Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іранская прэса: «Кітай рэзка зьнізіў укладаньні ў іранскую эканоміку, нягледзячы на ранейшыя пагадненьні»


Прадстаўнікі Кітая і Ірану на міжурадавай сустрэчы ў 2022
Прадстаўнікі Кітая і Ірану на міжурадавай сустрэчы ў 2022

Спасылаючыся на заявы ўрадавых чыноўнікаў, іранскія СМІ паведамілі пра «адыход кітайцаў ад інвэстыцый у Іран».

Кіраўнік сумеснай палаты Ірану і Кітая таксама пацьвердзіў зьніжэньне кітайскіх інвэстыцый у Іран і падкрэсьліў, што адной з прычын зьяўляецца арыентацыя кіраўнікоў сярэдняга зьвяна ісламскай рэспублікі на захад, піша Радыё Фарда.

Алі Фэкры, намесьнік міністра эканомікі ў арганізацыі інвэстыцый, эканамічнай і тэхнічнай дапамозе, абвясьціў на прэс-канфэрэнцыі, што з пачатку прэзыдэнцкай кадэнцыі Ібрагіма Раісі кітайцы інвэставалі ў 25 праектаў толькі 185 мільёнаў даляраў. Паводле яго слоў, за гэты пэрыяд у год і тры месяцы, акрамя Кітая, больш за ўсё ў Іран інвэставалі Расея, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Турэччына і Афганістан.

Падпісаньне ядзернага пагадненьня Ірану з сусьветнымі дзяржавамі прывяло да заключэньня кантрактаў паміж Тэгеранам і замежнымі кампаніямі, але пасьля выхаду ЗША з дамовы JCPOA і паўторнага ўвядзеньня эканамічных санкцый супраць Ісламскай Рэспублікі гэтыя кампаніі пакінулі Іран.

Раней Арганізацыя інвэстыцыйнай, эканамічнай і тэхнічнай дапамогі Ірану пры Міністэрстве эканомікі паведамляла, што за апошнія два гады кітайцы ўклалі ў Іран каля 227 мільёнаў даляраў.

Скарачэньне кітайскіх інвэстыцый у Іране адбываецца ў той час, калі Кітай аб’яднаў сілы з Саўдаўскай Арабіяй супраць Ісламскай Рэспублікі ў апошнія тыдні. У адрозьненьне ад свайго папярэдняга рэгіянальнага візыту ў 2016 годзе, старшыня КНР Сі Цзіньпін на гэты раз не прыехаў у Іран у сярэдзіне сьнежня, а непасрэдна паехаў у Эр-Рыяд, Саўдаўская Арабія, каб «паглыбіць адносіны».

Імклівае падзеньне ўзроўню кітайскіх укладаньняў у іранскую эканоміку адбылося нягледзячы на тое, што Тэгеран і Пэкін раней падпісалі пагадненьне аб 25-гадовым супрацоўніцтве, і ў Тэгеране сьцьвярджалі, што на падставе гэтага дакумэнту, Кітай інвэстуе ў Іран 400 млрд даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG