Праваслаўная царква Ўкраіны (ПЦУ), незалежная ад Расейскай праваслаўнай царквы, атрымала дазвол уладаў на адпраўленьне першай богаслужбы ва Ўсьпенскім саборы Кіева-Пячорскай ляўры.
Да 1 студзеня Кіева-Пячэрскую лаўру і большую частку яе храмаў на правах бестэрміновай арэнды выкарыстоўвала Ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату. Раней такія дамовы падпісваліся на пэўны тэрмін, але ў час прэзыдэнцтва Віктара Януковіча зьмянілі нарматыўную базу, якая дазволіла падпісваць дагаворы арэнды храмаў на неабмежаваны тэрмін.
У канцы 2022 году ўлады Ўкраіны адмовіліся ад падоўжаньня дамовы аб арэндзе. Калі гэта адбылося, ПЦУ зьвярнулася да ўладаў па магчымасьць правесьці службу ў галоўным храме Кіева-Пячорскай ляўры. Усе гістарычныя ляўры Ўкраіны знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці.
Першую службу, а гэта будзе сьвяточная літургія з нагоды Раства Хрыстовага, адправіць кіраўнік ПЦУ, мітрапаліт Кіеўскі і ўсёй Украіны Эпіфаній. Яна адбудзецца 7 студзеня.
У пачатку сьнежня 2022 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзеньні ў дзеяньне рашэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, якім прадугледжана забарона дзейнасьці ва Ўкраіне афіляваных з цэнтрамі ўплыву ў Расеі рэлігійных арганізацый.
Згодна з указам прэзыдэнта, урад цягам двух месяцаў мусіць распрацаваць і ўнесьці на разгляд у парлямэнт адпаведны законапраект.
Адзіная рэлігійная арганізацыя, якая мае сувязь з Расейскай праваслаўнай царквой, зьяўляецца Ўкраінская праваслаўная царква, якую ачольвае мітрапаліт Ануфрый. Сёлета ў траўні на зборах Сыноду гэтай царквы з статуту прыбралі згадку аб Маскоўскім патрыярхаце. Але ў грамадзтве яе па-ранейшаму называюць Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП).