Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Галоўны абаронца жанчын»: 534 беларускі асуджаныя за палітыку, больш за 100 тысяч чалавек пакінулі радзіму


Менск, 2 сакавіка 2021 году
Менск, 2 сакавіка 2021 году

Натальля Качанава назвала Лукашэнку «галоўным заступнікам жанчын», а таксама «абаронцам інтарэсаў жанчын». Паглядзелі, што пра гэта кажуць лічбы.

Старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава 8 сакавіка згадала, як Лукашэнка абараняе жанчын.

«Галоўным заступнікам і абаронцам інтарэсаў жанчын выступае наш прэзыдэнт, глыбокапаважаны Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка, які шчыра верыць у нас, заўсёды і ва ўсім падтрымлівае. Але самае галоўнае — дзякуючы мудрасьці і сіле волі нашага лідэра мы можам жыць, працаваць і гадаваць дзяцей у такой цудоўнай мірнай і шчасьлівай краіне, якая яна ёсьць у нас. Гэта дарагога варта», — сказала Качанава.

Паглядзім, што пра «галоўнага заступніка жанчын» кажуць лічбы.

534 беларускі асуджаныя за палітыку пасьля 2020 году

Такія лічбы публікуе праваабарончы цэнтар «Вясна». Многія жанчыны прайшлі праз гвалт і зьдзекі беларускіх сілавікоў.

155 беларусак прызнаныя палітзьняволенымі

Аднак беларусак, асуджаных за пратэсты, можа быць значна болей, мяркуюць праваабаронцы. Многія беларускія актывісткі, як напрыклад праваабаронца Марфа Рабкова ці сябра штабу Бабарыкі Марыя Калесьнікава, займелі за кратамі значныя праблемы са здароўем.

56 беларусаў асуджаныя па крыміналцы за антываенную пазыцыю

Натальля Качанава гаворыць пра «мірную краіну». Аднак з 24 лютага Беларусь — саўдзельнік Расеі ў вайне супраць Украіны. З гэтага дня сілавікі затрымалі за антываенную пазыцыю ня менш як 1575 беларусаў. 56 чалавек асудзілі па крымінальных артыкулах, у тым ліку жанчын.

150–200 тысяч беларусаў пакінулі радзіму

Паводле падлікаў дасьледчага цэнтру Beroc, зь Беларусі праз палітычныя рэпрэсіі і вайну выехалі 150–200 тысяч чалавек. Гэта значыць, дзясяткі тысяч жанчын пасьля 2020 году вымушаныя шукаць новы дом і ўладкоўваць сваё жыцьцё нанова.

58 чалавек затрымалі па вяртаньні ў Беларусь

За 2022 і 2023 год пры вяртаньні ў Беларусь сілавікі затрымалі сама меней 58 чалавек. Сярод іх жанчыны, напрыклад Тацяна Курыліна — адміністратарка чатаў, якой цяпер пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

3,9%, або звыш 350 тысяч беларусаў і беларусак жывуць за рысай беднасьці

3,9% беларусаў маюць даход, ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму — нормы, якую дзяржава лічыць дастатковай для мінімальных патрэб грамадзяніна на месяц. Цяпер гэты бюджэт складае 341 рубель на месяц. Гэта ў 5 разоў менш за сярэдні заробак.

Мінус 3,6%. Настолькі ўпалі рэальныя даходы беларусаў і беларусак за 2022 год

Паводле падлікаў Белстату, з 2021 па 2022 год рэальныя даходы беларусаў (з папраўкай на рост цэнаў) упалі на 3,6%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG