Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўвялі санкцыі супраць іранскіх парушальнікаў правоў жанчын


Акцыя 8 сакавіка ў Бэрліне — жанчына трымае партрэт Махсы Аміні
Акцыя 8 сакавіка ў Бэрліне — жанчына трымае партрэт Махсы Аміні

Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць некалькіх афіцыйных асоб і арганізацый Ірану, якія, на думку Вашынгтону, маюць дачыненьне да сур’ёзных парушэньняў правоў жанчын.

У паведамленьні Дэпартамэнту па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША падкрэсьліваецца, што рашэньне прымеркавана да Міжнароднага жаночага дня 8 сакавіка, і яно прынята ў каардынацыі з саюзьнікамі Вашынгтону.

«Турмы Ірану сумнавядомыя жорсткім абыходжаньнем са зьняволенымі і іх сьмерцямі. Жанчыны-зьняволеныя асабліва пакутуюць ад сэксуальнага гвалту, катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных і прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня», — гаворыцца ў заяве.

У санкцыйны сьпіс, акрамя іншага, трапілі высокапастаўленыя прадстаўнікі пэнітэнцыярнай сыстэмы Ірана — Алі Чахармахал, кіраўнік турэмнага ведамства правінцыі Альборз, і Дарыюш Бахшы, начальнік цэнтральнай турмы Аруміе ў правінцыі Заходні Азэрбайджан.

Санкцыі ўведзены таксама супраць Махдзі Аміры — намесьніка генэральнага пракурора Ірана, адказнага за інтэрнэт-цэнзуру, — і галоўнакамандуючага іранскай арміяй Саеда Абдалрахіма Мусаві. Сьцвярджаецца, што вайсковыя падразьдзяленьні ўдзельнічалі ў падаўленьні пратэстаў у Іране, якія пачаліся ў верасьні мінулага году пасьля гібелі праваабаронцы Махсы Аміні. Войскі пад камандаваньнем Мусаві, як сцьвярджаецца, адкрывалі агонь з кулямётаў па ўдзельніках акцый пратэсту.

Тым жа рашэньнем з санкцыйнага сьпісу ЗША выключаны чатыры даччыныя кампаніі расейскага банку «Сбер» у Казахстане. Па якіх прычынах гэта зроблена, ведамства не ўдакладняе.

  • 22-гадовая Махса Аміні ў верасьні мінулага году была затрымана паліцыяй нораваў па абвінавачаньні ў няправільным нашэньні хіджаба. З паліцэйскага ўчастка Аміні павезьлі ў бальніцу, дзе яна празь некалькі дзён памерла. Пратэстоўцы лічаць, што прычынай яе сьмерці стала зьбіцьцё супрацоўнікамі сілавых структур.
  • Неўзабаве ў Іране пачаліся вулічныя пратэсты. Людзі выступалі з лёзунгамі супраць паліцэйскага гвалту, супраць барацьбы іранскіх уладаў з іншадумствам, за дэмакратызацыю краіны і за зьвяржэнне аяталы Алі Хаменэі.
  • Пратэсты жорстка падаўляліся. Паводле праваабаронцаў, за час масавых акцый больш за 600 дэманстрантаў былі забітыя, каля 20 тысяч чалавек узялі пад варту. Некалькі чалавек былі пакараныя сьмерцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG