Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе цяпер самалёт А-50, які, магчыма, атакавалі баявымі бесьпілётнікамі ў Мачулішчах? Партал «Зеркало» атрымаў дакладны адказ


Расейскі самалёт А-50
Расейскі самалёт А-50

У чацьвер, 2 сакавіка, беларускія дзяржаўныя СМІ апублікавалі відэа самалёта А-50, які ляціць у паветры з бартавым нумарам 43. Імаверна, менавіта на яго 27 лютага зьдзейсьнілі атаку баявымі бесьпілётнікамі.

Афіцыйныя мэдыя паведамілі, што борт «цэлы, непашкоджаны і нясе службу ў звычайным рэжыме» і ў адпаведнасьці з плянам «зьдзейсьніў аблёт дзяржаўнай мяжы ў групе і суправаджэньні іншых самалётаў».

Тэлеграм-канал «Пул Первого», блізкі да прэсавай службы Лукашэнкі, заявіў, што А-50 суправаджаў «борт № 1». Аднак, як стала вядома тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн», пашкоджаны самалёт пакінуў паветраную прастору Беларусі і, «паводле папярэдняй інфармацыі», адправіўся на рамонт у Таганрог. Дакладнага пацьверджаньня гэтых дадзеных не было.

Іх атрымаў партал «Зеркало».

Пад выглядам супрацоўніцы беларускага аэрадрому ў Мачулішчах, дзе базаваўся А-50, журналістка «Зеркала» патэлефанавала на «Таганроскі авіяцыйны навукова-тэхнічны комплекс імя Г. М. Берыева». У яго склад уваходзіць 325-ы Авіяцыйны рамонтны завод, які займаецца аднаўленьнем падобнай тэхнікі. У прыёмнай адзначылі, што самалёт з бартавым нумарам 43 сапраўды паступіў да іх.

— Я вам тэлефаную наконт рамонту самалёта А-50, які зь Беларусі да вас паступіў. Маё начальства сказала ў вас удакладніць падрабязнасьці...

— А-50? 43-і борт вы маеце на ўвазе?

— Так, так.

— Я вам дам тэлефон, зьвяжыцеся па ім. Гэта дырэктар дырэкцыі гарантыйнага і сэрвіснага абслугоўваньня.

— Проста мне даюць гэтыя нумары, мне хаця б даведацца, колькі самалёт на рамонце будзе...

— Гэта дакладна да яго. Гэты самалёт у яго ведамства паступіў.

— Гэта сапраўды той самалёт, зь Беларусі?

— Так-так, той, які ўчора да нас прыбыў.

У прыёмнай журналістцы далі некалькі нумароў, аднак па ніводным зь іх не адказалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG