Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы — здраднікі, расейцы — забойцы, украінцы — героі». Пра зручную хлусьню і няёмкую праўду вайны


Уладзімір Зяленскі, Васіль Быкаў, Аляксандар Твардоўскі. Каляж
Уладзімір Зяленскі, Васіль Быкаў, Аляксандар Твардоўскі. Каляж

У вайны шмат праўдаў і шмат крыўдаў. Ня толькі ў гэтай, украінска-расейскай, унутры якой (ці побач зь якой) усе мы жывём ужо амаль год. Увогуле ў вайны.

Тое, што з аднаго «нацыянальнага» акопа выглядае як доблесьць, самаахвярнасьць і адвага, з другога — як жорсткасьць, бессэнсоўнасьць і маральнае прыніжэньне.

Адрозьніць адно ад другога бывае вельмі няпроста. Асабліва калі прапаганда з усіх бакоў штохвіліны насаджае прымітыўныя, спрошчаныя, але даходлівыя і зручныя тлумачэньні і адказы.

Зноў і зноў натыкаюся ў інтэрнэце на відэаролікі, на якіх пад бравурную музыку і часам са зьдзеклівым закадравым камэнтаром паказаны апошнія хвіліны чалавечага жыцьця. Гэта не пастановачныя кадры — проста тэхнічнае відэа з дрона ці з камэры, замацаванай на касцы салдата, які ідзе ў атаку. Вось салдацік асьцярожна пасоўваецца па траншэі. Вось на яго скідваюць гранату з дрона. Дакладна падае, проста пад ногі.

І вось ляжыць гэта маленькае хлапечае цела, пашматанае выбухам прыцэльна скінутай гранаты, на краі акопа. Каска адляцела ўбок. Рука паднятая да вачэй, нібы ў апошні момант ён спрабаваў захіліцца ад немінучага. Нага неяк няёмка, па-дзіцячы падкурчаная. Рудыя плямы крыві на яшчэ зусім новым бушлаце. А нябачны апэратар дрона ўсё нарэзвае і нарэзвае кругі над гэтым акопам, выхопліваючы ўсё новыя дэталі сваёй удалай атакі. Бадзёры голас за кадрам на тле нейкай бравурнай казацкай песьні расказвае пра «яшчэ аднаго зьліквідаванага орка» і пра тое, што «яшчэ адна сям’я акупанта зможа парадавацца новай «Ладзе Каліна».

Разьбітая расейская тэхніка ля Ізюма Харкаўскай вобласьці, 13 верасьня 2022
Разьбітая расейская тэхніка ля Ізюма Харкаўскай вобласьці, 13 верасьня 2022

...Ну акупант жа, так? Хто яго клікаў ва Ўкраіну? Хіба ў Бучы не такія, як ён, гвалцілі і катавалі? Хіба маральная адказнасьць не кладзецца на ўсіх іх? Ён прыйшоў са зброяй у руках у чужую краіну. Ён павінен быў ведаць, на што ішоў. Калі б не хацеў, калі б быў «добрым рускім» — павінен быў уцячы за мяжу. Ці «закасіць» ад службы ў войску, ад прызыву... Звыклыя штампы ваеннай прапаганды.

Загінуць, як усе

А што мы ведаем пра гэтага «маленькага рускага»? Зусім магчыма, што ён — з тых 70 працэнтаў расейцаў, якія ўвогуле ніколі ў жыцьці не бывалі за мяжой. Жыў сабе гэты хлопец дзе-небудзь у далёкай расейскай глыбінцы за Ўралам, адкуль, як пісаў Гогаль, «хоць тры гады скачы, ні да якой дзяржавы не даедзеш». Якія замежныя паездкі, калі заробак у мясцовым леспрамгасе такі, што ледзь канцы з канцамі зводзіш? Самая далёкая вандроўка ў жыцьці калі і была, то ў абласны цэнтар. Вучыўся сяк-так (ды і якая там была школа, дзе амаль усе прадметы выкладаў адзін і той жа настаўнік). Выпіваў (а хто ў Расеі ня п’е?). Кніг не чытаў (а дзе тыя кнігі — адзіная ў пасёлку бібліятэка даўно закрытая). І вось прыходзіць позва з ваенкамата... Пагаласіла маці, перахрысьціла на дарожку. Выпілі зь сябрамі. Як усе. Як заўсёды было на Русі. Начальству відней. Трэба — значыць, трэба. Дзяды гэтак жа ваявалі...

Расейскі салдат на танку з нарабаванай маёмасьцю. Папасная Луганскай вобласьці, 26 траўня 2022
Расейскі салдат на танку з нарабаванай маёмасьцю. Папасная Луганскай вобласьці, 26 траўня 2022

І нават калі ў яго не было ніякага жаданьня ісьці ваяваць за той Бахмут, пра які ён ніколі ня чуў, ва Ўкраіну, якой ніколі ў вочы ня бачыў. А якая ў яго была альтэрнатыва? Куды яму ўцякаць бяз грошай, бяз дакумэнтаў, нават калі і вельмі хацеў бы? Хіба што ў тайзе хавацца?

І нехта хоча, каб я радаваўся гэтай сьмерці? Каб напаўняўся гонарам ад выгляду адарваных канцавін і вантробаў, накручаных на танкавыя тракі? І яшчэ адно (можа, самае крамольнае па сёньняшнім часе пытаньне): а ва Ўкраіне і Беларусі было б па-іншаму?

Аляксандар Твардоўскі
Аляксандар Твардоўскі

У выдатнага расейскага паэта Аляксандра Твардоўскага ёсьць верш, напісаны ў 1943 годзе пра савецка-фінскую вайну. (Нават дзіўна, што яго прапусьціла тагачасная цэнзура). Верш гэты пра сутнасьць любой вайны. 80 мінулых гадоў тут нічога не зьмянілі ні ў дэталях, ні ў глыбіннай сутнасьці:

Из записной потертой книжки

Две строчки о бойце-парнишке,

Что был в сороковом году

Убит в Финляндии на льду.

Лежало как-то неумело

По-детски маленькое тело.

Шинель ко льду мороз прижал,

Далёко шапка отлетела.

Казалось, мальчик не лежал,

А все ещё бегом бежал

Да лёд за полу придержал...

Среди большой войны жестокой,

С чего — ума не приложу,

Мне жалко той судьбы далёкой,

Как будто мёртвый, одинокий,

Как будто это я лежу,

Примёрзший, маленький, убитый

На той войне незнаменитой,

Забытый, маленький, лежу.

«Мы больш ніколі ня будзем братамі»

Мой сябар ужо больш як трыццаць гадоў жыве ва Ўкраіне, у Харкаве. Як і амаль усе там, пераважна расейскамоўны. Да вайны быў апалітычны. Але як усё зьмяніла вайна!

— Яны забойцы і дзікуны. Мы больш ніколі ня будзем братамі. Салдацкія труны ідуць у Расею сотнямі тысяч. Чаму мы ня бачым пратэстаў на вуліцах вашых гарадоў? Труны сваіх сыноў расейскія маці атрымліваюць тысячамі і маўчаць. І беларусы як мышы пад венікам, «цярпілы». Украінцы ўжо даўно б разьнесьлі на шматкі вашу гнілую дыктатуру.

Я цаню свайго старога сябра. Ведаю, што ягоная сям’я днямі вымушаная абыходзіцца ў шматкватэрным доме без электрычнасьці і вады, што ня раз пасьля расейскіх абстрэлаў даводзілася мяняць шыбы ў вокнах. Я стараюся старанна падбіраць аргумэнты, словы і выразы. Пра тое, што на адным баку ня толькі героі, на другім ня толькі забойцы, а на трэцім — не адны «цярпілы». І на ягоныя зусім слушныя аргумэнты можна знайсьці ня менш важкія аргумэнты ў адказ.

Палоненыя на вайне з Фінляндыяй савецкія салдаты. 1940
Палоненыя на вайне з Фінляндыяй савецкія салдаты. 1940

Напрыклад, тое, што ў сталінскім СССР на ганебную і несправядлівую савецка-фінскую вайну гвалтам забіралі ўсіх — расейцаў, украінцаў, беларусаў. Нехта наважваўся пратэставаць?

У 30-я ва Ўкраіне гінулі ад справакаванага Крамлём голаду мільёны. Людзі выйшлі тады хоць на адзін Майдан?

Што бывае, калі ў таталітарнай дзяржаве народ адважваўся на пратэст, паказалі, напрыклад, падзеі 1962 года ў расейскім Новачаркаску. Людзі выйшлі на мітынг супраць падвышэньня цэнаў — а супраць іх кулямётны агонь. Дзясяткі застрэленых. Потым савецкія «справядлівыя» суды: сем сьмяротных прысудаў найбольш актыўным удзельнікам, астатнім — турэмныя тэрміны да 15 гадоў. У сёньняшняй Беларусі адбываецца прыблізна тое ж.

І ідэалізацыя сёньняшніх Украіны і ўкраінцаў — таксама з гэтага ж шэрагу. Так, украінцы адважна абараняюцца, вайна зь іхнага боку справядлівая, абарончая, айчынная. Але згадайма 2014 год. Калі ў Крыме вялізныя армейскія часткі УС Украіны моўчкі складвалі зброю перад ворагам, адчынялі брамы вайсковых гарадкоў, сотні афіцэраў прымалі прысягу на вернасьць акупантам...Калі б ня тая ганебная здача Крыму, магчыма, і ўварваньня 24 лютага 2022 года не было б. Разьлік жа ў Пуціна быў у значнай ступені на тое, што крымскі трыюмф яму ўдасца паўтарыць.

Ды і сёньняшнія ўкраінскія рэаліі — не адны толькі ўзоры масавага гераізму. Калі на вуліцах многіх эўрапейскіх гарадоў бачыш мноства мужчын прызыўнога ўзросту, якія размаўляюць між сабой па-ўкраінску (ці па-расейску з прыкметным украінскім акцэнтам), міжволі паўстаюць пытаньні. Асабліва з улікам таго, што выезд вайсковабавязаных з тэрыторыі Ўкраіны нібыта забаронены.

...Падазраю, што прыблізна такія ж дыялёгі адбываюцца паміж тысячамі і тысячамі людзей. Даходзіць да сварак, лаянак, разрываў шматгадовых сяброўскіх сувязяў. Лявіна ўзаемнай нянавісьці нарастае, і цяжка нават уявіць, што можа спыніць яе.

Лёгіка вайны

Лёгіка вайны жорсткая. У першыя тыдні, калі вогнішча толькі распаленае і полымя нянавісьці да ворагаў, шавінізму і лжэпатрыятызму шугае да нябёсаў, можна колькі заўгодна апэляваць да розуму, разважлівасьці, чужога досьведу — усё будзе бескарысна. Гэтак на пачатку Першай сусьветнай шматтысячныя натоўпы ва ўсіх буйных расейскіх гарадах са сьлязьмі на вачах кленчылі перад партрэтамі Мікалая ІІ, масава запісваліся ў добраахвотнікі, у адзіным парыве сьпявалі «Боже, царя храні...». і кляліся бязьлітасна зьнішчаць «ненавісных германцаў». Але мінуў нейкі год-паўтара — і на тле беспасьпяховай, зацяжной, крывавай калатнечы ў мільёнах салдацкіх душаў адбыліся кардынальныя зрухі.

Патрыярх Ціхан як маскоўскі мітрапаліт дабраслаўляе ўдарны батальён перад адпраўкай на фронт 1917 год, Масква, Красная плошча
Патрыярх Ціхан як маскоўскі мітрапаліт дабраслаўляе ўдарны батальён перад адпраўкай на фронт 1917 год, Масква, Красная плошча

Падчас Першай сусьветнай гэтае працьверажэньне і асэнсаваньне бессэнсоўнасьці і злачыннасьці ўзаемнага забойства ўвасобілася ў салдацкіх братаньнях на лініі фронту. Масавы распаўсюд яны атрымалі на другім годзе вайны — у канцы 1916-га і асабліва ў 1917 годзе. У Велікодны тыдзень 1917-га братаньні набылі выключна шырокі размах, асабліва на Паўднёва-заходнім фронце. У іх тады ўдзельнічала больш за сотню палкоў. Адметнасьць гэтага ўчастку фронту была ў тым, што па абодва бакі, здаралася, ваявалі салдаты адной нацыянальнасьці — украінцы, палякі, славакі. Ім лёгка было зразумець адзін аднаго: размаўлялі часта на адной мове. Але што найбольш аб’ядноўвала: асэнсаваньне таго, што ні адным, ні другім гэтая вайна не патрэбна; што няма ў ёй ніякага высокага сэнсу, пра які забівала галовы прапаганда, а ёсьць толькі бруд, кроў і пакуты. І гэта аб’ядноўвала змучаных, расчараваных, спустошаных людзей, якія раптам выходзілі адзін насустрач другому на нэўтральную паласу, частавалі адзін аднаго цыгарэтамі і віном, пазіралі адзін аднаму ў вочы і бачылі там уласнае адлюстраваньне, адбітак уласных страхаў, мараў і памкненьняў.

Расейскія салдаты перад адпраўкай на фронт. Масква, чэрвень 1917
Расейскія салдаты перад адпраўкай на фронт. Масква, чэрвень 1917

Менавіта там і сканчалася тая вайна. Там, дзе разбураліся ўсе прыдуманыя палітыкамі прапагандысцкія міты і штампы, дзе да самых атручаных і агаломшаных прапагандай даходзіла простая ісьціна: ва ўзаемным забойстве няма ніякай высокай мэты, а гінуць іх прымушаюць за чужыя інтарэсы, часта дробязныя, карысьлівыя, накіраваныя выключна на задавальненьне ўласнай правадырскай пыхі і ганарлівасьці.

«Вайна — подлае забойства і нічога больш»

Магчыма, гэта будзе найбольш складаным пасьля вайны — захаваць разважны сэнс пад перакрыжаваным агнём няпраўды і прапаганды, пазбавіцца ад нянавісьці і жорсткасьці. Асэнсаваць, што віна ў тым, што здарылася, на кожным розная, і ніякай калектыўнай віны быць не павінна. Адна віна — на тых, хто сьвядома распальваў гэта полымя, і зусім іншая на тых, каго ў гэта полымя гвалтам кінулі, у каго фактычна не было выбару. Калі пасьля Другой сусьветнай чалавецтва арганізавала для ваенных злачынцаў трыбунал у Нюрнбэргу, перад судзьдзямі паўсталі пераважна стваральнікі і верхаводы Трэцяга райху, ідэолягі, натхняльнікі, стратэгі і правадыры, а не сяржанты і фэльдфэбэлі Вэрмахту. Гэтак, відавочна, будзе і пасьля гэтай вайны.

Абвінавачаныя Герман Герынг і Рудольф Гес на лаве падсудных падчас судовага працэсу над групай галоўных нацысцкіх вайскоўцаў
Абвінавачаныя Герман Герынг і Рудольф Гес на лаве падсудных падчас судовага працэсу над групай галоўных нацысцкіх вайскоўцаў

Ніхто замест саміх расейцаў, украінцаў і беларусаў не адновіць іхнага пасьляваеннага мірнага суіснаваньня. Бранск, Сумы і Гомель застануцца суседнімі гарадамі, ніхто не перанясе іх у іншае месца. І простая думка рана ці позна дойдзе калі не да большасьці, то да значнай часткі: што і ўкраінцы ня ўсе героі, і расейцы ня ўсе забойцы, і беларусы ня ўсе здраднікі....

У свой час я сустракаўся і меў даволі шчырыя размовы з многімі колішнімі салдатамі Другой сусьветнай. Спрабую і не магу ўспомніць, каб яны расказвалі пра нянавісьць да салдатаў з таго боку акопаў, каб з задавальненьнем ці з гонарам апісвалі сцэны, калі даводзілася забіваць ці бачыць сьмерць ворага. Наадварот, большасьць ухілялася ад такіх расповедаў, нават калі я задаваў падобныя пытаньні. Найчасьцей чуў у адказ: «Страляў здалёку, што там убачыш»; «Вочы ў вочы нікога не забіваў». З большай ахвотай успаміналі якраз пра тое, што выклікала спачуваньне і шкадаваньне.... Напрыклад, адзін мой суразмоўца і праз сорак гадоў пасьля вайны ўспамінаў, як аднаго разу пасьля ўдалай атакі, захапіўшы нямецкі акоп, даставаў з падсумкаў забітых салдатаў дакумэнты і як няёмка, балюча, да сьлёз у вачах было глядзець на чужыя сямейныя фота, асабліва малых дзяцей, якія ніколі не дачакаюцца бацьку.

Віктар Астаф'еў. 1996
Віктар Астаф'еў. 1996

Вядомы расейскі пісьменьнік Віктар Астаф’еў, які на вайну трапіў у 1942-м маладзенькім, задураным прапагандай добраахвотнікам, прайшоўшы праз акопнае пекла, потым усё сваё пасьляваеннае пісьменьніцкае жыцьцё пісаў пра вайну як праз найбольшае зло і злачынства. У адным зь лістоў ужо на схіле гадоў, у 1991-м, ён прызнаваўся: «І вайна — самае агіднае, самае амаральнае, подлае забойства і нічога больш. Каб паўтарылася вайна, я цяпер ні за што не пайшоў бы на фронт, каб ратаваць фашызм, толькі назад чырвоным гузічкам, і, ратуючы які, мы нарэшце дамагліся нябачанага і нечуванага шчасьця. І дзеля гэтага паміраць?».

З таго ж пакаленьня і з падобным жа ўласным досьведам вайны быў наш Васіль Быкаў, які пісаў, што «Порахам чалавека ня выхаваеш» і што «Вайна надзіва сьляпая ў адносінах да людзей і далёка не па іхных заслугах распараджаецца жыцьцямі».

Васіль Быкаў
Васіль Быкаў

У брэжнеўскім СССР і да аднаго, і да другога стаўленьне было недаверліва-насьцярожаным. У позьнесавецкія часы, праўда, да абодвух улада раптам праніклася пашанай і павагай як да сумленьня нацыі: абодва атрымалі найвышэйшыя ўзнагароды, у тым ліку залатыя зоркі «Героя Працы».

Калі б дажылі да сёньняшняга дня, абодва, напэўна, пайшлі б пад суд — за адсутнасьць патрыятызму, паражэнства, ачарненьне дзяржаўнага ладу і «распаўсюд фэйкаў пра савецкую армію».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG