Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) лічаць, што ў Крамлі ствараюць умовы, каб імітаваць фальшывае ўварваньне ўкраінскай арміі ў Беларусь і такім чынам уцягнуць Аляксандра Лукашэнку ў вайну з Украінай.
«Беларуская ці расейская атака на паўночныя рэгіёны Ўкраіны зусім малаімаверная, але Расея імкнецца прымусіць Лукашэнку [уступіць у вайну] і абвінаваціць Украіну ў пашырэньні вайны і падарваць [міжнародную] падтрымку Кіева. Такая апэрацыя пад „чужым“ сьцягам таксама можа быць накіравана на замацаваньне ўкраінскіх сіл на паўночнай мяжы, каб аслабіць украінскую абарону на ўсходзе і яе падрыхтоўку да контранаступу», — мяркуюць экспэрты ISW.
Экспэрты інстытуту пішуць, што аналягічная правакацыя магчымая і на мяжы з Малдовай. Паводле іх, заява Міністэрства абароны Расеі аб тым, што ўкраінскае войска нібыта плянуе «ўзброены напад на Прыднястроўе», сьведчыць аб падрыхтоўцы аналягічнай правакацыі і на межах Малдовы.
«Распаўсюджаньне Міністэрствам абароны Расеі такога лжывага наратыву не азначае, што Пуцін мае намер напасьці на Малдову, бо для такой кампаніі яму не хапае вайсковага патэнцыялу, але гэта паказвае на эскаляцыю яго пастаянных намаганьняў падарваць малдоўскую дзяржаву», — адзначаецца ў справаздачы Інстытуту вывучэньня вайны.
Мінабароны Малдовы з нагоды інфармацыі, якая цыркулюе ў інтэрнэт-прасторы, адносна магчымых выклікаў Украіны ў рэгіёне левабярэжжа Днястра:️
«Адзначаем, што на гэты момант прамых пагроз ваеннай бяспецы дзяржавы няма. Міністэрства абароны сочыць за ўсімі падзеямі, дзеяньнямі і зьменамі, якія адбываюцца ў рэгіёне і на тэрыторыі, падкантрольнай тыраспальскаму рэжыму. Міністэрства супрацоўнічае з усімі іншымі органамі бяспекі дзяржавы, каб разам прадухіляць любыя спробы дэстабілізацыі, падтрымліваць мір і стабільнасць у краіне, каб нашы грамадзяне былі ў бяспецы».
Мінабароны заклікала грамадзян Малдовы захоўваць спакой і давяраць інфарамцыі толькі з афіцыйных крыніц.
23 лютага ўкраінская выведка паведаміла, што ў раёне паўночных межаў з Чарнігаўскай вобласьцю зафіксавалі рух калён вайсковай тэхнікі ў раёне мяжы з Чарнігаўскай вобласьцю без апазнавальных знакаў і жывой сілы, апранутай у «піксэль», падобны да формы Ўзброеных сіл Украіны.
«Акупанты рыхтуюць магчымыя правакацыі да гадавіны поўнамаштабнага наступу, хутчэй за ўсё, іхная мэта — абвінаваціць украінскіх абаронцаў у парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці», — паведамілі ў камандаваньні Ўзброеных сіл Украіны, якія абараняюць поўнач краіны.
У той жа час у Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заявілі, што Расея працягвае падтрымліваць інфармацыйную кампанію аб магчымым паўторным наступе на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі, але там няма неабходных для гэтага ўдарных фармаваньняў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.