«У яго былі тры цяжкія раненьні шыі. Адна рука недзеяздольная, бо нэрвы абарваныя. І яшчэ каля 15 ран на грудзях і тулаве», — паведаміў агент пісьменьніка Эндру Ўайлі.
Ён дадаў, што Рушдзі таксама страціў зрок на адно вока. Ўайлі таксама паведаміў, што ня можа даць інфармацыю, ці пісьменьнік яшчэ ў шпіталі.
На Рушдзі быў учынены напад 12 жніўня ў штаце Нью-Ёрк у ЗША перад тым, як ён меўся выступіць зь лекцыяй у Інстытуце Шатокуа, духоўным цэнтры адпачынку ў сельскай мясцовасьці на паўднёвым захадзе штату. Паводле яго агента, пісьменьнік мае пашкоджаньне печані і нэрваў і, верагодна, страціць адно вока.
Паліцыя затрымала падазраванага ў нападзе — 24-гадовага Хадзі Матара зь Нью-Джэрзі. Яго абвінавацілі ў замаху на забойства і нападзе і зьмясцілі пад варту. Матар сваёй віны не прызнаў.