Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран заявіў, што Салман Рушдзі сам вінаваты ў замаху на сябе


Салман Рушдзі
Салман Рушдзі

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Ірану Насэр Канані ўпершыню выступіў з заявай наконт замаху на пісьменьніка Салмана Рушдзі. Ён катэгарычна адхіліў любыя абвінавачаньні ў датычнасьці Ірану да нападу на пісьменьніка, сказаўшы, што іранскія ўлады даведаліся пра яго толькі з заходніх СМІ.

Канані адзначыў, што ў замаху не вінаваты ніхто, акрамя самога Рушдзі, чые творы абражалі іслам, і «яго прыхільнікаў».

Раней дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен абвінаваціў Іран у тым, што яго ўлады і СМІ дзесяцігодзьдзямі заклікаюць да расправы над Рушдзі, якога Блінкен называе ня толькі выдатным пісьменьнікам, але і змагаром за свабоду слова і творчасьці.

Афіцыйныя СМІ Ірану назвалі замах на Рушдзі «боскай адплатай». Дзяржаўны тэлеканал Джаам-э Джам так пракамэнтаваў навіну аб тым, што Рушдзі можа страціць вока: «Вока сатаны асьлеплена».

  • Замах на Рушдзі адбыўся 12 жніўня ў адным з культурных цэнтраў Нью-Ёрку, дзе пісьменьнік выступаў зь лекцыяй. Малады чалавек, які выскачыў на сцэну, нанёс Рушдзі шматлікія нажавыя раненьні. Пісьменьніка даставілі ў шпіталь. Паводле слоў яго літаратурнага агента і сямейнікаў, Рушдзі больш за суткі правёў на апараце штучнага дыханьня, у яго раненьні шыі і печані, ён можа страціць адно вока. Цяпер Рушдзі ўжо можа дыхаць самастойна, але яго стан застаецца цяжкім.
  • Нападніка затрымалі. Ім аказаўся 24-гадовы грамадзянін ЗША Хадзі Матар. Бацькі Матара імігравалі ў ЗША зь Лібану. Яму выставілі абвінавачаньне ў замаху на забойства.
  • У 1989 годзе, пасьля выхаду чацьвёртай кнігі Рушдзі «Сатанінскія вершы», тагачасны вярхоўны лідэр Ірану аятала Хамэйні выдаў фатву, якая заклікае пакараць пісьменьніка сьмерцю. За забойства Рушдзі прызначылі ўзнагароду ў 3 мільёны даляраў. Пагроза жыцьцю Рушдзі прывяла да таго, што Вялікая Брытанія і Іран прыпынілі дыпляматычныя адносіны ў сакавіку 1989 году, і з тых часоў Рушдзі вымушаны жыць пад аховай паліцыі. Празь дзевяць гадоў, аднавіўшы сувязі зь Лёнданам, Іран заявіў, што ня будзе ні выконваць, ні адмяняць фатву, сьцьвярджаючы, што толькі Хамэйні, які памёр у 1989 годзе, меў права ануляваць яе.
  • Салман Рушдзі — ляўрэат Букераўскай прэміі за раман «Дзеці поўначы», літаратурнай прэміі Коста, камандор францускага ордэна мастацтваў і літаратуры. У 2007 годзе каралева Вялікай Брытаніі Лізавета II прысвоіла Рушдзі рыцарскі тытул за заслугі перад літаратурай. У сваіх кнігах Рушдзі ўздымае пытаньні існаваньня ісламу ў сучасным сьвеце, самаідэнтыфікацыі мусульман і эмігрантаў. З 2000 году Рушдзі жыве ў ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG