Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскаму — зьнявагі, беларусам — «жэстачайшая зачыстка». Як Лукашэнка выкрывае дывэрсантаў


Каляж
Каляж

Хоць дывэрсія нібыта і не атрымалася, але дывэрсанта злавілі. У Беларусі так здараецца. Праз два тыдні пасьля нападу на расейскі самалёт на аэрадроме ў Мачулішчах Лукашэнка агучыў сваю вэрсію падзей.

Сьцісла:

  • Лукашэнка прызнаў, што напад на самалёт з дапамогай дронаў быў.
  • Беларускі правіцель імкнецца апраўдацца.
  • На справе «жэстачайшая» рэакцыя на дзеяньні ўкраінскага дывэрсанта вылілася ўсяго толькі ў грубую лаянку на адрас Уладзіміра Зяленскага.
  • Беларусь чакае рэзкае ўзмацненьне рэпрэсій.


Найперш, Лукашэнка прызнаў, што напад на самалёт з дапамогай дронаў быў. І тым самым пасадзіў у лужыну прапагандыстаў, якія запэўнівалі, што нічога не было, інфармацыя пра інцыдэнт у Мачулішчах — нібыта фэйк, выдумка «зьбеглых».

Аднак, паводле Лукашэнкі, «самалёт не зазнаў нейкіх значных пашкоджаньняў, акрамя, як яны кажуць, драпін і адной прабоіны ў корпусе, якая вайсковаму самалёту не перашкаджае выконваць яго абавязкі». Але калі так, то навошта борт вывелі з баявога дзяжурства і накіравалі на Таганроскі авіярамонтны завод?

Другі важны момант тычыцца таго, хто ўчыніў гэтую дывэрсію. Як вядома, адказнасьць за інцыдэнт у Мачулішчах узяла на сябе арганізацыя былых сілавікоў BYPOL.

Лукашэнка нібыта і не адмаўляе ўдзел у апэрацыі беларускіх падпольшчыкаў. Паводле яго, 20 удзельнікаў (як можна зразумець, беларусаў) арыштаваныя, па ўсёй краіне ідуць затрыманьні і ператрусы.

Аднак галоўны дывэрсант — агент украінскіх спэцслужбаў, ён затрыманы. Усю апэрацыю нібыта арганізавала ўкраінская СБУ. Ну і, вядома, ЦРУ, як жа безь яго?

Такім чынам, кола ўдзельнікаў дывэрсіі моцна пашыраецца: украінскія спэцслужбы, ЦРУ, беларускія партызаны ўнутры Беларусі, «зьбеглыя» за мяжой. Нейкая сусьветная змова. Таму беларускія сілавікі не маглі даць рады, абараніць звышкаштоўны самалёт. Гэта — адно апраўданьне. Другое — дывэрсанта ўсё ж знайшлі пад Бараўлянамі. Чым Лукашэнка вельмі ганарыцца.

І яшчэ пра апраўданьне. Украінскага дывэрсанта прапусьцілі не беларускія, а расейскія памежнікі. Лукашэнка даводзіць: «Празь мяжу з Украінай ён прайсьці ня мог — яна зачынена... Ён перасек латвійска-расейскую мяжу. Памежнікі расейскія, на жаль, прапусьцілі яго. Хоць не павінны былі гэта зрабіць». Вось хто вінаваты!

А яшчэ дроны былі маленькія, таму і змаглі незаўважна пранікнуць на аэрадром.

Украінскі сьлед вельмі моцна мяняе сытуацыю. Усе памятаюць, як Лукашэнка шмат разоў папярэджваў, што як толькі ўкраінцы зробяць напад на тэрыторыю Беларусі, то адказ будзе «жэстачайшы», «страшны», бо беларускае войска вельмі моцнае.

І вось напад нібыта здарыўся. У Лукашэнкі быў варыянт прыняць вэрсію BYPOL, адрэагаваць узмацненьнем унутранага тэрору і не прывязваць да гэтай гісторыі Ўкраіну. Тады б ніхто не згадаў ягоныя былыя пагрозы.

Але, паводле Лукашэнкі, за атакай на аэрадром стаяць найперш украінскія спэцслужбы. У такім разе варта было чакаць «жэстачайшай» рэакцыі: пагрозу ж усе памятаюць.

«Што ж, выклік кінуты!» — пагрозьліва заявіў Лукашэнка. Аднак далей прагучала нешта няўцямнае. На справе «жэстачайшая» рэакцыя вылілася ўсяго толькі ў грубую лаянку на адрас Уладзіміра Зяленскага. І далей за гэта Лукашэнка ісьці не зьбіраецца. Ва ўсялякім разе, ён заявіў: «Калі яны разьлічваюць (я ж ведаю, што яны хочуць нас уцягнуць у вайну па камандзе амэрыканцаў)... Калі вы думаеце, што вы, кінуўшы гэты выклік, уцягнеце нас у вайну заўтра, якая сёньня ідзе ўжо па ўсёй Эўропе, вы памыляецеся».

Дык ці насамрэч злавілі ўкраінскага дывэрсанта? За 29 гадоў кіраваньня Лукашэнка прывучыў нас пераправяраць усё, што кажа. Варта пачакаць больш падрабязнай інфармацыі.

А вось што дакладна будзе (і паабяцана), дык гэта ўзмацненьне рэпрэсій, ці, як выказаўся Лукашэнка, «жэстачайшая зачыстка». Вось у гэта лёгка паверыць. Лукашэнка, па сутнасьці, адкінуў свой жэст аб амністыі «зьбеглым» з дапамогай адмысловай камісіі пад кіраўніцтвам генпракурора Андрэя Шведа. Абвешчана вайна. Прычым ня толькі палітычным апанэнтам. Мяркуючы па тым, што па ўсёй краіне хапаюць чальцоў стралковых клюбаў, страйкбалістаў, рэканструктараў, уладальнікаў дронаў, рэпрэсіі распаўсюджваюцца на ўсё новыя пласты насельніцтва. Пачалі хапаць усіх, хто трапляе пад руку. Словам, бі сваіх, каб чужыя баяліся.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG