Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі ў Брусэлі: Расея вайной супраць Украіны намагаецца зьнішчыць эўрапейскі лад жыцьця


Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Эўрапарлямэнце. Брусэль, 9 лютага 2023
Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Эўрапарлямэнце. Брусэль, 9 лютага 2023

Візыт Уладзіміра Зяленскага ў Брусэль пачаўся з выступу перад дэпутатамі Эўрапарлямэнту, які ён пачаў са слоў «Слава Ўкраіне!». І ўсе эўрапейскія дэпутаты адказалі: «Героям слава!».

Прэзыдэнт Украіны працягвае сваё эўрапейскае турнэ сустрэчай у Эўрапарлямэнце і на саміце лідэраў краін Эўразьвязу.

Украінскі прэзыдэнт у выступе перад дэпутатамі Эўрапарлямэнту заявіў, што сумленныя выбары зьяўляюцца для Ўкраіны шляхам «вяртаньня ў эўрапейскі дом», і Расея сваёй вайной намагаецца зьнішчыць гэты шлях.

«Гэтая татальная вайна, разьвязаная Расеяй, ня толькі ў той ці іншай тэрыторыі Эўропы. Яе пагроза ў тым, што ёсьць дыктатар з шалёнымі запасамі савецкай зброі, якая падсілкоўваецца зброяй ад іншых дыктатур, у прыватнасьці ад іранскага рэжыму», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Дэпутаты Эўрапарлямэнту часта перарывалі выступ Зяленскага сваімі воплескамі. Украінскі прэзыдэнт на гэта адказаў, што лічыць іх воплескамі кожнаму ўкраінцу. Да гэтага ўкраінскі прэзыдэнт ужо выступаў перад эўрапейскімі парлямэнтарамі летась, але дыстанцыйна. Цяпер ён асабіста падзякаваў усім за падтрымку Ўкраіны.

«Эўропа застанецца свабоднай, пакуль мы разам і пакуль мы дбаем аб нашай Эўропе. Расейскі рэжым сьвядома інвэстуе ў ксэнафобію і намагаецца зрабіць часткай нармальнасьці на нашым кантынэнце ўсё тое нечалавечае, што было ў 1930–1940 гадах. Але ці навечна гэта? Гэтае пытаньне для ўсіх нас. Адказ: не. Мы абараняемся ад найбольшай антыэўрапейскай сілы сучаснага сьвету. Мы, украінцы на полі бою разам з вамі», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнтка Эўрапарлямэнту Рабэрта Мэцола заявіла, што Ўкраіна цяпер на адстойвае эўрапейскія каштоўнасьці на полі бою.

«Мы разумеем, што вы змагаецеся ня толькі за свае каштоўнасьці, а і за нашыя, за тыя ідэі, які нас усіх робяць эўрапейцамі, таму што Ўкраіна — гэта Эўропа, і будучыня вашага народу — у Эўрапейскім зьвязе», — заявіла яна.

У канцы лютага 2022 году, праз чатыры дні пасьля пачатку вайны, найвышэйшае кіраўніцтва Ўкраіны — прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, сьпікер парлямэнту Руслан Стэфанчук і прэм’ер Дзяніс Шмыгаль — падпісалі заяўку Ўкраіны на ўступленьне ў Эўразьвяз. У чэрвені лідэры краін ЭЗ яе разгледзелі і ўхвалілі рашэньне аб наданьні Ўкраіне статусу кандыдата на ўступленьне ў Эўразьвяз.

Цяпер украінскія ўлады просяць Эўразьвяз пачаць сёлета перамовы аб уступленьні Ўкраіны ў ЭЗ.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG