Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне забаранілі рэлігійныя арганізацыі з цэнтрам у Расеі. УПЦ Маскоўскага патрыярхату пад пагрозай


Ператрус у Кіева-Пячэрскай ляўры, у якой знаходзіцца духавенства УПЦ Маскоўскага патрыярхату. 22 лістапада 2022
Ператрус у Кіева-Пячэрскай ляўры, у якой знаходзіцца духавенства УПЦ Маскоўскага патрыярхату. 22 лістапада 2022

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзеньні ў дзеяньне рашэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, якім прадугледжана забарона дзейнасьці ва Ўкраіне афіляваных з цэнтрамі ўплыву ў Расеі рэлігійных арганізацый.

Згодна з указам прэзыдэнта, урад цягам двух месяцаў мусіць распрацаваць і ўнесьці на разгляд у парлямэнт адпаведны законапраект.

Якой царкве пагражае забарона

Ва Ўкраіне дзейнічае некалькі праваслаўных цэркваў, але найбольш прадстаўнічыя — Праваслаўная царква Ўкраіны (ПЦУ, атрымала прызнаньне Канстантынопальскага патрыярхату ў 2019 годзе) і Ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату, якая, па сутнасьці, зьяўляецца прадстаўніцтвам Расейскай праваслаўнай царквы і падпарадкоўваецца патрыярху Кірылу.

Распачатая Расеяй 24 лютага поўнамаштабная вайна ва Ўкраіне прыскорыла працэс пераходу прыходаў Маскоўскага патрыярхату пад крыло ПЦУ. Адначасова ўвагу да гэтай гэтай царквы ўзмацнілі і праваахоўныя органы Ўкраіны.

Вернікі самі на замок зачынялі цэрквы ад «маскоўскіх» сьвятароў

На момант стварэньня незалежнай Украінскай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне дзейнічала 12 тысяч рэлігійных грамадаў Маскоўскага і 4 тысячы — Кіеўскага патрыярхату, на базе якога і стваралася Праваслаўная царква Ўкраіны.

Працэс пераходу пачаўся адразу пасьля атрыманьня Томасу і юрыдычнай рэгістрацыі ва Ўкраіне, але ён адбываўся досыць марудна і часам балюча. Вернікам, асабліва на захадзе Ўкраіны, даводзілася дзейнічаць радыкальна — пасьля правядзеньня збораў і ўхваленьня рашэньня аб пераходзе прыходу ў падпарадкаваньне ПЦУ ім даводзілася вешаць замкі на свае храмы, каб іх не абрабавалі сьвятары, якія выступалі супраць пераходу і заставаліся ў Маскоўскім патрыярхаце.

На пачатак вайны ПЦУ павялічыла колькасьць сваіх прыходаў да 7 тысяч. Цяпер ніводная з праваслаўных цэркваў не агучваюць дакладнай лічбы пераходаў.

Прыйшлі зь ператрусамі пасьля сьпеваў аб адраджэньні Расеі

Да павелічэньня ўплыву Праваслаўнай царквы Ўкраіны, пэўна, падштурхне і выкрыцьцё цэнтраў «русского мира», якія ствараліся і дзейнічалі ў храмах УПЦ Маскоўскага патрыярхату.

З 23 лістапада праваахоўныя органы Ўкраіны ў межах антытэрарыстычных захадаў пачалі праводзіць ператрусы ў эпархіях. Першай стала Сьвята-Ўсьпенская Кіева-Пячэрская ляўра ў Кіеве — галоўны храм УПЦ МП. Па выніках СБУ выставіла падазрэньні ў апраўданьні расейскай агрэсіі аднаму зь сьвятароў ляўры, на богаслужэньні якога сьпявалі песьню аб абуджэньні вялікай Расеі.

Цяпер Служба бясьпекі Ўкраіны праводзіць «захады бясьпекі» ва ўсіх эпархіях УПЦ МП — у Ровенскай, Жытомірскай і Закарпацкай. Там, дзе ўжо правялі ператрусы, знайшлі шмат прапагандысцкай расейскай літаратуры, выдадзенай у расейскіх друкарнях.

«Улічваючы ўзброеную агрэсію Расеі, гэтыя захады праводзяцца, у тым ліку, для таго, каб папярэдзіць выкарыстаньне рэлігійных грамад у якасьці асяродкаў „русского мира“, а таксама правакацыі і тэрарыстычныя акты», — падкрэсьлілі ў СБУ.

У Львове і Луцку патрабуюць забараніць расейскую царкву

Уражаныя вынікамі ператрусаў у храмах УПЦ МП, дэпутаты Львоўскай абласной рады ўхвалілі рашэньне аб неабходнасьці забароны дзейнасьці рэлігійных арганізацый УПЦ МП на тэрыторыі вобласьці.

Адначасова дэпутаты абласной рады зьвярнуліся да калег Вярхоўнай Рады з прапановай на заканадаўчым узроўні забараніць царкву, кіроўны орган якой знаходзіцца ў дзяржаве, якая чыніць ваенную агрэсію супраць Украіны і акупавала частку ўкраінскай тэрыторыі.

З аналягічнымі патрабаваньнямі выступілі і дэпутаты Луцкай гарадзкой рады.
Аднак экспэрты мяркуюць, што цяпер гэта будзе зрабіць складана, бо Ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату фармальна «вычысьціла» у сваіх статутных дакумэнтах згадкі пра прыналежнасьць да Расейскай праваслаўнай царквы.

Гэта адбылося на саборы сёлета ў траўні пасьля таго, як у сакавіку ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны зарэгістравалі праект закону аб забароне дзейнасьці Маскоўскага патрыярхату і нацыяналізацыі ўсёй яго ўласнасьці на тэрыторыі Ўкраіны. Але той закон так і не ўхвалілі.

У канцы лістапада ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны зарэгістравалі яшчэ адзін законапраект аб забароне Расейскай праваслаўнай царквы і ўсіх устаноў і рэлігійных арганізацый, якія ўваходзяць у яе склад або прызнаюць падпарадкаваньне гэтай царкве.

«Рэлігія мабілізуе людзей ня так, як палітычныя партыі, грамадзкія арганізацыі ці прафсаюзы. Таму, калі мы гаворым аб УПЦ, якая вычысьціла са сваіх статутных дакумэнтаў згадкі аб Маскоўскім патрыярхаце, то мы найперш мусім думаць не пра дывэрсантаў, якіх злавіла СБУ, а пра тое, што шмат гадоў яна атручвала сваю паству. Тыя ідэалягемы, якія яна закідвала, — капітулянцкія: размовы аб тым, што калі ідзе вайна, то гэта выгадна ўкраінскім алігархам. Яны заўсёды зьвярталіся з патрабаваньнем міру да ўкраінскага ўраду і ніколі да Масквы», — сказаў у эфіры Ўкраінскага радыё экспэрт у пытаньнях рэлігіі Віктар Яленскі.

«Калі яны цяпер кажуць аб тым, што іхныя вернікі змагаюцца на фронце, то гэта сапраўды так, але яны не заклікалі сваіх вернікаў на супраціў агрэсару. Наадварот, як сказаў адзін з япіскапаў, — гэта вайна амэрыканскіх імпэрыялістаў і «не аддавайце нашых хлопчыкаў на гэтую вайну», — падкрэсьліў Віктар Яленскі.

У канцы лістапада ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны зарэгістравалі яшчэ адзін законапраект аб забароне Расейскай праваслаўнай царквы і ўсіх устаноў і рэлігійных арганізацый, якія ўваходзяць у яе склад або прызнаюць падпарадкаваньне гэтай царкве.

УПЦ МП адмаўлялася адпраўляць паніхіду па загінулых на вайне

Вернікі масава пачалі сыходзіць з УПЦ Маскоўскага патрыярхату пасьля таго, як у некалькіх прыходах мясцовыя сьвятары адмаўляліся адпраўляць паніхіды па загінулых на вайне ўкраінскіх вайскоўцаў.

Такія факты мелі месца ня толькі на пачатку вайны, але і цяпер. Некалькі дзён таму ў Дніпры адбылася акцыя пратэсту супраць УПЦ МП. На яе выйшлі сваякі загінулых украінскіх герояў.

У той жа час Царква Маскоўскага патрыярхату актыўна асьвятляе свае гуманітарныя акцыі, накіраваныя на дапамогу жыхарам дэакупаваных тэрыторый і ўцекачам з акупаваных населеных пунктаў.

Кіева-Пячэрскую ляўру хацелі падзяліць

Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату выкарыстоўвае найбольшыя гістарычныя храмы і ляўры.

Адзін з такіх гістарычных храмаў — Сьвятагорская ляўра на Данеччыне — цяпер амаль цалкам зьнішчаная ў выніку расейскіх абстрэлаў.

УПЦ МП выкарыстоўвае цэрквы на падставе дагавораў арэнды. У час прэзыдэнцтва Віктара Януковіча такія дагаворы пачалі падпісвацца на неабмежаваны тэрмін.

Сёлета ў чэрвені кіраўнік Праваслаўнай царквы Ўкраіны мітрапаліт Эпіфаній зьвярнуўся ў Кабінэт міністраў з просьбай перадаць адзін з храмаў на тэрыторыі Кіева-Пячэрскай Ляўры для стварэньня свайго манастыра.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG