Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Царкоўная дэмакратыя падчас вайны. Ва Ўкраіне паступова пераходзяць на сьвяткаваньне Калядаў 25 сьнежня


Малюнак Аляксей Кустоўскага «Новае Раство»
Малюнак Аляксей Кустоўскага «Новае Раство»

Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага істотна паўплывала на сьвядомасьць украінскіх грамадзян. Усё больш украінцаў пераходзяць на ўкраінскую мову ў побыце, адмаўляюцца ад твораў расейскай культуры і ўсяго, што зьвязана з Расеяй.

Зьмены закранулі і рэлігійнае жыцьцё Ўкраіны. Усё больш украінцаў сёлета ўпершыню вырашылі перайсьці на сьвяткаваньне Калядаў (Раства Хрыстовага), аднаго з галоўных рэлігійных сьвятаў, паводле грыгарыянскага календара.

Як сьвяткавалі да вайны

Ва Ўкраіне дзейнічае некалькі цэркваў усходняга абраду: Праваслаўная царква Ўкраіны (ПЦУ атрымала прызнаньне Канстантынопальскага патрыярхату ў 2019 годзе), прадстаўніцтва Расейскай праваслаўнай царквы (УПЦ МП) і Ўкраінская грэка-каталіцкая царква (УГКЦ).

Усе яны сьвяткавалі Раство Хрыстова 7 студзеня паводле юліянскага календара, так званага «старога стылю».

Упершыню пра магчымасьць перайсьці пры адзначэньні рэлігійных сьвятаў на грыгарыянскі каляндар загаварылі адразу пасьля таго, як Праваслаўная царква Ўкраіны атрымала Томас аб аўтакефаліі.

Большасьць праваслаўных цэркваў сьвету, як і Рыма-каталіцкая царква і большасьць пратэстанцкіх цэркваў, сьвяткуюць Раство 25 сьнежня.

Ва Ўкраіне гэты дзень зрабілі афіцыйным выходным толькі ў 2017 годзе, калі парлямэнт унёс зьмены ў Кодэкс законаў аб працы. Згодна з гэтымі зьменамі 25 сьнежня, калі вернікі каталіцкіх ды пратэстанцкіх цэркваў Украіны адзначаюць Раство Хрыстова, стала сьвяточным і выходным днём, як і 7 студзеня.

Прыхільнікаў новага стылю пабольшала ўдвая

Спачатку ідэя сьвяткаваць Раство разам зь іншымі цэрквамі сьвету ня мела вялікай папулярнасьці сярод украінскіх праваслаўных. Але цягам апошняга году, калі Расея пачала зьнішчальную вайну супраць украінскага народу і зруйнавала некалькі найбольшых праваслаўных сьвятынь на ўсходзе Ўкраіны, колькасьць грамадзян, якія пажадалі і ў рэлігійным жыцьці аддзяліцца ад расейскіх праваслаўных, павялічылася ўдвая.

Згодна з сацыялягічным апытаньнем, праведзеным групай «Рэйтынг» сёлета ў лістападзе, за год ідэю пераносу сьвяткаваньня Раства на 25 сьнежня падтрымалі 44% (у 2021-м было 26%). Супраць пераносу выказаліся 31 % апытаных (у 2021 годзе — 58%). Яшчэ 23% рэспандэнтаў адзначылі, што ім абыякава, а 2% не змаглі адказаць на пытаньне.

Адметна, што і сярод грэка-каталікоў таксама пабольшала прыхільнікаў грыгарыянскага календара — 68% падтрымліваюць сьвяткаваньне Раства 25 сьнежня, 13% — супраць, 15% — усё роўна, калі сьвяткаваць, і яшчэ 6% не змаглі адказаць на пытаньне.

Адначасова ва Ўкраіне імкліва зьмяншаецца колькасьць вернікаў Маскоўскага патрыярхату. Новая хваля пачалася пасьля таго, як у часе ператрусаў сьледчыя Службы бясьпекі Ўкраіны знайшлі ў сьвятароў расейскія пашпарты, а таксама шмат прапагандысцкай расейскай літаратуры.

Найбольшае абурэньне ва Ўкраіне выклікала тое, што кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы патрыярх Кірыл ня толькі падтрымаў вайну, а і бласлаўляў на яе расейскіх салдат.

ПЦУ дазволіла калядныя службы 25 сьнежня

Праваслаўная царква Ўкраіны хутка адрэагавала на зьмены ў сьвядомасьці сваіх вернікаў.

Сёлета ў кастрычніку Сынод ПЦУ дазволіў праводзіць богаслужэньні ў гонар Раста Хрыстовага паводле грыгарыянскага (новаюліянскага) календара менавіта 25 сьнежня.

Кіраўнік ПЦУ мітрапаліт Эпіфаній заявіў, што царква аўтакефальная і можа самастойна вызначаць, якога календара прытрымлівацца.

У Расеі на гэтае рашэньне адрэагавалі агрэсіўна і абвінавацілі Ўкраіну ў «расколе праваслаўнага сьвету».

Грэка-каталікі абяцаюць падтрымаць

Кіраўнік Украінскай грэка-каталіцкай царквы Сьвятаслаў Шаўчук таксама ня супраць пераносу Калядаў з 7 студзеня на 25 сьнежня. Але ён мяркуе, што «каляндарная» рэформа пакуль яшчэ не гатовая.

«Адсотак людзей, якія разумеюць і гатовыя гэта зрабіць, пакуль яшчэ невялікі. Няма той крытычнай колькасьці, якая б дазволіла гэта зрабіць. А зь іншага боку, сапраўды мы хочам такога тыпу рэформу рабіць разам з нашымі праваслаўнымі братамі, каб наша каляндарная рэформа ня выклікала яшчэ адну лінію нейкага падзелу між нашымі цэрквамі. Але мы працуем над тым, каб нашы людзі „дасьпявалі“», — казаў Сьвятаслаў Шаўчук у інтэрвію Радыё Свабода.

«Мусім нанесьці ўдар у самую аснову „мира“»

Украінская тэлежурналістка, рэжысэрка і пісьменьніца Наталка Фіцыч перакананая, што сёлета Каляды павінны стаць асаблівымі.

«Упершыню маем блаславеньне царквы сьвяткаваць 25 сьнежня. Але ПЦУ будзе зьбіраць інфармацыю, як шмат людзей падтрымалі новыя Каляды непасрэдным прыходам у храмы. Маем унікальны шанец прыскорыць пераход на новаюліянскі каляндар. Для гэтага трэба пераканаць вашых мясцовых сьвятароў справіць калядную службу 25 сьнежня. І галоўнае — прыйсьці да царквы на Сьвяты вечар і на Каляды ўсёй сям’ёй. Нас павінна быць шмат. Так шмат, каб масавасьць новых Калядаў была відавочнай», — заклікала яна.

Цяпер да ініцыяванага ёю на пачатку сьнежня флэшмобу #НаРіздвоДоЦеркви далучаюцца іншыя лідэры грамадзкай думкі і простыя ўкраінцы.

«Гэта наша барацьба. Абаронцы трымаюць фронт. Мы ж можам нанесьці ўдар па самай аснове „русского мира“. Трэба толькі арганізавацца», — перакананая Наталка Фіцыч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG