Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Украіны папярэдзіў УПЦ Маскоўскага патрыярхату аб патрэбе пакінуць Кіева-Пячорскую ляўру


Кіева-Пячорская ляўра. Ілюстрацыйнае фота
Кіева-Пячорская ляўра. Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраінскай праваслаўнай царкве назвалі ліст-папярэжаньне міністэрства «ультыматумам» і параўналі яго зь дзеяньнямі савецкіх уладаў.

Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны паведаміла прадстаўніцтву Расейскай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне (яна зарэгістраваная як Ўкраінская праваслаўная царква, УПЦ. — РС) аб разрыве дамовы аб бясплатным выкарыстаньні Кіева-Пячорскай ляўры.

«Дагавор бясплатнага карыстаньня УПЦ Кіева-Пячорскай ляўрай разрываецца з 29 сакавіка 2023 году. Гэта датычыць усіх памяшканьняў, якія арандуе УПЦ у Ляўры», — паведаміў міністар культуры і інфармацыйнай палітыкі Аляксандар Ткачэнка.

Аляксандар Ткачэнка
Аляксандар Ткачэнка

Паводле яго, падставай для гэтага рашэньня сталі зафіксаваныя парушэньні ўмоў карыстаньня дзяржаўнай маёмасьцю.

Ва Ўкраінскай праваслаўнай царкве назвалі ліст-папярэжаньне міністэрства «ўльтыматумам» і параўналі яго зь дзеяньнямі савецкіх уладаў. На афіцыйным сайце арганізацыі адзначаецца, што ў лісьце не пазначаны юрыдычныя падставы разарваньня дамовы.

«Таму адзінай падставай для адсяленьня манахаў з праваслаўнай сьвятыні зьяўляецца толькі выдаваньне жаданага за сапраўднае чыноўнікамі зь Міністэрства культуры, як гэта было пры савецкай уладзе ў 60-х гадах мінулага стагодзьдзя», — адзначаецца ў паведамленьні УПЦ МП.

Настаяцель Кіева-Пячорскай ляўры Паўло Лебедзь і кіраўнік УПЦ (Маскоўскага патрыярхату) мітрапаліт Ануфрый. Кіеў, 27 ліпеня 2016
Настаяцель Кіева-Пячорскай ляўры Паўло Лебедзь і кіраўнік УПЦ (Маскоўскага патрыярхату) мітрапаліт Ануфрый. Кіеў, 27 ліпеня 2016

Цяпер на тэрыторыі Кіева-Пячорскай ляўры пачалі працаваць рабочыя групы, які праводзяць інвэнтарызацыю маёмасьці. Украінскія СМІ паведамляюць, што цягам трох дзён на тэрыторыі ляўры выявілі 36 незаконна пабудаваных аб’ектаў камэрцыйнага, а не манастырскага прызначэньня.

Ва УПЦ заявілі, што гэтыя рабочыя групы ствараліся з парушэньнем юрыдычных нормаў.

Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату выкарыстоўвала Кіева-Пячорскую ляўру на правах бестэрміновай арэнды. Раней такія дамовы падпісваліся на пэўны тэрмін, але ў час прэзыдэнцтва Віктара Януковіча зьмянілі нарматыўную базу, якая дазволіла падпісваць дамовы арэнды храмаў на неабмежаваны тэрмін. Усе гістарычныя ляўры Ўкраіны, у тым ліку Кіева-Пячорская, знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці.

2 сьнежня 2022 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзеньні ў дзеяньне рашэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, якім прадугледжана забарона дзейнасьці ва Ўкраіне афіляваных з цэнтрамі ўплыву ў Расеі рэлігійных арганізацый.

Згодна з указам прэзыдэнта, урад цягам двух месяцаў мусіць распрацаваць і ўнесьці на разгляд у парлямэнт адпаведны законапраект.

Адзінай рэлігійнай арганізацыяй, якая мае сувязь з Расейскай праваслаўнай царквой, зьяўляецца Ўкраінская праваслаўная царква, якую ачольвае мітрапаліт Ануфрый. Летась у траўні на зборах Сыноду гэтай царквы з статуту прыбралі згадваньне аб Маскоўскім патрыярхаце. Але ў грамадзтве яе па-ранейшаму называюць Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП).

З канца лістапада 2022 году сьледчыя Службы бясьпекі і Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны правялі вобшукі ў эпархіях УПЦ МП. Па іх выніках некалькім сьвятарам уручылі падазрэньні аб апраўданьні расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Першага сьнежня 2022 году ва Ўкраіне зарэгістравалі статут Сьвята-Ўсьпенскай Кіева-Пячорскай ляўры (мужчынскага манастыра) Праваслаўнай царквы Ўкраіны, якая чатыры гады таму атрымала Томас Канстантынопальскай царквы.

Сёлета ў студзені Праваслаўная царква Ўкраіны (ПЦУ) атрымала дазвол украінскіх уладаў на адпраўленьне першай службы ва Ўсьпенскім саборы Кіева-Пячорскай ляўры. У той жа час самастойная ўкраінская царква пакуль не атрымала ў сталае карыстаньне ніводнага памяшканьня Кіева-Пячорскай ляўры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG