Сьвятлана Ціханоўская 8 сакавіка выступіла ў Каралеўскім інстытуце бясьпекі (RUSI), паведаміла яе прэсавая-служба.
Гэта адзін з галоўных і найбольш прэстыжных экспэртных цэнтраў, які займаецца вывучэньнем геапалітыкі, міжнароднага міру і бясьпекі, і асаблівую ўвагу прысьвячае сытуацыі і вайне ва Ўкраіне. Аўдыторыя RUSI — палітыкі, чыноўнікі, дарадцы, спэцыялісты ў справах абароны.
Сьвятлана Ціханоўская прачытала лекцыю, расказала пра ваенную і палітычную сытуацыю ўнутры краіны, агучыла лічбы і факты, якія сьведчаць пра саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне:
«Паводле апошніх сацыялагічных дадзеных Chatham House, зробленых у студзені сёлета, большасьць беларусаў супраць вайны Расеі ва Ўкраіне. Больш за 86% беларусаў выступаюць супраць любога ўдзелу арміі Рэспублікі Беларусь у вайне. Тым ня менш рэжым Лукашэнкі прыняў актыўны ўдзелу гэтай жудаснай вайне з самага яе пачатку», — зазначыла Ціханоўская.
Ціханоўская таксама закранула праблемы палітвязьняў, настроі намэнклятуры і ў асяродзьдзі чыноўнікаў, адносіны паміж Беларусьсю і Ўкраінай, а таксама падзялілася сваім бачаньнем будучыні новай Беларусі.
Ціханоўская, сярод іншага, адзначыла:
- Беларусь павінна правесьці Канстытуйную рэформу, каб дыктатура больш не паўтарылася;
- трэба прыняць больш за 20 законаў у прававой, палітычнай і эканамічнай сфэрах, у адпаведнасьці з эўрапэйскімі стандартамі;
- пачаць працэс выхаду з так званай саюзнай дзяржавы з Расеяй і АДКБ, бо яны пагражаюць беларускай незалежнасьці;
- дабіцца прыцягненьня да адказнасьці вінаватых у злачынствах рэжыму;
- выпрацаваць канцэпцыю і плян нацыянальнага прымірэньня пасьля адстаўкі Лукашэнкі, каб вярнуць адзінства ў грамадзтва.
Павялічэньне стыпэндыяў і стажаваньняў
Ціханоўская абазначыла важнасьць дапамогі Беларусі і адзначыла, што Вялікая Брытанія магла б ужо цяпер паспрыяць у падрыхтоўцы будучых кадраў для новай Беларусі праз павялічэньне стыпендыяў Chevening, а таксама арганізацыю стажаваньня для маладых беларусаў ва ўрадавых, парлямэнцкіх і недзяржаўных структурах:
«Я пераканая, што дэмакратыя ў Беларусі — адзін з краевугольных камянёў будучай бясьпекі Эўропы. Я цьвёрда веру ў перамогу Ўкраіны і думаю, што гэта адкрые акно магчымасьцяў для палітычных пераменаў у Беларусі», — сказала Ціханоўская.
RUSI з 2020 году актыўна займаецца пытаньнямі Беларусі. Гэта ня першая дыскусія ў гэтым інстытуце, у якой бярэ ўдзел Сьвятлана Ціханоўская, але першая, якая адбылася ўжывую, а не онлайн.