Да 1,5 тысячы чалавек могуць дапытаць у розных краінах у рамках крымінальнай справы аб злачынствах супраць чалавечнасьці ў Беларусі, якую расьсьледуюць у Польшчы ў рамках мэханізму ўнівэрсальнай юрысдыкцыі, паведаміў BPN польскі адвакат Томаш Віліньскі.
Сьледзтва вядзе аддзел пракуратуры Польшчы ў Любліне, паведаміў адвакат. Цяпер Томаш Віліньскі падаў заяву ад імя 10 пацярпелых. Акрамя іх, на гэты момант даць паказаньні плянуюць яшчэ 30 чалавек на тэрыторыі Польшчы. Дапытаць пацярпелых могуць ня толькі ў Польшчы, але і ў іншых краінах Эўразьвязу, ЗША і Канадзе, дадаў Віліньскі.
24 сакавіка ў якасьці пацярпелага ў справе даў паказаньні кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка. Гэта першае даваньне паказаньняў у Польшчы, пра якое вядома. Таксама сярод беларускіх палітыкаў, якія праходзяць па справе як пацярпелыя, Томаш Віліньскі згадаў Сьвятлану Ціханоўскую, Валерыя і Вераніку Цапкалаў.
Адвакат адзначыў, што справу завялі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу Польшчы, у тым ліку артыкулаў, якія тычацца міжнародных злачынстваў: гвалту ў дачыненьні да пратэстоўцаў, прымусовага перамяшчэньня (выпадак са спробай выдварэньня за мяжу цяперашняй палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай).
Таксама ў Польшчы расьсьледуюць эпізоды міграцыйнага крызісу на мяжы з Эўразьвязам, паведаміў юрыст. Ён плянуе накіраваць у пракуратуру дадатковыя матэрыялы, якія тычацца падзеяў пасьля сьнежня 2021 году і саўдзелу беларускіх уладаў у вайне супраць Украіны.
- У Польшчы завялі ўжо некалькі крымінальных спраў «у дачыненьні да злачынстваў рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі» пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, паведамляла журналістам у кастрычніку 2022 году дырэктарка дэпартамэнту прававой дапамогі Цэнтру беларускай салідарнасьці Вольга Дабравольская.
- У сьнежні 2021 году Томаш Віліньскі накіраваў у Нацыянальную пракуратуру Польшчы заяву аб падазрэньні ў генацыдзе і злачынствах супраць чалавечнасьці, учыненых прадстаўнікамі беларускай улады.
- У студзені 2022 году ён жа падаў заяву ад імя «вялікай колькасьці грамадзян Беларусі» супраць Аляксандра Лукашэнкі і беларускіх службовых асобаў у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Дакумэнт зьмяшчае 160 старонак прававога абгрунтаваньня і 40 тысяч старонак у дадатку.
- 4 кастрычніка 2022 году Павал Латушка паведаміў, што ў Літве завялі крымінальную справу супраць беларускага судзьдзі, які выносіць палітычна матываваныя прысуды.