Магілу Максіма сваякі знайшлі выпадкова — на знойдзеных у інтэрнэце фота могілак у Краснадарскім краі, дзе масава хаваюць наймітаў прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». Як расказала «Север.Реалии» сястра загінулага, ніхто з родных ня ведаў, што Шчаранкоў ва Ўкраіне: на вайну ён не зьбіраўся і мог выйсьці на волю датэрмінова.
«Не ўнікала ў гэтую сытуацыю аб вайне, пакуль гэта не здарылася са мной»
Супрацоўніца менскай лякарні Ірына Мікава летась у сьнежні не змагла датэлефанавацца да малодшага брата, зьняволенага ВК-25 у Сыктыўкары Максіма Шчаранкова. На сувязь ён ня выйшаў і потым, пасьля чаго родныя забілі трывогу. У канцы лютага сукамернікі Максіма расказалі, што ён паехаў на вайну ва Ўкраіну.
«Я не ўнікала ў гэтую сытуацыю аб вайне, пакуль гэта ня здарылася са мной. Пачала чытаць пра гэтую ПВК „Вагнэр“, загрузіла Telegram, глядзела сьпісы, думала, што ён жывы. Потым знайшла гэтае фота (фатаздымак магілы Шчаранкова ў тэлеграм канале „Не чакай мяне з Украіны“. — СР), дзе ён нават пахаваны», — расказала Ірына.
Летам 2022 года калёнію ў мікрараёне Сыктыўкара пад назвай Верхні Чоў наведалі прадстаўнікі прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», сьцьвярджае Ірына. Зьняволеных заклікалі ўдзельнічаць у вайне Расеі ва Ўкраіне, паабяцаўшы ўзамен датэрміновае вызваленьне. Выйсьці на волю можна нібы праз паўгода знаходжаньня ў зоне баявых дзеяньняў, калі, вядома, зьняволены вернецца жывым.
Максім Шчаранкоў тады адмовіўся: як тлумачыць ягоная сястра, яму заставалася сядзець усяго два гады з васьмі.
«Ён сказаў: «Я што, дурань, ці што? На сваю ж сьмерць ісьці», — успамінае Мікава размову з братам.
Родныя зьняволенага не ўяўляюць, чаму думка Максіма магла зьмяніцца празь некалькі месяцаў.
«Ён вельмі даверлівы. Гэта добрая душа. Магчыма, на вушы прыселі, сказалі: „Ды чаго ты? Зараз пару месяцаў — бабак табе дамо ды дома будзеш“. А што там трэба? Гарматнае мяса, вось і ўсё», — мяркуе яшчэ адна сваячка загінулага Сьвятлана Ковэ.
«Мы жывём у Беларусі і проста ня ведаем, што там увогуле адбываецца ў Расеі»
Максім Шчаранкоў нарадзіўся ў лесанарыхтоўчым пасёлку Жэшарт за сто кілямэтраў ад Сыктыўкара ў 1996 годзе, ён малодшы з чатырох дзяцей. Праз год ягоная сям’я пераехала ў Менск, дзе Максім скончыў школу. Па словах Ірыны, у Беларусі яны атрымалі від на жыхарства і ад расейскіх пашпартоў не адмаўляліся. Гэтая дэталь пасьля паўплывала на тое, што Максім апынуўся менавіта ў расейскай турме.
Пасьля школы Шчаранкоў адвучыўся на курсах зваршчыкаў. У войска не прайшоў па здароўі. Упершыню ў турме апынуўся ў 18 гадоў. Максіму далі паўгода за сэксуальную сувязь з 15-гадовай сяброўкай — аб адносінах Шчаранкова зь дзяўчынай у міліцыю паведаміла мачыха непаўналетняй. Пасьля менскай турмы яго чакала дэпартацыя ў Расею і забарона перасячэньня мяжы на два гады. Максім вярнуўся ў Комі і пасяліўся ў цёткі ў Жэшарце. Працаваў на мясцовым фанэрным заводзе, але нядоўга.
У 2016 годзе Шчаранкова асудзілі ўжо ў Расеі на 8,5 года паводле артыкулу 228 КК РФ («Захоўваньне і збыт наркатычных сродкаў»). Шэсьць зь іх ён пасьпеў адседзець.
Максім адбываў пакараньне ў Верхнім Чове. Ён мог выйсьці на волю, расказала яго сваячка, але нібы не хацеў. Хадайніцтва на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне падаваць ня стаў — у любым выпадку яму б давялося заставацца ў межах рэгіёну і штомесяц адзначацца ў інспэктара да заканчэньня тэрміну зьняволеньня.
Калі родныя Шчаранкова датэлефанаваліся да ПК-25, то ім паведамілі, што Максім завяшчаў свае рэчы сястры, больш ніякіх падрабязнасьцяў адпраўкі ва Ўкраіну не паведамілі.
«Я кажу, у чалавека яшчэ тэрмін, куды вы яго падзелі? А адказ быў такі: „Яны пайшлі на волю, ніякага дачыненьня да калёніі яны ўжо ня маюць. Мы ня ведалі нават, што ён на вайне“. Потым мы тэлефанавалі ў Айкінскі ЗАГС Рэспублікі Комі, там сказалі, што няма такога памерлага. Супрацоўніца кажа: „Пачакайце, я пагляджу па базе ўсёй Расеі“. І знайшла Максіма, сказала, што яго сьмерць зарэгістраваная ў Кіраўскім ЗАГСе Растова-на-Доне (Копія пасьведчаньня аб сьмерці Шчаранкова ёсьць у распараджэньні рэдакцыі). Разумееце? Мы тут жывём у Беларусі і проста ня ведаем, што там увогуле адбываецца ў Расеі», — кажа Мікава.
У пасьведчаньні аб сьмерці Максіма пазначана, што ён загінуў у «Данецкай народнай рэспубліцы РФ, у горадзе Арцёмаўску» — так расейскія дзяржорганы называюць украінскі горад Бахмут, выкарыстоўваючы яго старую савецкую назву.
«Пры жывых бацьках пахаваць незразумела дзе»
У пачатку сакавіка маці Максіма Натальля Шчаранкова адправілася на базу вайсковай кампаніі «Вагнэр» у раёне хутара Молькіна пад Краснадарам. Супрацоўнікі базы суправадзілі яе на могілкі ля станіцы Бакінская. Там сярод сотняў магіл у вялізнай лужыне пахаваны яе малодшы сын.
Загінулых наймітаў хаваюць у самым канцы Бакінскіх могілак, на двух гіганцкіх участках. Вагнэраўцаў ад звычайных магіл аддзяляе сетка. У пачатку лютага 2023 года работнікі могілак расказвалі «Север.Реалии», што за дзень ім даводзіцца капаць па 10 магілаў.
«Там кашмар. Пакуль яны там былі, чалавек 80 хлопцаў за гэты час закапалі. Тамака з раніцы да вечара пахаваньні ідуць. Я глядзела выступленьне Прыгожына. Ён кажа, што ягоная кампанія выконвае апошнюю волю байца. Гэта значыць ён (Максім) назваў гэтыя могілкі для пахаваньня. У мяне валасы на галаве дуба ўсталі. Як гэта так — пры жывых бацьках пахаваць незразумела дзе? Я кажу, трэба ехаць у Піцер да Прыгожына. Аж да Пуціна даходзіць, патрабаваць перапахаваньня, — працягвае Ірына. — Яны робяць непрыгожа. Я супраць (вэрбаваньня зьняволеных). Я не магу сказаць, што іх гвалтам прымушаюць. Гэта прамываньне мозгу. Яны ж абяцаюць добрыя грошы, заробак сваякам. Вось ты ідзеш на волю, у цябе ўсе судзімасьці здымаюцца, пачынаеш жыць з чыстага ліста. І хлопцы паддаюцца на гэта».
Родным Шчаранкова выдалі заключэньне судмэдэкспэрта, дзе пазначана, што Максім загінуў 26 студзеня 2023 года ад асколачнага раненьня. Сваякі плянуюць дабіцца эксгумацыі яго цела, правядзеньня экспэртызы ДНК і перапахаваньня ў Беларусі, дзе вырас Максім.
Гэта ня першы выпадак, калі ПВК «Вагнэр» утойвае ад сваякоў гібель зьняволеных на вайне ва Ўкраіне. У сакавіку 2023 году некалькі семʼяў — са Стаўрапаля, Валгаграда, а таксама з Казахстана і Беларусі — зьвярнуліся да краснадарскага актывіста Віталя Вотаноўскага, з публікацый якога яны даведаліся пра месцазнаходжаньне магілаў блізкіх.