Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура прыбрала «экстрэмісцкія» кнігі з онлайн-аўкцыёну


Сымболіка пракуратуры Беларусі
Сымболіка пракуратуры Беларусі

Пракуратура гораду Менску запатрабавала ад уладальніка буйнога онлайн-аўкцыёну кніг выдаліць прапановы аб продажы выданьняў, прызнаных беларускімі ўладамі «экстрэмісцкімі», паведамляе прэс-служба Генпракуратуры Беларусі.

«Падчас маніторынгу ўстаноўлена, што рашэньнем суду Цэнтральнага раёну г. Менску ад 9 студзеня 2023 году кнігі В. Суворава „Тень победы“ і В. Дзяружынскага „Забытая Беларусь“ прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі. Аднак 4 карыстальнікі онлайн-пляцоўкі прапаноўвалі іх да набыцьця неабмежаванаму колу асобаў. У свой час уладальнік сайта не прыняў мераў да своечасовага выдаленьня такіх прапановаў», — гаворыцца ў справаздачы пракуратуры.

Уладальніку сайта накіравалі прадпісаньне з патрабаваньнем выдаліць абвесткі прапановы аб продажы гэтых кніг, што было зроблена, паведамляе ведамства.

Апошнім часам у Беларусі ўсё часьцей затрымліваюць і заводзяць палітычна матываваныя крымінальныя справы за так званую «экстрэмісцкую дзейнасьць»: ёю ўлады прызнаюць удзел у пратэстах, выказваньні ў інтэрнэце супраць уладаў і супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну і інш.

За 2022 год пракуратура разгледзела 1640 крымінальных спраў «экстрэмісцкай накіраванасьці». Акрамя гэтага, паводле ведамства, органы пракуратуры за 2022 год накіравалі ў суд 509 заяваў аб прызнаньні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У 2021 годзе такіх заяваў было 300.

Агулам з 2020 году СК зафіксаваў у Беларусі больш за 11 тысяч «экстрэмісцкіх» злачынстваў, у асноўным пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле Васільева, часьцей за ўсё яны «ўчыняюцца за межамі нашай краіны і ў інтэрнэце».

У 2021–2022 гадах па заявах МУС Беларусі інфармацыйная прадукцыя 778 тэлеграм-каналаў і іншых інтэрнэт-рэсурсаў прызнана судамі экстрэмісцкімі матэрыяламі. Больш за 300 тэлеграм-каналаў і чатаў прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваньнямі. Спынена дзейнасьць больш як 160 тэлеграм-каналаў і чатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG