Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская ў Палаце лордаў: «Без свабоднай Беларусі немагчыма пабудаваць новую архітэктуру бясьпекі Эўропы»


Сьвятлана Ціханоўская на слуханьнях у Камітэце міжнародных адносін і абароны Палаты лордаў. Лёндан, 8 сакавіка 2023
Сьвятлана Ціханоўская на слуханьнях у Камітэце міжнародных адносін і абароны Палаты лордаў. Лёндан, 8 сакавіка 2023

Сьвятлана Ціханоўская падчас выступу на слуханьнях у Камітэце міжнародных адносін і абароны Палаты лордаў заклікала, сярод іншага, выпрацаваць дакладную і скаардынаваную стратэгію па Беларусі.

Сьвятлана Ціханоўская знаходзіцца зь візытам у Вялікай Брытаніі. Раней у Лёндане яна сустрэлася зь міністрам замежных справаў Джэймсам Пэвэрлі і міністрам у справах Эўропы Леа Докерці, а таксама з былым прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Борысам Джонсанам. Таксама палітык выступіла ў Кэмбрыджскім унівэрсытэце.

У сваім выступе на слуханьнях у камітэце Ціханоўская заклікала Вялікую Брытанію да рашучасьці, заклікала падтрымаць беларускіх палітвязьняў, у прыватнасьці журналістаў.

Як паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай, сустрэча адбылася 8 сакавіка, у Міжнародны жаночы дзень. Ціханоўская паведаміла, што цяпер за кратамі ў Беларусі знаходзяцца сама меней 150 жанчын-палітвязьняў, больш за 500 жанчын-палітвязьняў ужо прайшлі праз турму.

Ціханоўская запрасіла чальцоў камітэту далучыцца да Групы сяброў Беларусі, трымаць Беларусь на парадку дня парлямэнту, выступіць у абарону незалежнасьці, сувэрэнітэту і дэмакратыі Беларусі, паколькі сувэрэнітэт цяпер пад пагрозай, працягваць палітыку непрызнаньня Лукашэнкі: не лічыць яго прэзыдэнтам, не ўручаць даверчых лістоў, пашырыць працу з прадстаўнікамі новай свабоднай Беларусі.

Ціханоўская папрасіла дэпутатаў падтрымаць міжнародны Дзень салідарнасьці з Беларусьсю 25 сакавіка.

Гаворачы аб ваенна-палітычнай сытуацыі, магчымасьці ўступленьня Беларусі ў вайну, Ціханоўская адзначыла, што такіх настрояў сярод беларусаў вельмі мала.

«Беларусы падтрымліваюць Украіну, выступаюць супраць уступленьня беларускай арміі ў вайну. Гэта разумее і Лукашэнка», — заявіла Ціханоўская і расказала пра апошнія дзеяньні партызанаў, у тым ліку пра падрыў самалёта ў Мачулішчах.

Апрача таго, Ціханоўская заклікала Вялікую Брытанію:

  • выпрацаваць дакладную і скаардынаваную стратэгію што да Беларусі. Быць цьвёрдымі і сьмелымі як у падтрымцы Украіны, так і ў падтрымцы беларускага дэмакратычнага руху;
  • распачаць міжнароднае судаводзтва супраць беларускага рэжыму за саўдзел у вайне і за злачынствы супраць чалавечнасьці;
  • падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасьць, СМІ і праваабарончыя арганізацыі, а таксама партызанаў і добраахвотнікаў ва Ўкраіне;
  • уключыць прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі ў абмеркаваньне будучыні Эўропы;
  • станавіцца «хроснымі» для палітвязьняў — кожны твіт, тэлефонны званок родным або ліст у турму стане моцным знакам салідарнасьці.

«Без свабоднай Беларусі немагчыма пабудаваць новую архітэктуру бясьпекі Эўропы», — адзначыла Ціханоўская падчас свайго выступу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG