Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 14 сакавіка: арыштавалі сустваральніка самвыдата «Pamylka»; затрымалі фатографа Дзьмітрыя Баяровіча з жонкай


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Стала вядома пра затрыманьне шэрагу людзей па ўсёй Беларусі.

У Менску арыштавалі сустваральніка самвыдата «Pamylka»

У Менску затрымалі Юрыя Адамава. Сувязь зь ім зьнікла на мінулым тыдні. Пра затрыманьне паведамілі калегі Юрыя.

Нагода затрыманьня невядомая, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Юрый Aдамаў — удзельнік беларускай супольнасьці за свабоднае праграмнае забесьпячэньне, а таксама сустваральнік навукова-папулярнага самвыдата «Pamylka».

Хваля затрыманьняў па ўсёй Беларусі

«Наша ніва» зьвярнула ўвагу на тое, што газэта «СБ. Беларусь сегодня» вярнулася да практыкі публікацыі відэа з затрыманымі. 14 сакавіка там выйшлі відэа зь сям’ю людзьмі, да якіх прыходзілі сілавікі.

  • Адным з затрыманых стаў 66-гадовы Аляксандар Леаненка з вёскі Рамаўцы Бабруйскага раёна. Яму закідаюць удзел у пратэсьце 30 жніўня 2020 года. У яго дома, як паведамляецца, таксама знайшлі шмат беларускай сымболікі.
  • Затрымалі таксама 41-гадовага Паўла Эціна з Гомеля. Ён працуе загадчыкам навукова-дасьледчай лябараторыі «Транспартныя сродкі» у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце транспарту. Яго абвінавацілі ў «экстрэмісцкім» рэпосьце на старонцы ў фэйсбуку і прысудзілі 15 сутак арышту.
  • Таксама выйшла відэа з 27-гадовым Вячаславам Архіпенкам. Ён ураджэнец Жлобіна, некалі праходзіў службу ў спэцназе. Мужчыну закідаюць «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў».
  • Затрымалі і 28-гадовага чыгуначніка з Гомеля Сяргея Філева. Невядома, у чым яго абвінавацілі, але ў відэа ён кажа, што некалі быў падпісаны на «дэструктыўныя каналы» і схадзіў на пару мітынгаў, але «перастаў цікавіцца палітыкай».
  • 44-гадовы фатограф з Мазыра Дзьмітрый Зоцікаў таксама быў затрыманы. У мужчыны ёсьць малы сын. У відэа сілавікоў ён распавядае, што нібыта быў падпісаны на «каналы і рэсурсы, прызнаныя дэструктыўнымі», «дасылаў інфармацыю ў чат-бот „Голас“», а таксама дагэтуль падпісаны на незалежную прэсу.
  • Яшчэ адным затрыманым стаў пэнсіянэр Мікалай Бельскі. Мужчына распавядае, што быццам некалі чытаў «экстрэмісцкія каналы», але пасьля перастаў.

У Менску разам з жонкай затрымалі фатографа і журналіста Дзьмітрыя Баяровіча

Праваабаронцы апублікавалі відэа затрыманьня. Дзьмітрыя і Валерыю Баяровічаў затрымалі раніцай 14 сакавіка ў Бараўлянах.

На відэа з камэр назіраньня бачна, як мужчыну, які выйшаў на вуліцу ў 8:11, паклалі на зямлю сілавікі. Бачна, што да затрыманага хутка падбегла ягоная жонка. Потым сілавікі разам зь Дзьмітрыем і Валерыяй пайшлі ў кватэру, дзе пазьней адбыўся ператрус. Празь 10 хвілін — у 8:22 — сілавікі вывелі Дзьмітрыя і пасадзілі ў бусік. Праз 40 хвілін — а 9-ай раніцы — з пад'езда вывелі і Валерыю. Яе таксама пасадзілі ў мікрааўтобус і кудысьці павезьлі.

Праваабаронцам вядома, што раней Дзьмітры Баяровіч працаваў на СТВ, але ў 2020 годзе звольніўся адтуль.

У Полацку зноў затрымалі актывіста Віктара Стукава

Паведамляецца, што да гэтага затрымалі ягоную жонку. На Віктара складзелі два пратаколы, аднак па якой справе пратаколы, пакуль не вядома, піша «Вясна».

У Горадні затрымалі супрацоўніка «Гродна Азот» і сябра незалежнага прафсаюза

Гэта 44-гадовы Максім Сеньнік. Мужчыну ўзялі пад варту і зьмясьцілі ў СІЗА турмы №1 Горадні, піша @nebovkletku. На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што «прытрымліваўся апазыцыйных поглядаў і ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Таксама зьяўляўся сябрам незалежнага прафсаюза ААТ «Гродна Азот»».

Таксама ён нібыта ў Telegram-каналах абражаў Лукашэнку, прадстаўнікоў улады, міліцыянтаў, перадаваў інфармацыю тэлеканалу «Белсат».

У Слуцку па «справа Зельцара» асудзілі бацьку чацьвярых дзяцей

У Слуцкім раённым судзе вынесьлі прысуд Арцёму Анцічу, якога абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядаў судзьдзя Аляксандар Тарасюк, паведамляе «Вясна».

Паводле матэрыялаў абвінавачваньня, Анціч на пэрсанальнай старонцы ва «Укантакце» разьмясьціў камэнтар у дачыненьні да супрацоўніка КДБ Беларусі, «які нэгатыўна ацэньвае яго, тым самым абразіў прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў».

На ўтрыманьні Арцёма чацьвёра непаўнагадовых дзяцей, і таму суд прызначыў яму пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі на тэрмін тры гады без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») са штрафам у памеры 100 базавых велічынь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG