У ноч на 11 лютага расейскія вайскоўцы скінулі на востраў Зьмяіны чатыры авіяцыйныя бомбы, паведаміў у тэлеграме кіраўнік Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Максім Марчанка.
Паводле зьвестак апэратыўнага камандаваньня «Поўдзень», бомбы скінулі два расейскія бамбавікі Су-24М. У камандаваньні мяркуюць, што гэтым нападам Расея хацела «стварыць панічныя настроі сярод насельніцтва прымежных з Малдовай і непрызнаным Прыднястроўем раёнаў»
Таксама ўначы войска РФ атакавала Адэскую вобласьць з самалётаў і берагавога комплексу «Бастыён». Ёсьць трапляньне ракет у прыбярэжную зону, паведаміў Марчанка. Паводле інфармацыі ўладаў, ніхто не пацярпеў.
Расея захапіла востраў Зьмяіны ў першы дзень вайны. Тады ў адказ на патрабаваньне экіпажа крэйсэра «Масква» ўкраінскаму памежніку здацца, вайсковец адказаў «Рускі ваенны карабель, ідзі на ***» — фраза стала адным з сымбаляў супраціву Ўкраіны расейскаму ўварваньню. З таго часу баі за востраў практычна не спыняліся.
У канцы чэрвеня 2022 году гады расейскія вайскоўцы пакінулі Зьмяіны. Мінабароны РФ заявіла, што «завяршыла выкананьне пастаўленых задач на востраве» і назвала вывад войскаў «жэстам добрай волі». Ва Ўкраіне ў сваю чаргу заявілі, што расейцы «пасьпешна эвакуявалі рэшткі гарнізона» з вострава пасьля пасьпяховых абстрэлаў украінскімі сіламі.