Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда ў інтэрвію CNN заявіў, што Варшава хоча накіраваць шэраг самалётаў МіГ-29, якія знаходзяцца на ўзбраеньні ВПС краіны, Кіеву:
«Мы гатовыя перадаць гэтыя самалёты, і я ўпэўнены, што Ўкраіна будзе гатовая выкарыстоўваць іх неадкладна», — гучаць яго словы ў перакладзе на ангельскую.
Міністар абароны Славаччыны Яраслаў Надзь раней напісаў у Facebook, што прыйшоў час прыняць рашэньне па пастаўках зьнішчальнікаў МіГ Украіне.
Паводле слоў кіраўніка ведамства, Польшча выказала гатоўнасьць да сумесных дзеяньняў на гэтым напрамку.
«Думаю, што прыйшоў час прыняць рашэньне. Людзі паміраюць ва Ўкраіне, мы можам рэальна дапамагчы ім», — сказаў ён, дадаўшы, што не павінна быць месца палітыканству.
Украінскія афіцыйныя асобы просяць у заходніх саюзьнікаў больш зброі, каб адкінуць сілы Расеі. Сярод галоўных патрэбаў Узброеных сіл Украіны называюць вайсковыя самалёты і ракеты большай далёкасьці.
У прыватнасьці, падчас візыту ў Парыж прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў лідэраў Францыі і Нямеччыны «як мага хутчэй» перадаць Кіеву зьнішчальнікі. Але гэтыя краіны і ЗША пакуль устрымліваюцца ад перадачы баявых самалётаў Украіне.