У эксклюзіўным інтэрвію «Настоящему времени» Енс Столтэнбэрг расказаў, ці гатовы сьвет падтрымліваць Украіну на шляху да дэакупацыі, ці будуць саюзьнікі NATO працягваць пастаўляць ёй зброю і чаму вайна Расеі супраць Украіны ператварылася ў бітву лягістыкі.
— Спадар генэральны сакратар, давайце пачнем з наступнага: саюзьнікі па NATO сьцьвярджаюць, што гатовыя падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца. Таму хацела б у вас спытаць: праз 13 месяцаў поўнамаштабнай вайны зь якімі галоўнымі выклікамі вы сутыкаецеся, аказваючы Ўкраіне вайсковую дапамогу?
— Галоўны выклік, вядома, у тым, што гэтая вайна цяпер стала вайной на зьнясіленьне. Гэта значыць, што зараз адбываецца бітва лягістыкі, якая заключаецца ў дастаўцы боепрыпасаў, зброі і запасаў на лінію фронту. Спачатку мы вычэрпвалі свае запасы. Але, вядома, ёсьць мяжа таго, як далёка мы можам заходзіць у гэтым пляне.
Цяпер мы таксама ўпарта працуем над павелічэньнем вытворчасьці, каб гарантаваць магчымасьць падтрымліваць Украіну, бо рабіць гэта ў далейшым — надзвычай важна. Гэта будзе трагедыя для Ўкраіны, калі прэзыдэнт Пуцін пераможа, але гэта таксама небясьпечна для блёку NATO. І ў гэтым маё пасланьне ўсім нашым саюзьнікам: мы павінны падтрымліваць Украіну, таму што ў інтарэсах нашай бясьпекі — прадэманстраваць, што прэзыдэнт Пуцін не перамагае ва Ўкраіне.
— Як вы ацэньваеце цяперашнюю сытуацыю на полі бою і як баі, у прыватнасьці, за Бахмут, за Аўдзееўку паўплывалі і працягваюць уплываць на абодва бакі — я маю на ўвазе і ўкраінскія ўзброеныя сілы, і расейскія.
— Перш за ўсё я хацеў бы яшчэ раз выказаць сваё захапленьне. Я вельмі ўражаны прафэсіяналізмам, мужнасьцю і рашучасьцю ўкраінскіх узброеных сіл. Яны ўразілі ўвесь сьвет. У шэрагах жа расейскага войска мы бачым слабы баявы дух, часта дрэнную тэхніку, а таксама падрыхтоўку, якая ня надта ўражвае. Камандаваньне сапраўды не спрацоўвае шмат у якіх апэрацыях.
Але ў той жа час мы бачым: тое, чаго расейскім войскам не хапае якасна, яны спрабуюць нагнаць колькасьцю. Таму яны кідаюць тысячамі і тысячамі войскі, многія зь якіх дрэнна аснашчаныя, дрэнна навучаныя. Але, вядома, гэта прычыняе шкоду, і яны могуць прынесьці страты і ўкраінскаму боку. Расейцы губляюць значна больш салдат, бо ў іх проста няма якаснага абсталяваньня і камандаваньня, у адрозьненьне ад украінцаў.
Але мы не павінны недаацэньваць Расею, паколькі яна прадэманстравала гатоўнасьць увесьці дзясяткі тысяч новых вайскоўцаў. Для мяне гэта яшчэ адзін аргумэнт на карысьць таго, каб падтрымаць Украіну, дапамагчы Ўкраіне вызваліць сваю зямлю і даць адпор расейскім захопнікам.
— Вам вядома, што Украіна плянуе пачаць контранаступ — яго анансавалі на вясну. Якім уяўляеце магчымы вынік? І, на вашую думку, ці абсталяванае адпаведным чынам украінскае войска для пачатку гэтай апэрацыі і для дасягненьня посьпеху ў ёй, у прыватнасьці?
— Войны па сваёй прыродзе непрадказальныя. Думаю, зараз ніхто дакладна ня можа сказаць, як і калі скончыцца гэтая вайна і як яна будзе разьвівацца сёлета.
Я таксама глыбока перакананы, што рашэньні па апэратыўных пытаньнях, напрыклад па новым наступе, павінны прымаць украінцы, якія знаходзяцца на месцах, а значыць, найлепш валодаюць сытуацыяй. Наша адказнасьць як чальцоў NATO палягае ў тым, каб забясьпечыць Украіну абсталяваньнем, боепрыпасамі і падтрымкай, неабходнай Украіне для пачатку новых наступальных дзеяньняў. І гэта менавіта тое, што саюзьнікі забясьпечваюць, аказваючы ваенную падтрымку, а таксама — навучаньне на высокім узроўні. Трэніроўкі, каб ва ўкраінцаў была магчымасьць выкарыстоўваць усю новую, больш сучасную зброю, якой цяпер іх забясьпечваюць саюзьнікі, у прыватнасьці — баявыя танкі.
— Наколькі імаверны сцэнар таго, што лінія фронту будзе замарожаная там, дзе яна праходзіць цяпер, і як падобнае можа паўплываць на ход вайны ў цэлым?
— Я б асьцярожна разважаў аб імавернасьці такога сцэнара. Лічу, што наша адказнасьць у тым, каб пераканацца, што гэтага ня здарыцца, або максымальна павысіць імавернасьць таго, што да гэтага ня дойдзе. Тое, чаго мы хацелі б, — гэта бачыць Украіну, якая ў стане вызваліць больш тэрыторый, адкінуць салдат прэзыдэнта Пуціна, і тады гэта можа стварыць умовы для перамоваў.
Ізноў жа Ўкраіна сама вырашае, якія ўмовы для перамоваў прымальныя, які прымальны вынік. Але мы ведаем: тое, што адбываецца за сталом перамоваў, непарыўна зьвязана з патэнцыялам на полі бою. Такім чынам, калі мы хочам шляхам перамоваў дасягнуць рашэньня, пры якім Украіна заўтра пераможа як незалежная сувэрэнная дзяржава, тады нам трэба аказаць ваенную падтрымку сёньня.
— Ці верыце вы, што Ўкраіна здольная вызваліць Крым ваенным шляхам, і ці гатовыя саюзьнікі па NATO падтрымліваць Украіну на гэтым шляху палітычна і практычна?
— Мы ўжо заявілі, што гатовыя падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца. Мы падтрымліваем права Ўкраіны на самаабарону ці абарону ўкраінскай тэрыторыі. Гэта права, замацаванае ў Статуце ААН. Тое, што мы зараз бачым, — гэта, несумненна, захопніцкая вайна супраць Украіны, і мы падтрымліваем права Ўкраіны на самаабарону. І будзем гэта рабіць колькі спатрэбіцца.