Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік памежнай службы Ўкраіны: «Мы ведалі пра напад зь Беларусі, але думалі, што расейцы ўвойдуць пад выглядам беларускай арміі»


Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Сяргей Дэйнэка
Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Сяргей Дэйнэка

Сяргей Дэйнэка расказаў, як сустракаўся з Анатолем Лапо і даваў яму паслухаць перахопы размоў расейскіх вайскоўцаў. «Ён пабляднеў, потым стаў чырвоным, потым зялёным, абяцаў, што ў той жа вечар зробіць даклад Лукашэнку. Ну а далей мы ўжо бачылі, што адбывалася».

Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Сяргей Дэйнэка за тры дні да расейскага ўварваньня папярэдзіў вышэйшае ўкраінскае кіраўніцтва аб тым, што наступ арміі Расеі адбудзецца з тэрыторыі Беларусі.

«Мы дакладна разумелі, што ўварваньне будзе з тэрыторыі Беларусі, па чарнобыльскім кірунку. Дакладна разумелі, што будзе на мяжы Харкаўскай і Луганскай абласьцей, дзе вораг мусіў зайсьці, каб атачыць і зьліквідаваць нашу групоўку ў зоне апэрацыі Аб’яднаных сіл», — сказаў Дэйнэка ў інтэрвію выданьню «Українська правда».

Паводле яго, былі сумневы толькі ў тым, што Расея будзе наступаць з Крыму.

«З Данбасу па лініі сутыкненьня гэта было абсалютна зразумела. З тэрыторыі Беларусі яны маглі пайсьці не як расейская армія, а з шаўронамі Беларусі, у беларускай форме. А ісьці з Крыму — там жа толькі расейцы, больш нікога. Таму я да апошняга меў сумневы аб іхным наступе з Крыму. На жаль, я памыліўся», — патлумачыў ён.

«21 лютага я пісьмова паінфармаваў усе вышэйшыя органы аб тым, што вайна будзе. Так, дата поўнамаштабнага наступу пераносілася. Спачатку гэта было 19 лютага, потым 22-га і апошняя — 24 лютага», — дадаў Сяргей Дэйнэка.

Кіраўнік украінскіх памежнікаў паведаміў, што да ўварваньня яны пасьпелі вывезьці з усіх памежных абласьцей важныя дакумэнты.

Сяргей Дэйнэка таксама паведаміў, што 19 лютага 2022 году на мяжы правёў сустрэчу з старшынёй Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Анатолем Лапо.

«Я перадаў яму нашу інфармацыю, папрасіў перадаць як саманазванаму прэзыдэнту Лукашэнку, тым больш што той таксама ж памежнік. Лукашэнка ж праходзіў тэрміновую службу ў памежных войсках КДБ СССР. Таму ён павінен быў разумець, што памежнікі павінны прадухіліць парушэньне мяжы, а не спрыяць яму. Мой калега запэўніў, што „гэтага ня можа быць“. Але па ягонай рэакцыі я бачыў, што ён хлусіць. Гэта была апошняя сустрэча і апошняя размова зь ім», — прыгадаў украінскі памежнік.

Сяргей Дэйнэка таксама паведаміў, што даў паслухаць Анатолю Лапо перахопы размоў расейскіх вайскоўцаў. «Ён пабляднеў, потым стаў чырвоным, потым зялёным, абяцаў, што ў той жа вечар зробіць даклад Лукашэнку. Ну а далей мы ўжо бачылі, што адбывалася», — удакладніў ён.

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG