Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзярждуме Расеі хочуць за дыскрэдытацыю вайскоўцаў і вагнэраўцаў караць на тэрміны да 15 гадоў


Кувалда ад прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнэр», якую падарылі расейскаму дэпутату Сяргею Міронаву
Кувалда ад прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнэр», якую падарылі расейскаму дэпутату Сяргею Міронаву

Законапраект таксама прадугледжвае пакараньні за «дыскрэдытацыю добраахвотнікаў», у тым ліку баевікоў так званай прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнэр».

У Дзярждуму Расеі ўнесьлі папраўкі да Крымінальнага кодэксу, якія ўводзяць пакараньне за «дыскрэдытацыю» ўдзельнікаў вайны ва Ўкраіне, у тым ліку прадстаўнікоў добраахвотніцкіх фармаваньняў і арганізацый, якія «садзейнічаюць» расейскай арміі. Пра гэта паведаміў сьпікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін.

«Любое публічнае распаўсюджваньне заведама лжывай інфармацыі, а таксама публічныя дзеяньні, накіраваныя на дыскрэдытацыю Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі, добраахвотніцкіх фармаваньняў, арганізацый і асоб, якія садзейнічаюць у выкананьні ўскладзеных на ВС РФ задач, недапушчальныя», — напісаў Валодзін.

Пакараньне прадугледжвае штраф да 5 мільёнаў рублёў, папраўчыя або прымусовыя работы да 5 гадоў, а таксама пазбаўленьне волі на тэрмін да 15 гадоў.

Па словах Валодзіна, другое чытаньне законапраекту адбудзецца 2 сакавіка, выніковае — 14 сакавіка, калі прапанову ўхваляць дэпутаты.

Цяпер у Расеі дзейнічаюць артыкулы 280.3 КК і 20.3.3 КаАП, якія прадугледжваюць пакараньне за «дыскрэдытацыю выкарыстаньня Ўзброеных сіл» на вайне супраць Украіны, пра добраахвотніцкія фармаваньні ў законах нічога не гаворыцца. Максымальнае пакараньне паводле іх — 5 гадоў калёніі.

У студзені заснавальнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што «ёсьць асобныя СМІ, блогеры і тэлеграм-каналы, якія займаюцца адкрытай дыскрэдытацыяй добраахвотнікаў», і заклікаў «жорстка спыніць» гэта.

Пазьней сьпікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін даручыў кіраўнікам камітэту абароны Андрэю Картапалаву і камітэту бясьпекі і супрацьдзеяньня карупцыі Васілію Піскарову «ў тэрміновым парадку» вывучыць пытаньне аб магчымасьці ўнясеньня ў Крымінальны кодэкс адказнасьці за «дыскрэдытацыю» ўдзельнікаў баявых дзеяньняў.

У лістападзе прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў закон, які прыраўноўвае статус добраахвотнікаў да статусу вайскоўцаў па кантракце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG