Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За ўдзел у пратэстах культуроляга Зарэцкую і бізнэсоўца Караўца пакаралі калёніяй


Аксана Зарэцкая
Аксана Зарэцкая

Аксане Зарэцкай прысудзілі 1,5 года калёніі, Багдану Караўцу — 2 гады.

Вырак трэнэрцы па этыкеце і заснавальніку кампаніі Astronim агучылі 14 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёну Менску, паведаміла Каардынацыйная рада.

Аксану Зарэцкую і Багдана Караўца асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваных масавых акцыях пратэсту. У абаіх ёсьць непаўналетнія дзеці.

Іх абвінавачваюць паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Справу ў судзе Маскоўскага раёну Менску разглядала судзьдзя Кацярына Мурашка.

Падчас судовых спрэчак абаронца падкрэсьліла, што парушэньне закону, якое інкрымінуюць Аксане і Багдану, адбылося больш за 2 гады таму, з таго часу абвінавачаныя ніякіх законаў не парушалі, працавалі на карысьць краіны і не пераехалі, нягледзячы на такую магчымасьць. У якасьці зьмякчальных абставінаў абаронца таксама давяла сямейныя складанасьці ў абаіх абвінавачаных. У бацькі Аксаны Зарэцкай праблемы са здароўем, Багдан выхоўвае дзіця з інваліднасьцю.

У сваім апошнім слове Аксана Зарэцкая папрасіла прабачэньня ў сям’і за тыя выпрабаваньні, якія ім давялося вытрымаць у сувязі зь яе пазбаўленьнем волі.

«Я думала, што магу перажыць любое пакараньне, але разьвітаньне з роднымі і выпрабаваньні для блізкіх — самае складанае», — адзначыла Аксана.

Зарэцкую затрымалі 13 студзеня 2023 году. З таго часу яна знаходзіцца ў менскім СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага. 24 кастрычніка 2022 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара кампаніі Astronim Багдана Караўца. Суд пачаўся 10 сакавіка.

Зарэцкую судзілі разам з палітзьняволеным заснавальнікам кампаніі Astronim і фэстывалю маркетынгу і рэклямы «Белы квадрат» Багданам Караўцом.

Хто такая Зарэцкая

Аксана Зарэцкая — сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады, трэнэрка ў этыкеце і бізнэс-камунікацыях, культуралягіня, магістарка пэдагогікі. Мае дваіх дзяцей.

Аксана Зарэцкая вядомая сваімі лекцыямі пра культуру, майстар-клясамі ў этыкеце, публікацыямі і тэлевыступамі. Яна стваральніца Школы дзелавой культуры і этыкету, выкладчыца культуралёгіі і эстэтыкі, філязофіі і дыпляматычнага пратаколу. Валодае францускай і ангельскай мовамі. Суарганізатарка першага ў Беларусі Венскага балю, традыцыя якога ўключаная ў сьпіс нематэрыяльнай спадчыны UNESCO.

Ад жніўня 2020 году Аксана Зарэцкая ўваходзіла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады, дзе займалася пытаньнямі арганізацыі сходаў і навучаньня мясцовых суполак, а таксама праводзіла лекцыі-сустрэчы пра нізавую дэмакратыю і прынцыпы самакіраваньня на прыкладзе Швайцарыі, дзе яна пражыла больш за 10 гадоў.

Хто такі Каравец

24 кастрычніка стала вядома пра затрыманьне дырэктара кампаніі Astronim Багдана Караўца. Гэтая кампанія ўзьнікла яшчэ ў 2000 годзе, займаецца распрацоўкай сайтаў пад розныя задачы і комплекснымі інтэрнэт-рашэньнямі: кансалтынг, маркетынг, праграмаваньне, дызайн і рэкляма ў інтэрнэце.

25 кастрычніка блізкі да ГУБАЗіК тэлеграм-канал выклаў відэа, на якім Каравец гаворыць, што затрыманы за ўдзел у пратэставых маршах 2020 году.

У кейсе кампаніі больш за 1000 розных праектаў. Адзін зь іх — распрацоўка сайту ды іншых прадуктаў для банку БелВЭБ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG