Як паведаміў BPN галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, гаворка пра прыцягненьне да адказнасьці за злачынствы супраць чалавечнасьці. Паводле яго, Ціханоўская адзначыла, што «ўжо сабрана больш за 18 тысяч доказаў, і гэтага дастаткова, каб пачаць папярэдняе расьсьледаваньне супраць рэжыму Лукашэнкі».
Падчас сустрэчы Сьвятлана Ціханоўская і Марка Каплімаа таксама абмеркавалі
- падтрымку Эстоніяй кампаніі за недапушчэньне Беларусі ў Раду бясьпекі ААН,
- пытаньне пашырэньня індывідуальнага санкцыйнага сьпісу,
- падтрымку місіі дэмакратычнай Беларусі ў Таліне,
- спрашчэньне ўмоваў іміграцыі для беларусаў, у тым ліку тых, хто ўжо жыве ў Эстоніі (выдачы дазволаў на працу, працягу візаў і дазволаў на жыхарства),
- пашырэньне інфармацыі пра Беларусь сярод эстонцаў,
- правядзеньне балтыйска-беларускай канфэрэнцыі ў Таліне.
- 17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Яго разам з упаўнаважанай па правах дзіцяці ў Расеі Марыяй Львовай-Бяловай абвінавацілі ва ўчыненьні ваенных злачынстваў — гвалтоўных дэпартацыях і перамяшчэньні насельніцтва, у прыватнасьці дзяцей, з занятых тэрыторый Украіны. Міжнароднае права можа расцэньваць гэта як генацыд. Пуціна могуць арыштаваць у 123 краінах, якія прызнаюць Міжнародны крымінальны суд.
- Сьвятлана Ціханоўская ўжо неаднойчы заклікала, каб праз інструмэнты Міжнароднага крымінальнага суду прыцягнулі да адказнасьці і Аляксандра Лукашэнку.
- У студзені 2022 году польскі адвакат Томаш Віліньскі ўжо падаў заяву ад імя «вялікай колькасьці грамадзян Беларусі» супраць Аляксандра Лукашэнкі і беларускіх службовых асобаў у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Дакумэнт зьмяшчае 160 старонак прававога абгрунтаваньня і 40 тысяч старонак у дадатку.
- У сьнежні 2021 году Томаш Віліньскі накіраваў у Нацыянальную пракуратуру Польшчы заяву аб падазрэньні ў генацыдзе і злачынствах супраць чалавечнасьці, учыненых прадстаўнікамі беларускай улады.