Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ня так з увядзеньнем новай сыстэмы трансьлітарацыі. Тлумачыць мовазнаўца


Шыльды з назвамі вуліц у цэнтры Горадні па-беларуску на кірыліцы і лацінцы. Архіўнае фота
Шыльды з назвамі вуліц у цэнтры Горадні па-беларуску на кірыліцы і лацінцы. Архіўнае фота

Разам з мовазнаўцам Вінцуком Вячоркам падрыхтавалі простыя пытаньні і адказы пра замену трансьлітарацыі геаграфічных назваў.

1. Якое месца беларуская лацінка займала ў Беларусі раней?

Беларуская лацінка — адзін з двух беларускіх нацыянальных альфабэтаў поруч з кірыліцай. Па-беларуску пачалі пісаць лацінкай прыблізна ў XV стагодзьдзі. Ёю пісалі і Дунін-Марцінкевіч, і Багушэвіч, і Янка Купала. Браніслаў Тарашкевіч перш выдаў сваю славутую „Беларускую граматыку“ лацінкай, а потым кірыліцай.

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

У 2000 годзе беларускую лацінку ў Рэспубліцы Беларусі афіцыйна пачалі ўжываць для перадачы геаграфічных назваў літарамі лацінскага альфабэту — г. зн. для трансьлітарацыі. Гэта было вялікім прарывам, спынялася бессыстэмная трансьлітарацыя тапонімаў з расейскай мовы. Праўда, пазьней ад лацінкі адышлі ў адным з правілаў, літару Łł прыбралі з трансьлітарацыі, але ў іншым яна грунтуецца на лацінцы.

2. Якія асаблівасьці і перавагі беларускай лацінкі як спосабу трансьлітарацыі?

Па-першае, гэта сыстэма, якая склалася ў Беларусі, яна наша культурна і гістарычна.

Па-другое, яна зручная. У большасьці выпадкаў адзін гук перадае адна літара, напрыклад шыпячыя: [ж] — Ž, [ч] — Č, [ш] — Š. Гэта станоўчая рыса любой сыстэмы трансьлітарацыі.

Па-трэцяе, па ёй лёгка пазнаць менавіта беларускую мову. Самы яскравы маркер — літара Ŭ (у кірыліцы Ў). Беларуская лацінка — адзіны ў Эўропе альфабэт, дзе ёсьць такая літара.

Літара V абазначае гук [в] (у польскай тут W).

У беларускай лацінцы для працяжнага гуку [г] ужываецца літара H, напрыклад Homiel.

3. Што зьмяніла сыстэма трансьлітарацыі, якую апублікавалі 4 красавіка 2023 году?


Першае. Гэта выпадкова ўкладзеная табліца. Сыстэмы ў ёй няма. Нейкія пазыцыі нагадваюць савецкі ГОСТ 1971 году, які рэглямэнтаваў трансьлітарацыю з расейскай мовы, а іншыя ўзятыя невядома адкуль і чаму.

Другое. Шэраг беларускіх гукаў перадаецца неадпаведнымі літарамі.

Працяжны [г] патрабуюць перадаваць літарай G, але ж яна і ў самой лацінскай, і ў суседніх мовах, і ў беларускай лацінцы перадае выбухны гук (характэрны для расейскай).

Гук [х] перадаюць літарай H, якая ў беларускай лацінцы азначае звонкі гук.

Мяккасьць зычных у канцы склада не паказваецца зусім: Viazyn можа азначаць ці Вязынь, ці Вязын.

Гуку [ў] у новай сыстэме адпавядае літара W.

Так ігнаруюцца характэрныя рысы беларускай фанэтыкі.

«У польскім ці нямецкім альфабэтах W азначае губна-зубны гук, а зусім ня [ў]. Нейкае падабенства можна знайсьці ў гучаньні ангельскай літары W, прыкладам, у слове show. Але калі „інфаказáчкі“ пачалі барацьбу з беларускай лацінкай пад сьцягам барацьбы з Захадам, то чаго ж яны і іх аднадумцы ўводзяць „англа-амэрыканскую“ літару замест унікальна беларускай?», — камэнтуе Вінцук Вячорка.

Трэцяе. Парушаецца прынцып «адзін гук = адна літара» для шыпячых: [ж] — «zh», [ч] — «ch», [ш] — «sh».

4. Ці ў сучаснай Беларусі выкарыстоўвалі трансьлітарацыю з расейскай мовы на лацінку?

Так было ў СССР.

«У пастанове відавочнае імкненьне зблізіць перадачу тапонімаў зь беларускай і расейскай моваў на лацінку», — камэнтуе мовазнаўца.

Расейская мова ня мела гістарычнае традыцыі лацінскага альфабэту. Таму ў СССР штучна стварылі дзясяткі сыстэмаў трансьлітарацыі, якія супярэчылі адна адной.

Пастанова ў бальшыні выпадкаў пакідае свабоду выбару — трансьлітараваць зь беларускай ці з расейскай мовы.

«Кожны гаспадарчы суб’ект будзе рабіць выбар адпаведна палітычнай каньюнктуры, якой яна будзе — здагадацца лёгка», — разважае Вінцук Вячорка.

5. Ці можа быць навуковае абгрунтаваньне такому скасаваньню беларускай лацінкі?

Вінцук Вячорка мяркуе, што навуковага грунту ў апублікаваным дакумэнце няма. Ён робіць выснову, што пастанова груба парушае правілы і нормы стварэньня нацыянальных сыстэмаў трансьлітарацыі наагул і ігнаруе беларускую мову, у прыватнасьці яе гукавую сыстэму і графічныя традыцыі.

«Гэта чыста палітычнае рашэньне. Грандыёзны правал назад, у Савецкі Саюз 1971 году. Навука тут і блізка не стаяла. Наколькі ведаю, мовазнаўцы ня мелі дачыненьня да новай табліцы. Гэта крок да зьнішчэньня адной з важных праяваў беларускай ідэнтычнасьці. Гэта крок да „рускага міру“, як ні парадаксальна, хоць і зьвязаны ён з лацінскай графікай», — адзначыў навуковец.

6. У іншых народаў ёсьць свае нацыянальныя лацінкі, а ці існуе варыянт агульнасусьветнай уніфікаванай лацінкі?

Не. Кожная мова мае сваю сыстэму пісьма. Абсалютная бальшыня моваў Эўропы карыстаецца лацінскім альфабэтам, але ва ўласным нацыянальным абліччы. Нелацінскія альфабэты (кірыліцу, габрэйскі, армянскі, грузінскі) ужываюць значна менш моваў. У некаторых, як у беларускай, ёсьць традыцыя двух альфабэтаў. Найперш гэта сэрбская і чарнагорская мовы, да нядаўняга часу румынская.
Няма і ўнівэрсальных трансьлітарацыяў з кірыліцы на лацінку, хоць некаторыя міжнародныя арганізацыі маюць свае стандарты (напр. Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG