Гэта вынікае з адказу намесьніка начальніка аддзелу па працы з грамадзянамі Сьледчага камітэту Жаўранка, піша выданьне «Штодзень».
Аўтар заявы, валянтэр з Гомля Ільля Міронаў, так камэнтуе рэакцыю Сьледчага камітэту:
«У прыярытэтах — прыцягненьне грамадзяніна Азаронка Рыгора да крымінальнай адказнасьці. Веру, што закон пераможа!»
У студзені 2023 года гомельскі валянтэр Ільля Міронаў аднёс заяву ў Сьледчы камітэт з просьбай адкрыць крымінальную справу супраць прапагандыста Рыгора Азаронка. У тэксьце заявы актывіст зазначае, што 18 студзеня 2023 года на сайце праўладнай тэлекампаніі СТВ быў апублікаваны артыкул, які суправаджаецца відэаролікам «Азаронак: крок насустрач тым, хто хоча вярнуцца — гэта сталінскі крок, гэта наймагутнейшая воля Лукашэнкі».
У гэтым сюжэце Азаронак, на думку Міронава, зьдзяйсьняе дзеяньні, скіраваныя на ўзбуджэньне нянавісьці, варожасьці, а таксама прыніжэньня годнасьці групы асобаў па прыкметах прыналежнасьці да пэўнай сацыяльнай групы.
Ільля Міронаў патрабуе прыцягнуць да адказнасьці Рыгора Азаронка на падставе артыкулу п. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу. Паводле беларускага заканадаўства, за распальваньне варожасьці прадугледжана пакараньне да 5 гадоў зьняволеньня.