На Нацыянальным прававым партале зьявілася пастанова «Аб разглядзе праекту новай Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь».
Падставамі для зьмен у ваеннай палітыцы названыя «зьмены ваенна-стратэгічнай абстаноўкі» і «эскаляцыя глябальнай геапалітычнай напружанасьці».
У рамках дакумэнта, падпісанага Лукашэнкам, ухваляецца праект новай Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь, «якая адлюстроўвае трансфармацыю ўсяго спэктру сучасных пагроз і вызначае адзіныя падыходы да фармаваньня і рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў вайсковай сфэры».
Дзяржаўным органам загадана засяродзіцца на рэалізацыі захадаў у рамках стратэгічнага стрымліваньня, накіраваных на абарону незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу ад вонкавых і ўнутраных пагроз.
Мінабароны Беларусі даручылі заняцца стварэньнем новай ваеннай дактрыны. Папярэдняя дзейнічала зь ліпеня 2016 году. Канчаткова новую Канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі павінен будзе разглядзець «усебеларускі народны сход».