Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салман Рушдзі выпускае новы раман праз паўгода пасьля атакі на яго з нажом


Салман Рушдзі
Салман Рушдзі

Новы раман пісьменьніка «Горад Перамогі» будзе апублікаваны ў аўторак, 7 лютага, амаль праз паўгода пасьля таго, як нападнік некалькі разоў ударыў пісьменьніка нажом на сцэне падчас лекцыі ў штаце Нью-Ёрк, што было шырока асуджана як замах на свабоду слова.

75-гадовы Салман Рушдзі асьлеп на правае вока, а левая рука была моцна паранена нажом. Замах адбыўся больш як праз тры дзесяцігодзьдзі пасьля таго, як Іран загадаў мусульманам забіць Рушдзі за тое, што рэлігійныя лідэры назвалі блюзьнерствам у яго рамане «Сатанінскія вершы» 1988 году.

Публікацыяй 15-га раману Рушдзі займаецца выдавецтва Penguin Random House. Раман — форма перакладу мітычнага эпасу, першапачаткова напісанага на санскрыце пра імпэрыю Віджаянагара, якая кіравала большай часткай паўднёвага краю Індыйскага субкантынэнту ў XIV стагодзьдзі, інфармуе Reuters.

Пасьля нападу Рушдзі зь цяжкасьцю пісаў і пакутаваў ад кашмараў, сказаў ён часопісу New Yorker у інтэрвію, апублікаваным перад выхадам раману. У інтэрвію ён назваў Хадзі Матара, якога абвінавачваюць у замаху на забойства, ідыётам.

25-гадовы Матар сказаў у турэмным інтэрвію неўзабаве пасьля арышту, што, на яго думку, Рушдзі абразіў іслам.

Пасьля таго, як аятала Рухала Хамэйні, тагачасны вярхоўны лідэр Ірану, абвясьціў фатву, альбо рэлігійны ўказ, заклікаючы да сьмерці Рушдзі, пісьменьнік правёў гады, хаваючыся пад аховай брытанскай паліцыі. Але ў апошнія гады ён жыў больш адкрыта і яго часта бачылі ў Нью-Ёрку.

Матар не прызнаў сябе вінаватым у замаху на забойства, ён застаецца ў турме да суду, які, як чакаецца, пачнецца празь некалькі месяцаў.

Рушдзі правёў шэсьць тыдняў у лякарні і па-ранейшаму патрабуе рэгулярных мэдыцынскіх візытаў, сказаў ён New Yorker. Ён сказаў, што спадзяецца, што напад не азмрочыць раман.

«Я заўсёды лічыў, што мае кнігі цікавейшыя за маё жыцьцё, — сказаў ён часопісу. — На жаль, сьвет, здаецца, ня згодны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG