Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дроны DJI і Autel сталі недаступныя на AliExpress для карыстальнікаў зь Беларусі


Карыстальнікі зь Беларусі больш ня могуць замовіць дроны найбольш вядомых вытворцаў DJI і Autel на найбуйнейшай кітайскай гандлёвай пляцоўцы AliExpress.

Напярэдадні іх зьнікненьне заўважылі ў Расеі, але, і ў Беларусі, як высьветліла «Зеркало», сытуацыя такая ж.

2 сакавіка расейскі тэлеграм-канал Mash заўважыў, што замовіць дроны на AliExpress стала немагчыма. Пры спробе аформіць замову выбівае памылку і надпіс: «Такой старонкі няма».

На рускамоўнай вэрсіі пляцоўкі AliExpress.ru дроны DJI нават не выдаюцца пры пошуку, па назьве кампаніі можна адшукаць толькі аксэсуары. На вэрсіях сайта для іншых краін дроны DJI можна знайсьці без праблем, але калі карыстальнік зь Беларусі хоча аформіць замову і выбірае краінай дастаўкі Беларусь, зьяўляецца паведамленьне, што такой старонкі няма, гэта значыць замовіць тавар немагчыма.

У той жа час беларускія і расейскія карыстальнікі ўсё яшчэ могуць купіць на AliExpress дроны іншых, менш вядомых кітайскіх марак.

Імаверна, ініцыятыва блякаваньня продажаў зыходзіць ад саміх вытворцаў, адзначае выданьне. Яшчэ раней аплікацыі DJI, неабходныя для выкарыстаньня дронаў, зьніклі з AppStore і Google Play у Расеі. У Беларусі праграмы таксама недаступныя даволі даўно. Тэлегарм-канал Mash піша, што калі адзін з расейскіх карыстальнікаў задаў пытаньне ў падтрымку кампаніі, там адказалі наступнае:

«Са шкадаваньнем паведамляем вам, што DJI не прадае ніякія свае прадукты ў рэгіёне РФ і ня можа надаць вам якія-небудзь паслугі (і мы не займаемся пасьляпродажным абслугоўваньнем для якой-небудзь ваеннай дзейнасьці)».

У сакавіку 2022 году, неўзабаве пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, у DJI заявілі, што не падтрымліваюць выкарыстаньне іх прадуктаў у дзейнасьці, якая наносіць шкоду жыцьцю, правам і інтарэсам людзей, і выконваюць санкцыі. У красавіку ў кампаніі сказалі, што супраць выкарыстаньня іх дронаў у ваенных мэтах, ня ўносілі і ня будуць уносіць мадыфікацый, якія дазволяць прымацоўваць да дрона боепрыпасы. Пазьней DJI абвясьціла, што прыпыняе ўсю дзейнасьць і ў Расеі, і ва Ўкраіне для «пераацэнкі адпаведнасьці патрабаваньням розных юрысдыкцый».

Тым ня менш, да пачатку сакавіка дроны DJI яшчэ прадаваліся ў Расеі. Як тлумачыў РБК афіцыйны дыстрыб’ютар DJI у РФ, іх прадукцыя магла пастаўляцца ў Расею праз паралельны імпарт, бо афіцыйных паставак няма з красавіка 2021 году.

Беларусы і расейцы часьцей за ўсё куплялі дроны менавіта на AliExpress, бо там яны значна таньней, чым у Беларусі.

  • 26 лютага 2023 году ByPol і лідэры апазыцыі ў выгнаньні паведамілі, што расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50У быў пашкоджаны ў выніку атакі бесьпілётнікаў на авіябазу ў Мачулішчах.Група ByPol паведаміла пра два выбухі і пашкоджаньне пярэдняй і сярэдняй частак А-50, а таксама антэны радара.
  • Паводле ByPol, менавіта дроны кампаніі DJI скарысталі ўдзельнікі пляну «Перамога» для дывэрсіі, саматужна пераабсталяваўшы іх у дроны-камікадзэ.
  • 2 сакавіка праект «Беларускі Гаюн» паведаміў, што расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50У з рэгістрацыйным нумарам RF-50608 вылецеў у Расею. Як даведаліся журналісты, самалёт прыляцеў на Таганроскі авіяцыйны навукова-тэхнічны комплекс імя Г. М. Берыева, які займаецца аднаўленьнем падобнай тэхнікі.
  • Роля самалёта А-50 — ствараць пазнавальную карціну паветранай абстаноўкі і забясьпечваць каардынацыю дзеяньняў зьнішчальнікаў.
  • Нягледзячы на тое, што пашкоджаньні афіцыйна не пацьверджаныя, брытанская выведка адзначае, што страта А-50 была б значнай для РФ, бо самалёт мае вырашальнае значэньне для расейскіх паветраных апэрацый у стварэньні карціны паветранай прасторы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG