Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інцыдэнт у Мачулішчах, беларускія ваяры, новыя санкцыі. Пра што Ціханоўская гаварыла ў Лёндане з урадоўцамі і экс-прэм'ерам Джонсанам


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася ў Лёндане зь міністрам замежных справаў Джэймсам Пэвэрлі і міністрам па справах Эўропы Леа Докерці і з былым прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Борысам Джонсанам.

Як паведамляе прэсавая служба Сьвятланы Ціханоўскай, яна расказала брытанскім палітыкам пра апошнія прысуды Алесю Бяляцкаму, беларускім журналістам, рэйкавым партызанам, сябрам Каардынацыйнай рады, Сяргею Ціханоўскаму, а таксама самой Сьвятлане Ціханоўскай.

Яна папрасіла Вялікую Брытанію прыняць індывідуальныя санкцыі ў дачыненьні да судзьдзяў, пракурораў, якія бралі ўдзел у працэсах, а таксама разгледзець санкцыі супраць дэпутатаў так званага парлямэнту, прапагандыстаў, чыноўнікаў і вайскоўцаў, якія дапамагаюць рэжыму і падтрымліваюць вайну.

Сьвятлана Ціханоўская адзначыла неабходнасьць сынхранізацыі санкцый Лёндану з ЭЗ і ліквідацыі шчылін, якімі карыстаецца рэжым.

Таксама абмяркоўвалася падтрымка Міжнароднай плятформы збору доказаў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі, якая ўжо сабрала больш як 15 тысяч дакумэнтаў. Гутарка вялася і пра магчымасьць адкрыцьця сьледзтва супраць рэжыму Лукашэнкі ў межах Міжнароднага крымінальнага суду.

Ціханоўская зьвярнула ўвагу, што вельмі важна, каб Лукашэнка не пазьбег адказнасьці ня толькі за вайсковыя злачынствы, але таксама і за злачынствы супраць чалавечнасьці. Таксама абмеркавалі магчымасьць пазбаўленьня яго міжнароднага імунітэту, паведамляе прэсавая служба Сьвятланы Ціханоўскай.

Сьвятлана Ціханоўская таксама папрасіла брытанскіх палітыкаў, каб падчас бліжэйшай канфэрэнцыі ў канцы сакавіка ў Лёндане па аднаўленьні законнасьці і справядлівасьці ва Ўкраіне не згубілася тэма адказнасьці рэжыму Лукашэнкі за ўдзел у вайне.

Лідэрка дэмакратычных сілаў папрасіла Вялікую Брытанію заняць цьвёрдую пазыцыю ў пытаньнях незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.

Таксама Сьвятлана Ціханоўская ў Лёндане сустрэлася з былым прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Борысам Джонсанам.

Палітыкі абмеркавалі сытуацыю ўнутры краіны і нядаўнюю мужную акцыю беларускіх партызанаў па пашкоджаньні самалёта А-50 у Мачулішчах, паведамляе тэлеграм-канал Сьвятланы Ціханоўскай.

Ціханоўская адзначыла, што гэта паказала неабароненасьць і слабасьць рэжыму. Абмяркоўвалася дапамога для беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне. Былы прэм’ер добра ведае, як шмат беларусы робяць для падтрымкі Ўкраіны, а таксама для абароны сваёй незалежнасьці і для набліжэньня дэмакратычных пераменаў.

«Мы сапраўды захапляемся адвагай беларускіх ваяроў», — сказаў Джонсан.

Сьвятлана Ціханоўская заклікала Борыса Джонсана падтрымаць Беларусь у міжнародным парадку дня і ўзяць патранаж над адным з палітвязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG