронаў накіраваў у Сьледчы камітэт заяву з просьбай завесьці крымінальную справу на прапагандыста тэлеканалу СТВ Рыгора Азаронка.

Нагодай для звароту стаў відэаролік на тэлеканале СТВ «Азаронак: крок насустрач тым, хто хоча вярнуцца, — гэта сталінскі крок, гэта наймагутнейшая воля Лукашэнкі». У гэтым відэасюжэце Азаронак, на думку Міронава, зьдзейсьніў дзеяньні, «накіраваныя на ўзбуджэньне нянавісьці, варожасьці, а таксама прынізіў гонар і годнасьць групы людзей па прыкметах прыналежнасьці да пэўнай сацыяльнай групы».

Але з СК яго заяву перанакіравалі ў МУС.

Прапагандыст Азаронак пасьля зьяўленьня навін пра заяву Міронава ў дачыненьні да Мукавозчыка вырашыў выказацца і заявіў, што мае вострую непрыязь, якая пераходзіць у нянавісьць да апанэнтаў улады.

Пры гэтым ён назваў іх рознымі абразьлівымі словамі і заявіў, што гатовы паўтарыць гэта на любым судзе і «распальваць гэтую нянавісьць на ўсіх кірмашах», — напісаў Азаронак.

На яго думку, Мукавозчык «нешта падобнае адчувае да гэтай сацыяльнай групы».

Хто такі Ільля Міронаў

Гомельскага валянтэра Ільлю Міронава летась асудзілі на 1,5 года папраўчай калёніі і 200 базавых велічыняў штрафу. Паколькі Міронаў больш за год знаходзіўся ў СІЗА, яго пастанавілі вызваліць у залі суду. Спачатку Ільлю абвінавачвалі паводле арт. 130 КК («распальваньне варожасьці»), але ў працэсе сьледзтва абвінавачаньне замянілі на артыкул 369-1 («дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).

Увосень 2020 году Ільля Міронаў некалькі разоў сядзеў на «сутках» за акцыі пратэсту. У ліпені 2021-га яго затрымалі праз падазрэньне ў «акце тэрарызму». Ільля прабыў у ізалятары восем дзён, затым яго выпусьцілі. Пасьля ізалятара валянтэр пакутаваў ад боляў у сьпіне, бо восем начэй спаў на жалезным ложку без матраца і бялізны.

У канцы жніўня Ільля зноў трапіў у ІЧУ — гэтым разам за «пікет». Так судзьдзя трактаваў надпіс «Пишите письма» на футболцы валянтэра.

Міронава таксама затрымалі ў сярэдзіне лістапада на 5 дзён за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (19.11 КаАП) — нібыта за падпіску на «экстрэмісцкі» канал. У ізалятары, як сам ён пісаў, «да нас ставіліся горш, чым да крымінальнікаў».

На волю Ільля Міронаў выйшаў 1 красавіка. Ад 17 сакавіка ён адбываў адміністрацыйны арышт у ІЧУ Гомля.

Яму прысудзілі 15 сутак нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Раней яго затрымлівалі 2 сакавіка. Тады ў ягонай кватэры прайшоў ператрус, маці актывіста аштрафавалі на 407 рублёў, а самога яго зноў арыштавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG