Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 2022 год пракуратура разгледзела 1640 крымінальных спраў «экстрэмісцкай накіраванасьці»


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Суд у справе Эдуарда Пальчыса (разгляд справы аб прызнаньні экстрэмісцкай «інфармацыйнай прадукцыі на сайце 1863x.com») і пікет у падтрымку Пальчыса каля суду. Менск, 25 жніўня 2016 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Суд у справе Эдуарда Пальчыса (разгляд справы аб прызнаньні экстрэмісцкай «інфармацыйнай прадукцыі на сайце 1863x.com») і пікет у падтрымку Пальчыса каля суду. Менск, 25 жніўня 2016 году

Пракуроры Беларусі за 2022 год выступілі ў судах дзяржаўнымі абвінаваўцамі па 1640 крымінальных справах «экстрэмісцкай накіраванасьці».

Пра гэта паведаміла прэс-служба Генпракуратуры Беларусі па выніках пасяджэньня калегіі ведамства.

Акрамя гэтага, паводле ведамства, органы пракуратуры за 2022 год накіравалі ў суд 509 заяваў аб прызнаньні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У 2021 годзе такіх заяў было 300, адзначаюць у Генпракуратуры. Варта адзначыць, што такія заявы накіроўваюць і іншыя дзяржаўныя органы, напрыклад, Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Апошнім часам у Беларусі ўсё часьцей затрымліваюць і заводзяць палітычна матываваныя крымінальныя справы за так званую «экстрэмісцкую дзейнасьць»: ёй улады прызнаюць удзел у пратэстах, выказваньні ў інтэрнэце супраць уладаў і супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну і інш.

Раней Сьледчы камітэт паведамляў, што агулам з 2020 году ў Беларусі зафіксавана больш за 11 тысяч «экстрэмісцкіх» злачынстваў, у асноўным пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

У 2022 годзе было зарэгістравана каля 4300 «экстрэмісцкіх» злачынстваў, але больш за палову зь іх «зьдзейсьнена ў 2020 — 2021 гадах». Паводле намесьніка старшыні СК Анатоля Васільева, часьцей за ўсё яны «ўчыняюцца за межамі нашай краіны і ў інтэрнэце».

Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі

14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.

У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.

Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.

«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.

Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.

Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
  • Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG