У Горадні затрымалі супрацоўніка «Гродна Азот». 44-гадовага Максіма Сеньніка ўзялі пад варту і зьмясьцілі ў СІЗА турмы № 1 Гродна, піша @nebovkletku.
На «пакаяльным» відэа затрыманы кажа, што «прытрымліваўся апазыцыйных поглядаў і ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Таксама быў сябрам незалежнага прафсаюзу ААТ „Гродна Азот“».
Таксама ён нібыта ў Telegram-каналах абражаў Лукашэнку, прадстаўнікоў улады, міліцыянтаў, перадаваў інфармацыю тэлеканалу «Белсат».
У Сяньне юнака асудзілі за сарваны сьцяг
Прозьвішча асуджанага 25 студзеня маладзёна праваабаронцы пакуль ня ведаюць — ягоны суд так і не зьявіўся ў публічнай базе судовых працэсаў.
Па матэрыялах абвінавачаньня, малады хлопец, які працуе лябарантам, пасьля 11 гадзін вечара ішоў з дому ў бар і па дарозе на мясцовай канторы раённага спажыўтаварыства ўбачыў чырвона-зялёны сьцяг. Ён падскочыў, каб сарваць яго, але зь першага разу гэта не ўдалося — сьцяг вісеў досыць высока. Таму давялося падскокваць яшчэ раз. Другі раз быў пасьпяховым, і, акрамя самога палотнішча, ўніз паляцелі і часткі канструкцыі, да якой сьцяг быў прымацаваны, паведамляе orsha.еu.
У выніку юнаку вынесьлі пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі тэрмінам на 1,5 года («хатняй хіміі») за абразу дзяржаўнага сымбаля, а таксама прызначылі кампэнсацыю дробных страт для ўладальніка сьцяга.