Празь дзень пасьля затрыманьняў зь беларускіх праўладных тэлеграм-каналаў стала вядома, што сярод дзевяці затрыманых трое зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі. Гаворка пра Мікалая Маскаленку (1971 г. н.), Уладзіслава Пасьміцюху (1994 г. н.) і Марыю Мядзьведзеву (2004 г. н.). Польскія ўлады імёнаў не называюць, абмежаваўшыся інфармацыяй, што ўсе затрыманыя паходзяць з краін, разьмешчаных за “ўсходняй мяжой”.
Пра Мікалая Маскаленку пакуль мала што вядома, ён ня мае адкрытых профіляў у сацсетках. Аднак Уладзіслаў Пасьміцюха і асабліва Марыя Мядзьведзева актыўна карысталіся сацыяльнымі сеткамі.
Кінула БДУ, паехала ў Польшчу
Марыі Мядзьведзевай усяго 18 гадоў. У 2021 годзе яна скончыла гімназію №29 на вуліцы Мельнікайце ў Менску. У той жа год паступіла на журфак БДУ па спэцыяльнасьці «Інфармацыя і камунікацыя», адвучылася толькі адзін курс. Увосень 2022 году дзяўчына паступіла ў Эканамічна-гуманітурную акадэмію ў Варшаве на спэцыяльнасьць «паліталёгія».
Як можна меркаваць зь інстаграму і тыктоку Мядзьведзевай, з Уладзіславам Пасьміцюхам яе зьвязваюць даўнія блізкія стасункі. Яшчэ тры гады назад Марыя зьмясьціла ў сторыз сумесны здымак зь віншаваньнем з Днём сьвятога Валянціна. Былі і іншыя сумесныя здымкі, датаваныя 2020 годам. Зьяўляліся фота і сёлета ў сацсетцы TikTok.
Калі меркаваць па інстаграме дзяўчыны, то і ў Менску, і ў Варшаве яна вяла дастаткова актыўны лад жыцьця са шматлікімі паходамі па рэстаранах і кавярнях, шопінгам і падарожжамі. Ёсьць некалькі сторыз з пратэстамі 2020 году на Пушкінскай. «Патрыятычны лук», — падпісала дзяўчына сваё сэлфі ў бела-чырвоным швэдры, а таксама ўзяла ў абрысы сэрца бел-чырвона-белы сьцяг. Іншае сэлфі — з плякатам «Жыве Беларусь».
Пасьля пераезду ў Польшчу наведваць Беларусь Марыя, найхутчэй, не перастала. Аб гэтым сьведчаць здымкі з польска-беларускай мяжы, а таксама лякацыя Spichki bar, што на вуліцы Рэвалюцыйнай у Менску. На палітычныя ці беларускамоўныя паблікі ў сацсетцы «УКантакце» Мядзьведзева падпісаная не была.
Працаваў у Маскве, хацеў быць нянькай
Уладзіславу Пасьміцюху 28 гадоў. У яго ёсьць брат-блізнюк Віталь. У 2012 годзе браты разам паступілі ў МДЛУ. Праўда, Віталь на гішпанскую мову, а Ўладзіслаў — на францускую. У інтэрнэце і сёньня ёсьць абвесткі аб тым, што Віталь шукае для сябе вучняў для навучаньня гішпанскай мове, а вось Уладзіслаў, падобна, у лінгвістыку не пайшоў.
У інтэрнэце захавалася абвестка за сьнежань 2020 году, дзе Ўладзіслаў шукае працу нянькай.
«Так, я хлопец. І ў мяне вялікі інтарэс да працы зь дзецьмі. Я люблю даваць ім энэргію, час і шмат сілаў. Працаваў год у Маскве. Дзеці 4 і 6 гадоў. Абодва хлопчыкі, якія вельмі любілі мульцікі і іх цяжка было прымусіць палюбіць вучыцца».
Пасьміцюха прасіў заробак па 5 даляраў за гадзіну, за гэтыя грошы быў гатовы ня толькі няньчыцца зь дзецьмі, але і закупляць прадукты, дапамагаць у гатаваньні ежы, даглядаць свойскіх жывёлаў, мыць посуд і адказваць за бясьпеку дома.
Ёсьць яшчэ некалькі сувязяў Уладзіслава Пасьміцюха з Масквой. Хлопец зарэгістраваны на мадэльнай сацсетцы atr.one. Месцам жыхарства яго там пазначаная Масква. З гэтага сайту можна дазнацца некаторыя іншыя падрабязнасьці пра Ўладзіслава: рост 182 см, вочы зялёныя.
Старонка Пасьміцюхі ў сацыяльнай сетцы “УКантакце” закрытая. Пры дапамозе вэб-архіву можна паглядзець некаторыя зьвесткі зь яе, дык там пазначана месцам працы ТАА «НЕСИП». Кампанія з такой назвай маецца толькі ў Маскве.
Старонка Ўладзіслава ў Instagram адкрытая, там толькі па адным фатаздымку зь Менску, Варшавы і Брно, а таксама некалькі сторыз зь Вены.
Адзін з праўладных тэлеграм-каналаў зьмясьціў відэа з бацькамі Марыі і Ўладзіслава, дзе яны гавораць, што дзеці не маглі быць замяшаныя ў шпіёнскай дзейнасьці на карысьць Расеі.