«Да выбараў я яшчэ сумняваўся, хто мае рацыю»
— Хто вы такі? Як да вас зьвяртацца?
— Можна зьвяртацца «Туз». Гэты пазыўны атрымаўся зусім выпадкова. Пазыўны, які я хацеў ад пачатку — «Мыш», — аказаўся занятым. Хацеў прыдумаць нешта больш-менш сур’ёзнае, бо часам зусім нельга зразумець, чым кіраваліся людзі, калі бралі той ці іншы пазыўны (усьміхаецца). У Беларусі я працаваў у адной дзяржаўнай канторы, паглядзеў, як сыстэма працуе знутры, мне вельмі не спадабалася. Усё было толькі на словах, а рэальна нічога не вырашалася. Паразмаўляць любяць усе, а выніку даць ня могуць. І такога было вельмі шмат. Калі ў мяне скончыўся кантракт, то працягваць яго зусім не хацелася. Таму зь цягам часу стаў распрацоўнікам.
— Вы ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 году?
— Удзельнічаў ад самага пачатку. Першы раз выйшаў, яшчэ калі пасадзілі Віктара Бабарыку. У нейкі момант я стаў заўважаць: тое, што гавораць з экрану, зусім не адпавядае таму, што робіцца насамрэч. Непасрэдна перад выбарамі ў мяне яшчэ былі думкі: а раптам рацыі ня маем мы? Я такое дапускаў. Але пабачанае потым усе сумневы адкінула, прапаганда ня ў стане складаць факты. Я пераканаўся, што праўда на нашым баку.
— За Лукашэнку раней не галасавалі?
— Помню, што дакладна галасаваў у 2010 годзе. Я тады жыў у інтэрнаце, і мяне прымусілі схадзіць на датэрміновае. Але не, галасаваў не за Лукашэнку. Хоць і тады палітыкай не цікавіўся. На Плошчу ў 2010 годзе трапіў выпадкова, бо прыехаў туды на аўтобусе, але забыўся, што там акцыя. І я такі: «Усім да пабачэньня». Мне і мама званіла, прасіла, каб не хадзіў нікуды, і ў дэканаце папярэджвалі, а я ж і не зьбіраўся!
«Я па сёньня застаюся прыхільнікам Бабарыкі»
— А ў 2020 годзе што стала трыгерам?
— Я вось успомніў, што маёй першай акцыяй пратэсту былі мітынгі супраць інтэграцыі з Расеяй у канцы 2019 году. Мне Беларусь падабаецца, падабаецца яе незалежнасьць, таму я выйшаў. Я тады нават пакінуў заяўку ў БХД, але мне адтуль урэшце так ніхто і не адказаў. Стаў валянтэрам у культурніцкіх акцыях. Калі Бабарыка падаў сваю заяўку, то я пачытаў, што гэта за чалавек, пачытаў яго інтэрвію, мне спадабалася яго пазыцыя, як ён гаворыць. Я па сёньня застаюся прыхільнікам Бабарыкі. Нічога з таго, што Віктар Дзьмітрыевіч зрабіў да арышту, мяне не адштурхнула ад яго. Я шкадую, што не зрабіў зь ім фатаздымак, калі была такая магчымасьць. Мы зусім крыху стасаваліся. Я хадзіў некалькі дзён на суд да Бабарыкі, ён там вельмі добра трымаўся, усім усьміхаўся, махаў, паказваў «сардэчкі». Іншыя людзі ў гэтай справе сядзелі больш панурымі.
— А як ставіцеся да Ціханоўскай?
— Вельмі добра. Яна дапамагла аб’яднаць беларусаў. Іх жаночае трыё глядзелася вельмі цывілізавана. У Ціханоўскай грандыёзны рост ад моманту, калі яна была хатняй гаспадыняй, да сёньняшняга дня. Мне здаецца, што за гэтыя два гады жыцьцё ні ў кога так не зьмянілася, як у яе.
— Лукашэнка для вас зло?
— Так... Ад канца 1990-х хадзілі чуткі, як ён прыбіраў канкурэнтаў, ужо таму даверу да такога чалавека быць ня можа. Ня ведаю, ці супадзеньнямі былі тэракты на 3 ліпеня, а таксама 11 красавіка. Як хутка расстралялі людзей... Колькі людзей пабілі ў 2020 годзе, а ён спачатку казаў: «Іх размалявалі!». Потым — «а вы яшчэ ня бачылі, як білі амапаўцаў».
— Вы былі прыхільнікам сілавога сцэнару?
— Мне здаецца, што я ня той чалавек, які добра б’ецца. Апошнія бойкі ў мяне былі яшчэ ў школе. На той момант я быў за мірны пратэст. Але цяпер разумею: калі трэба ўжываць сілу, то я да гэтага гатовы.
«Мне было прасьцей паехаць на вайну, чым чытаць навіны»
— Чаму вы зьехалі зь Беларусі?
— У 2020 годзе я вельмі актыўна ўдзельнічаў ў самых розных формах пратэсту. Узровень небясьпекі павысіўся. Шмат знаёмых, якія лічылі, што іх абміне, а потым у апошні момант беглі праз «чашчу» альбо ўвогуле цяпер сядзяць (уцёкі зь Беларусі праз «чашчу» — мэм, які пайшоў ад стэндапаў коміка Славы Камісаранкі, які так апісваў сваю нелегальную паездку зь Беларусі ў Расею празь лясныя дарогі. — РС). Ёсьць сябра, які сядзіць за камэнтар пасьля сьмерці Зельцара. Я палічыў, што ня трэба чакаць, калі па нас прыйдуць.
— Ці адразу вы зразумелі 24 лютага, што паедзеце ваяваць?
— Не адразу. На мяне паўплывалі два моманты. Пасьля пераезду за мяжу мая актыўнасьць зьнізілася, хацелася чагосьці большага. Другі момант — безупынныя навіны: украінцы абвінавачваюць беларусаў. Калі пачалася вайна, то не было ніякага жыцьця, а проста сядзіш дзень і ноч і чытаеш навіны. Ну колькі можна чытаць! Нельга сядзець на канапе і казаць, што беларусы не такія. Мне было прасьцей паехаць на вайну, чым чытаць навіны. Я спачатку спрабаваў праз украінскае пасольства, але там зусім не была наладжана схема. Я скончыў усе справы, звольніўся з працы, бо гэта вайна, а не шашлык зь сябрамі. У мяне было такое ўспрыманьне, што калі я не даеду, то што ўвогуле магу ў жыцьці. У Беларусі пратэст не дайшоў да лягічнага завяршэньня. І гэта моцна маральна ціснула.
— Як трывалі ваенныя будні ў Кіеве?
— Амаль штодня былі фізычныя практыкаваньні, прычым вельмі рознай складанасьці. Адзін новы інструктар за дзень так усіх заганяў, што многія хацелі кінуць. Зь непрывычкі было цяжка, балелі цягліцы, ледзь хадзіў па прыступках. Але там усе людзі матываваныя. Ты, малады, зялёны, там бачыш людзей з падрыхтоўкай. Глядзіш на Дзяніса «Кіта», ведаеш, што ён мае баявы досьвед, бачыш, як у яго ўсе рухі адточаныя. Калі перад вачыма добрыя прыклады, то верыш, што ўсяму навучысься.
«Трыццаць мэтраў убок — і цябе б не было»
— Калі было ваша першае сутыкненьне з вайной?
— Мабыць, разьвітаньне з «Тэрорам» (Зьміцер Апанасовіч, загінуў у сакавіку ў Бучы. — РС) — гэта быў мой першы тыдзень ва Ўкраіне. Ты разумееш, што сьмерць побач, а ня дзесьці там далёка. Калі казаць пра сутыкненьні, то ў мяне гэта было ў чэрвені. Скажу шчыра, я ніводнага разу ня бачыў праціўніка. Я быў мінамётнікам, мне проста казалі, у які бок страляць, пару градусаў туды, пару — у іншы бок.
— Якія пачуцьці ў вас былі ад баёў?
— Калі першы раз ехаў на баявыя, то ў галаве было толькі: «Нарэшце!» Бо шмат у каго з хлопцаў ужо быў такі досьвед. Мне вельмі хацелася, я ехаў ва Ўкраіну не для таго, каб сядзець у тыле. Гэта невыказнае пачуцьцё. Каб вы разумелі, як працуюць мінамёты: вы хутка прыяжджаеце, страляеце і хутка зьяжджаеце. Едзеце па бездаражы на ўсёй хуткасьці. Прыходзіць нейкі такі вар’яцкі адрэналін у такія моманты. Пагатоў калі мы ехалі назад, то быў такі вогненны захад сонца. Тая першая паездка вельмі запомнілася.
— Ці бывалі моманты, калі жыцьцю была сапраўдная пагроза?
— У месца, дзе мы знаходзіліся, аднойчы прыляцела ракета. Маю шнары ад шкла пасьля той гісторыі. Нібыта нічога сур’ёзнага, але ракета прызямлілася за 20-30 мэтраў ад цябе. Калі б крыху бліжэй, то не засталося б ад мяне нічога.
«Самае прыемнае на вайне — людзі»
— Што самае непрыемнае на вайне?
— Не падабаліся моманты разладу ўнутры калектыву. Натуральна, шмат каму нешта не падабалася. Але пэўныя людзі занадта імкнуліся выносіць сьмецьце з хаты. Гэта ў той момант, калі вы павінны быць разам.
— Што самае прыемнае на вайне?
— Людзі. Мне здаецца, на вайне людзі становяцца больш адкрытымі. Ты ня ведаеш, што будзе заўтра, таму сумленна гаворыш, што не падабаецца і што падабаецца. Вельмі рэдка людзі ведаюць, як адзін аднаго завуць. Гэта нават зручна і хутка запамінаецца. Яшчэ адзін прыемны момант — убачыць свайго знаёмага празь нейкі прамежак часу. Мы падзяліліся на роты, батальёны, разьехаліся. З адным байцом я жыў амаль цэлы месяц, а потым два месяцы ня бачыліся. Гэта нават не сяброўства, але пабрацімства, адчуваньне надзейнага пляча побач.
— Ці акрэсьлілі вы сабе, супраць чаго ці за што ваявалі?
— За Беларусь, за свабоду. Цяпер ужо відавочна, што ў Расеі нічога не атрымаецца, але на той момант гэта было ня так зразумела. Без свабоднай Украіны ня будзе свабоднай Беларусі. Трэба не дапусьціць, каб мацкі Крамля захоплівалі новыя тэрыторыі. Расейская прапаганда яшчэ менш лягічная за беларускую. Часам мне здаецца, што гэта спаборніцтва — у якую яшчэ лухту павераць расейцы.
«Ва Ўкраіне мне не сьніліся сны»
— Ці могуць беларускія добраахвотнікі стаць асновай для будучага вызваленьня Беларусі?
— Асновай — так. Але паўнавартаснай арміі, якая вызваліць Беларусь у адзіночку, — не. Людзі ў Беларусі таксама павінны прымаць у гэтым удзел, ад іх залежыць амаль усё.
— Ці сьніце вы сны аб вайне?
— За ўвесь час ва Ўкраіне толькі аднойчы сьніў нэўтральны сон ні аб чым. Цяпер сны бываюць часьцей. Пару разоў сьніў, нібыта ў горадзе мы гуляем у страйкбол, але нехта страляў у паветра з сапраўднай зброі. Рэзкія гукі (навальніца, самалёты, матацыклы) прымушаюць і цяпер заміраць.
— Ці заўсёды з ваяром падчас вайны думкі пра сьмерць?
— Не. Пра сьмерць думалася толькі першы месяц, пасьля гэта надыходзіць штодзённасьць.
— Ці зьмянілася ў вас нешта па вяртаньні?
— Я думаў, што зьмянілася ўсё. Я навучыўся цаніць моманты. Але ў звычайным штодзённым жыцьці ўсё вельмі хутка становіцца на свае месцы.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.