Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча гатовая адыгрываць большую ролю ў NATO адносна ядзернага стрымліваньня, але ня будзе разьмяшчаць у сябе ядзерную зброю


Генэнальны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда
Генэнальны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда

«Польшча патэнцыйна была б гатовая павялічыць свой удзел і супрацоўніцтва ў рамках ядзернага стрымліваньня NATO і ўзяць на сябе адказнасьць, але разьмяшчэньне ядзернай зброі — гэта нешта іншае», — заявіў Яцэк Севера, дарадца прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды ў пытаньнях бясьпекі, у інтэрвію нямецкаму агенцтву навінаў DPA.

Паводле высокапастаўленага польскага чыноўніка ў пытаньнях бясьпекі, Польшча разглядае большы ўдзел у сыстэме ядзернага стрымліваньня NATO, але ня будзе разьмяшчаць ядзерную зброю на польскай зямлі.

«Польшча патэнцыйна была б гатовая павялічыць свой удзел і супрацоўніцтва ў рамках ядзернага стрымліваньня NATO і ўзяць на сябе адказнасьць, але разьмяшчэньне ядзернай зброі — гэта нешта іншае», — сказаў Яцэк Севера, дарадца прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды.

Гэтыя камэнтары прагучалі праз некалькі дзён пасьля таго, як прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін абвясьціў аб плянах разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі.

ЗША на працягу дзесяцігодзьдзяў разьмяшчалі ядзерную зброю ў шэрагу эўрапейскіх краінаў.

Разьмяшчэньне ядзернай зброі ЗША ў краінах-саюзьніках мае назву nuclear sharing.

На пытаньне, ці хоча ён, каб Польшча мела ядзерную зброю на сваёй тэрыторыі, каб адчуваць сябе ў большай бясьпецы, Сівера адказаў: «Справа не ў пачуцьцях, а ў разьліках. У Эўропе ёсьць шмат амэрыканскай ядзернай зброі ў рамках праграмы nuclear sharing».

Але, дадаў ён, было б «нават лягчэй кіраваць тактычнай ядзернай зброяй з сучасным абсталяваньнем, з сучаснымі самалётамі».

Удзел Польшчы ў nuclear sharing пакуль абмяжоўваўся кансультацыямі, такімі як удзел у звышсакрэтных сустрэчах групы ядзернага плянаваньня NATO.

Прэзыдэнт Польшчы Дуда ў кастрычніку мінулага года выказаў зацікаўленасьць у большым удзеле Польшчы ў ядзерным стрымліваньні NATO.

У той час камэнтары Дуды былі ўспрынятыя як дэманстрацыя таго, што ён адкрыты для патэнцыйнага разьмяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыі Польшчы.

Акрамя Нямеччыны, ядзерная зброя ЗША, як паведамляецца, таксама разьмешчаная ў Нідэрляндах, Бэльгіі, Італіі і Турэччыне. Экспэрты мяркуюць, што ўсяго ў эўрапейскіх краінах разьмешчана каля 100 адзінак ядзернай зброі ЗША.

У ліпені ў Вільні павінен адбыцца саміт NATO, на якім можа больш дэталёва абмяркоўвацца будучыня ядзернага стрымліваньня NATO.

Краіны Балтыі пакуль не прасілі перамясьціць ядзерную зброю на ўсход.

Замест гэтага Латвія і Літва хочуць дамагчыся новых санкцый.

Плянаванае разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі ня новае і не ўяўляе большай пагрозы, чым Расея ў цэлым, заявіў у эфіры Латвійскага радыё амбасадар Латвіі ў NATO Эдгарс Скуя.

Міністар абароны Літвы Арвідас Анусаўскас паўтарыў гэтыя заявы, заявіўшы, што няма вострай неабходнасьці рэагаваць на пляны Расеі. «Абарона краіны NATO ад пагрозы ядзернай зброі гарантаваная, незалежна ад таго, разьмешчаная гэтая зброя на захад ад нашых межаў, на ўсход або на поўнач», — сказаў ён.

Ён меў на ўвазе той факт, што ядзерная зброя таксама можа знаходзіцца ў расейскім экскляве Калінінград на ўсходзе Літвы або ў раёне Санкт-Пецярбурга на поўначы.

Некалькі гадоў таму Расея разьмясьціла ў Калінінградзе ракеты «Іскандэр», якія могуць быць абсталяваны ядзернымі боегалоўкамі і мець радыус дзеяньня 500 кілямэтраў, што азначае, што яны могуць даляцець ажно да Нямеччыны.

Кіраўнік літоўскага войска Вальдэмарас Рупшыс назваў «нечаканым» тое, што такія ракеты разам з пераабсталяванымі самалётамі, здольнымі несьці тактычную ядзерную зброю, цяпер будуць перададзеныя ў Беларусь. Ён дадаў, што цяпер Літва не мае магчымасьцяў для захоўваньня ядзернай зброі.

Пляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае

25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».

Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.

У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».

Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.

Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.

Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:

«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.

Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.

16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».

Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».

9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.

13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.

19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.

Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG