14 сакавіка пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Белые халаты». Па зьвестках, на якія спасылаецца канал, былі затрыманыя ня менш за 20 спэцыялістаў.
Таксама «Белые халаты» пішуць, што падчас допытаў ад псыхолягаў і псыхіятраў патрабуюць парушыць закон аб мэдычнай таямніцы і дакладваць пра «нядобранадзейных» пацыентаў, якія прыходзілі да іх на прыём.
Свабодзе інфармацыю пра затрыманьні пацьвердзілі адразу зь некалькіх крыніц. Дакладна вядома пра затрыманьне некалькіх спэцыялістаў.
Прычына затрыманьня невядомая. Некаторых псыхолягаў адпусьцілі адразу пасьля затрыманьня, іншых працягваюць утрымліваць пад вартай.
«Міліцыянты падпісалі яе на „экстрэмісцкія“ каналы, і суд даў 15 сутак»
Большасьць арыштаў адбыліся ў Менску. Таксама Свабодзе вядома пра затрыманьне беларускі, якая працуе псыхатэрапэўтам у адным з абласных цэнтраў. Гэта здарылася яшчэ 10 сакавіка.
«Затрымалі на працы. Яна была вельмі асьцярожная, і дакладна магу сказаць, што ня мела аніякіх падпісак на „экстрэмісцкія“ каналы. Можа, адзіная з зачэпак, што пасьля пачатку расейскай агрэсіі яна выстаўляла ў сацыяльных сетках сьцяг Украіны», — расказала Свабодзе крыніца, абазнаная ў сытуацыі.
Псыхатэрапэўтку зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
«Удалося даведацца, што ў камэрах, як мужчынскіх, так і жаночых, былі спрэс „экстрэмісты“. Для іх не прымалі ніякіх перадач, у тым ліку сродкаў гігіены. Калі чалавеку трэба ў прыбіральню, то ён мусіць прасіць у канвойнага шматок туалетнай паперы. Гэта такая практыка, каб максымальна прынізіць чалавека. Людзі сядзяць бяз мыла, зубных шчотак, пасты. У іх няма матрацаў, падушак, бялізны. Праз кожныя дзьве гадзіны — „праверка“, трэба назваць імя, прозьвішча, адміністрацыйны артыкул. Ноччу не даюць спаць, перакідаюць з камэры ў камэру», — расказала крыніца Свабоды.
Што тычыцца затрыманай псыхатэрапэўткі, то крыніца паведаміла, што міліцыянты самі падпісалі яе на «экстрэмісцкія» каналы, бо не знайшлі ў тэлефоне аніякага «кампрамату». Судзілі яе за «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў» (артыкул 19.11 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях), далі 15 сутак арышту.