Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША Роберт Ф. Кэнэдзі-малодшы вылучыў сваю кандыдатуру ў прэзыдэнты ад дэмакратаў


Белы дом, сядзіба прэзыдэнтаў ЗША
Белы дом, сядзіба прэзыдэнтаў ЗША

69-гадовы Кэнэдзі, сын забітага ў 1968 годзе кандыдата ў прэзыдэнты сэнатара Робэрта Ф. Кэнэдзі і пляменьнік забітага ў 1963 годзе прэзыдэнта ЗША Джона Кэнэдзі, падаў дакумэнты ў Фэдэральную выбарчую камісію.

Пра гэта піша «Голас Амэрыкі».

Робэрт Ф. Кэнэдзі-малодшы будзе прэтэндаваць на прэзыдэнцкую пасаду ў 2024 годзе, стаўшы другім кандыдатам ад дэмакратаў, які кіне выклік прэзыдэнту Джо Байдэну ў яго кампаніі па пераабраньні.

Юрыст па прафэсіі (спэцыяліст у экалягічным праве), 69-гадовы Кэнэдзі ў сераду падаў дакумэнты ў Фэдэральную выбарчую камісію ЗША.

Іншая кандыдатка, якая ў сакавіку вылучыла сваю кандыдатуру ў прэзыдэнты ад дэмакратаў на выбарах у 2024 годзе, — Мар’яна Уільямсан.

Даўні скептык у дачыненьні да вакцын супраць COVID-19, Кэнэдзі (па ініцыятыве тагачаснага прэзыдэнта Дональда Трампа) быў у 2017 годзе прызначаны кіраўніком прэзыдэнцкай камісіі па аналізе бясьпекі вакцын, што выклікала крытыку з боку навукоўцаў і экспэртаў у галіне грамадзкай аховы здароўя, якія асьцерагаліся, што гэта ўмацуе уплыў скептыкаў адносна дзіцячай вакцынацыі.

У 2021 годзе Instagram выдаліў акаўнт Кэнэдзі пасьля таго, як ён неаднаразова распаўсюджваў ілжывую інфармацыю аб COVID-19, парушаючы палітыку плятформы ў пытаньнях, зьвязаных з пандэміяй.

У мінулым месяцы Кэнэдзі згадаў пра свае пляны ў Твітэры, зьвярнуўшыся да падпісчыкаў з просьбай дапамагчы яму вырашыць, ці варта яму балятавацца ў Белы дом.

«Калі будзе падобна, што я змагу сабраць грошы і мабілізаваць дастаткова людзей для перамогі, я ўступлю ў гонку, — напісаў ён. — Калі я буду балятавацца, то маім галоўным прыярытэтам будзе імкненьне пакласьці канец карупцыйнаму зьліцьцю дзяржаўнай і карпаратыўнай улады, якое разбурыла нашу эканоміку, зьнішчыла сярэднюю клясу, забрудзіла нашы ляндшафты і воды, атруціла нашых дзяцей і пазбавіла нас нашых каштоўнасьцяў і свабодаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG