На супрацоўніцу IT-кампаніі завялі крымінальную справу за данаты ў фонды салідарнасьці
Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа зь ператрусу ў супрацоўніцы IT-кампаніі «Гейм Стрым» Ксеніі Алькенавай. Паводле сілавікоў, у 2020-2021 гадах праз данаты ў Facebook яна зрабіла 9 унёскаў у фонды салідарнасьці на агульную суму $425. Цяпер на яе завялі крымінальную справу паводле артыкулу «Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці», піша«Вясна».
Паведамляецца, што падчас ператрусу ў Алькенавай знайшлі і канфіскавалі бел-чырвона-белы сьцяг, 20 000 даляраў і аргтэхніку.
ГУБАЗіК затрымаў знаёмых Яўгеніі Тачыцкай, якая нібыта датычная да дывэрсіі ў Мачулішчах
На «пакаяльным» відэа Кірыл і Ганна Маліноўскія гавораць амаль слова ў слова адзін і той жа завучаны тэкст пра ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе — нібыта праз «такіх дэструктыўных элемэнтаў, як Ціханоўская, Латушка, Калесьнікава і Яўгенія Тачыцкая», піша «Вясна».
Вядома, што Ганна працуе перакладчыцай у «Беларускай калійнай кампаніі».
Падчас ператрусу ў Маліноўскіх сілавікі забралі бел-чырвона-белыя сьцягі і майкі, страйкбольную і пнэўматычную стрэльбы, газавы пісталет, цьвёрдыя дыскі.
Затрымалі адміністратара чату «97% Серабранка»
Затрыманы 26-гадовы Арцём Караткевіч. Ён родам з Рагачова, вучыўся ў Гомельскім дзяржаўным тэхнічным унівэрсытэце імя Сухога на спэцыяльнасьці «Аўтаматызацыя тэхналягічных працэсаў і вытворчасьцяў». Некалькі гадоў таму хлопец пераехаў у Менск, жыў на вуліцы Малініна. Апошнім часам працаваў афіцыянтам.
У відэа сілавікоў Арцём кажа, што яго затрымалі «за мадэрацыю чату „97% Серабранка“». Губазікаўцы пагражаюць яму крымінальнай справай, піша «Наша ніва».
Разграмілі кватэру гомельскага валянтэра Ільлі Міронава
Гомельскі валянтэр Ільля Міронаў па вяртаньні дахаты ўбачыў, што ягоная кватэра знаходзіцца ў разгромленым выглядзе: кнігі і рэчы павыкіданыя з шафаў, у хаце вэрхал.
На гэты момант таксама невядома, дзе знаходзіцца ягоная маці Валянціна Міронава. Паводле Міронава, гэта ўжо 6-ы ператрус з 2020 году ў ягонай кватэры.
На днях Ільля выйшаў на волю пасьля чарговага арышту.
У Горадні затрымалі Кацярыну Шуст
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманьне жыхаркі Горадні Кацярыны Шуст. На «пакаяльным» відэа дзяўчына «прызнаецца» ў тым, што ў сваіх сацсетках распаўсюджвала «экстрэмісцкія» матэрыялы, а таксама нібыта прайшла рэгістрацыю ў чат-боце пляну «Перамога».
Адметна, што на відэа дзяўчына гаворыць на беларускай мове. Раней былыя вязьні расказвалі, што сілавікі не дазвалялі запісваць «пакаяльныя» відэа па-беларуску.
Грамадзкія работы, штраф і арышт — у Воршы прайшлі палітычныя «адміністрацыйныя» працэсы
24 лютага ў Воршы судзілі адразу дваіх чалавек за правядзеньне «пікетаваньня» ў сацсетках. У адным з выпадкаў пікетам палічылі разьмяшчэньне ў Фэйсбуку фатаздымка зь вядомым музыкам — за сьпінай у людзей вісеў бел-чырвона-белы сьцяг. Вынік — 50 гадзін грамадзкіх работ, піша Orsha.eu.
У другім выпадку жанчына таксама нешта разьмясьціла ў сацсетцы з выявай нацыянальных сымбаляў. Ёй прызначылі 50 базавых велічыняў штрафу.
Празь некалькі дзён у Воршы судзілі яшчэ аднаго мужчыну, якога затрымалі раней, ён знаходзіўся да суду ў ІЧУ. У яго на старонцы ў сацсетках было знойдзена відэа нейкага канала зь лягатыпам, які суд прызнаў «экстрэмісцкім». Яму прызначылі 10 дзён арышту.
У Магілёве затрымалі кандыдатку біялягічных навук
У Магілёве пад масавую хвалю затрыманьняў беларусаў за грамадзянскую пазыцыю трапіла кандыдатка біялягічных навук Натальля Мартусевіч, паведамляе «Наша ніва».
Натальлі Мартусевіч 47 гадоў. У 1993 годзе яна закончыла Магілёўскі абласны ліцэй і пайшла на біяфак Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова, які скончыла з адзнакай у 1998 годзе. Праз 4 гады жанчына абараніла кандыдацкую дысэртацыю па спэцыяльнасьці «Фізіялёгія». З 2004 году Натальля працуе дацэнтам ва ўнівэрсытэце.
Відэа з Натальляй выйшла на днях на канале магілёўскага ГУБАЗіКу, паведамляе «Наша ніва». Там яна кажа, што «пісала ў экстрэмісцкіх чатах» і «зарэгістравалася ў пляне „Перамога“». Сілавікі пагражаюць ёй крымінальнай справай і ўзяцьцем пад варту.
Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні ў Янаве
Як паведамляе @viasna_brest, у панядзелак 13 сакавіка ў Янаве Берасьцейскай вобласьці адбыліся масавыя арышты. Затрымалі як мінімум 4 чалавек. Каго і за што, невядома.
У Гарадку затрымалі сябра ЦРК БСДП Лявона Гаравога
Да суду, які павінен адбыцца 16 сакавіка, Гаравы зьмешчаны ў ізалятар, паведамляе тэлеграм-канал Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі.
Вядома, што дома ў актывіста адбыўся ператрус. Вінавацяць яго ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў.
У Глыбокім затрымалі бодзібілдэра Аляксандра Шарабайку
Затрыманы вядомы бодзібілдэр Аляксандар «Арні» Шарабайка з Глыбокага. Пра гэта ў Facebook паведаміў краязнаўца Кастусь Шыталь.
Паводле яго, акрамя адміністрацыйнай справы, Шарабайку можа пагражаць крымінальная за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Перадачы ад блізкіх не прымаюць.
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», яго затрымалі 13 сакавіка і пазьней асудзілі на 13 дзён арышту. У яго і ягонай жонкі Алены забралі тэлефоны.
Пасьля выбараў Шарабайку некалькі разоў адпраўлялі на «суткі» за ўдзел у пратэстах і за бел-чырвона-белы сьцяг на хаце. У ліпені 2021 году яго затрымлівалі на тры дні «праз падазрэньне ў зьдзяйсьненьні злачынства».
Праваабаронцу Марфу Рабкову ўнесьлі ў «тэрарыстычны сьпіс»
КДБ абнавіў сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці» — там зьявіліся прозьвішчы яшчэ 11 чалавек. Сярод іх Дзьмітры Слук, Аляксандар Мілашэўскі, Вадзім Васільеў, Аляксандар Сідарэнка, Аляксандар Францкевіч, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Андрэй Чапюк, Віталь Енаровіч, Аляксандар Сумар.
Цяпер у «тэрарыстычным сьпісе» 1037 чалавек, зь іх 289 — беларусы.