Пра гэта піша сайт Zerkalo.io. Раней у навучальных установах ужо забаранялі імпрэзы да Хэлоўіна.
Zerkalo.io пагутарыла са студэнтамі БДУ і паспрабавала даведацца ў рэктараце, што ня так з Днём усіх закаханых.
Студэнтка БДУ Натальля расказала, што яе факультэт кожны год рыхтаваў сьвяточныя імпрэзы да 14 лютага. Напрыклад, «хуткія спатканьні» або прагляды рамантычных фільмаў. Аднак у 2023 годзе і пэдагогі-арганізатары інтэрнату, і сябры студэнцкага саюзу факультэту папярэдзілі: ад прарэктара па выхаваўчай рабоце БДУ прыйшла забарона на сьвяткаваньне Дня ўсіх закаханых.
«Нам не растлумачылі, у чым менавіта праблема з гэтым сьвятам, проста данесьлі такую інфармацыю. Можна хіба што перайменаваць імпрэзы. Гэта незразумела для нас, бо кожны год праводзіліся розныя імпрэзы ў тэматыцы Дня сьвятога Валянціна: і на факультэце, і ў інтэрнатах. А Хэлоўін забаранілі сьвяткаваць яшчэ пару гадоў таму», — тлумачыць Натальля.
Пацьвердзілі гэта і студэнты іншых факультэтаў БДУ: хімічнага, філялягічнага і журналістыкі. Па іх словах, забарону накіравалі студэнцкім і творчым саюзам унівэрсытэту.
«Нам давялі, што мы не сьвяткуем такія сьвяты як Дзень сьвятога Валянціна або Хэлоўін, — кажа сябра студэнцкага саюзу БДУ Ірына. — Тлумачаць гэта тым, што гэтыя сьвяты заходнія, ніякага дачыненьня да нас і нашай культуры ня маюць».
Журналістка Zerkalo як зацікаўленая студэнтка патэлефанавала прарэктару па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаньнях БДУ Ганьне Бакун. Яна спытала, што ня так з Днём сьвятога Валянціна і чаму яго зараз нельга сьвяткаваць. У рэктараце, спаслаўшыся на «герархію ў зносінах», параілі зьвярнуцца да куратараў ва ўнівэрсытэце або запісацца на прыём да прарэктара ў пэўны час.
- Раней, у сьнежні 2022 году, Савет міністраў Беларусі пастанавіў выключыць сьвяткаваньне Хэлоўіна і выкарыстаньне замежных пэрсанажаў накшталт цацак Хагі Вагі ва ўстановах адукацыі. Гэта нібыта супярэчыць традыцыйным каштоўнасьцям беларускага народу. Замест гэтага Савет міністраў рэкамэндаваў выпрацаваць «прапановы па культурным імпартазамяшчэньні і ўмацаваньні духоўна-маральнай бясьпекі».