Перад тым як захапіць гэтую тэрыторыю, расейская армія жорстка яе абстрэльвала. У выніку толькі ў раённым цэнтры зьнішчана больш за 70 адсоткаў будынкаў.
Паводле мясцовай паліцыі, у адным месцы пахавана звыш 400 целаў. Іх эксгумуюць і накіруюць на экспэртызу.
Сьледчыя заклікалі жыхароў дэакупаваных населеных пунктаў захоўваць доказы ваенных злачынстваў Расеі і перадаваць іх у праваахоўныя органы.
Катавалі, як у Бучы на Кіеўшчыне
Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец паказаў адзін з падвалаў у Ізюме, дзе расейцы катавалі мясцовых жыхароў і палонных вайскоўцаў.
Паводле яго, на падлогу расейцы паклалі лінолеум, каб лягчэй змываць кроў.
«У нас ёсьць сьведчаньні шматлікіх людзей, што менавіта тут адбываліся допыты», — сказаў украінскі амбудсмэн.
Дзьмітро Лубінец дадаў, што адзін расеец «выбіваў» сьведчаньні, а другі іх запісваў. Паводле яго, расейцы дабіваліся ад мясцовых згоды на супрацу або прызнаньня ў шпіянажы супраць Расеі.
«Буча, Марыюпаль, цяпер, на жаль, Ізюм... Расея паўсюль пакідае пасьля сябе сьмерць. І павінна за гэта адказваць. Сьвет павінен прыцягнуць Расею да рэальнай адказнасьці за гэтую вайну», — заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
Праваахоўныя органы гавораць пра тысячы ахвяр
Дакладную колькасьць ахвяр расейскай агрэсіі і акупацыі яшчэ давядзецца вызначыць. Сьледчыя Службы бясьпекі і паліцыі Ўкраіны ўжо пачалі актыўна дакумэнтаваць ваенныя злачынствы расейскай арміі ў Харкаўскай вобласьці. Яны заклікалі мясцовых жыхароў перадаваць у праваахоўныя органы фота- і відэаматэрыялы аб злачынствах, інфармацыю аб калябарантах, а таксама сьведчаньні пра зьдзекі зь мірнага насельніцтва і катаваньні.
Упаўнаважаны ў пытаньнях зьніклых бязь вестак у асаблівых абставінах Алег Катэнка сьцьвярджае, што ў Ізюмскім раёне выяўлена некалькі месцаў масавага пахаваньня. Іх дапамагалі знайсьці мясцовыя жыхары. «У Ізюме такіх лякацый вельмі шмат. Я маю на ўвазе Ізюмскі раён — гэта і Каменка, і Даўгенькае, дзе адбываліся баі. Мы яшчэ ня ўсе целы забралі», — сказаў ён.
Толькі ў адным з пахаваньняў, паводле мясцовай паліцыі, знайшлі 440 трупаў. Яно было арганізавана паблізу мясцовых могілак. Над пахаваньнямі стаяць безыменныя крыжы, а ў адной з магіл пахаваныя 17 украінскіх вайскоўцаў. У іншых месцах мясцовыя пазначылі прозьвішчы загінулых, сярод якіх былі цэлыя сем’і.
На іншых месцах пахаваньня змогуць пачаць работы па ідэнтыфікацыі целаў толькі пасьля таго, як абясшкодзяць міны.
Дарадца міністра абароны Ўкраіны Аляксей Капыцька паведаміў, што па маштабах разбурэньняў і колькасьці ахвяр Ізюм перасягнуў Барадзянку і Бучу Кіеўскай вобласьці.
«Ізюм — гэта некалькі Барадзянак з пункту гледжаньня разбурэньняў і некалькі, мінімум дзьве Бучы з пункту гледжаньня ахвяраў цывільнага насельніцтва. На Ізюм расейскія акупанты запусьцілі больш ракет, чым на Марыюпаль, хоць насельніцтва ў Ізюме прыкладна ў 10 разоў менш. Ёсьць жылыя шматпавярховыя будынкі, на якія сьвядома кідалі авіябомбы. Склаліся цэлыя пад’езды. Дзясяткі загінулых», — паведаміў Аляксей Капыцька.
«Яны казалі: „Ня бойцеся, мы вас ратуем“»
Жыхары аднаго з вызваленых населеных пунктаў Ірына і яе муж Сяргей расказалі журналістам тэлеканалу «НВ», што для іх акупацыя пачалася імгненна. Шанцаў выехаць не было, бо празь некалькі гадзін пасьля захопу расейцы паставілі блёкпасты і на падкантрольную Кіеву тэрыторыю ўжо нікога не выпускалі.
«Яны хадзілі па вуліцах, яны ламалі будынкі. Глядзелі, хто дзе жыве, дзе якія дывэрсанты. Мы расказвалі, што тут проста дачнікі. [Яны казалі]: „Ня бойцеся, мы вас уратуем. Мы расейцы“», — сказала Ірына.
«„Мы вас вызваляць прыйшлі“, — дадаў ейны муж Сяргей. — Я кажу: „Ужо вызвалілі. Лецішча няма. Машыну забралі. Вызвалілі нас ад усяго“».
Паводле сямейнай пары, расейцы разьмясьцілі сваю артылерыю побач зь іхным домам.
«Страшна было. Уначы былі танкі. Я ў падвале вось так [гляджу] у зямлю і думаю: „Божа, або мяне прыдушыць... або мяне расстраляюць...“ Я ўвесь час думала, якой сьмерцю я памру», — дадала Ірына і заплакала.
Сяргей расказаў, што часам падкідаў на дарогу расейцам дробныя часткі снарадаў, якія не разарваліся. А каб не памерці ад голаду, яны кралі ў расейцаў бляшанкі з супам. Ірына кажа, што за час акупацыі схуднела на 17 кіляграмаў.
Украінскае войска замацоўвае свае пазыцыі
Вайсковае кіраўніцтва Ўкраіны пакуль не паведамляе аб вызваленьні ад расейскай арміі новых населеных пунктаў.
У той жа час, паводле зьвестак амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), украінскія войскі працягваюць контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны, узмацняючы ціск на расейскія пазыцыі і матэрыяльна-тэхнічныя базы на ўсходзе Харкаўскай, поўначы Луганскай і ўсходзе Данецкай абласьцей.
Расейскія крыніцы паведамляюць, што ўкраінскія войскі працягваюць наземныя апэрацыі на паўднёвы захад ад Ізюму, каля Ліману і на ўсходнім беразе ракі Аскол, нібыта прымушаючы расейскія войскі адступіць зь некаторых раёнаў усходняй Украіны і ўзмацніць іншыя кірункі.
«Расейскія войскі ва ўсходняй Украіне, хутчэй за ўсё, будуць зь цяжкасьцю ўтрымліваць сваю абарончую лінію, калі ўкраінскія войскі працягнуць прасоўвацца далей на ўсход», — рэзюмавалі экспэрты ISW.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.