Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Кіргізстану хочуць праз суд забараніць дзейнасьць кіргіскай службы Радыё Свабода


Дэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты ў студыі кіргіскай службы Радыё Свабода ў Бішкеку
Дэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты ў студыі кіргіскай службы Радыё Свабода ў Бішкеку

Міністэрства культуры, інфармацыі, спорту і моладзевай палітыкі Кіргізстану зьвярнулася ў Ленінскі раённы суд з пазовам аб спыненьні дзейнасьці «Азатык Мэдыя» як сродку масавай інфармацыі.

У пазове Мінкультуры ўказвае, што відэаматэрыял аб канфлікце на кіргіска-таджыцкай мяжы ня выдалены і распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках. Дзеяньні «Азатык Мэдыя», на думку ведамства, супярэчаць патрабаваньням закону «Аб сродках масавай інфармацыі» — у адпаведнасьці з артыкулам 23 не дапускаецца прапаганда вайны, гвалту і жорсткасьці, нацыянальнай, рэлігійнай выключнасьці і нецярпімасьці да іншых народаў і нацый.

Гаворка ідзе пра эфір праграмы «Настоящее время. Азия», якая выйшла ў сярэдзіне верасьня 2022 году пад загалоўкам «Цяжкія баі на мяжы Кіргізстану і Таджыкістану». У праграме, па сьцьвярджэньні ведамства, зьмяшчаюцца «элемэнты мовы варожасьці, непацьверджаная інфармацыя пра нібыта напад кіргіскага боку на Таджыкістан, інфармацыя, якая абвастрае становішча ў грамадзтве і выклікае нянавісьць, дыскрымінацыю і раскол сярод грамадзян пры асьвятленьні падзей у Баткенскай вобласьці».

Кіраўніцтва Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода расцаніла гэты крок як перасьлед свабодных СМІ, які падрывае дэмакратыю ў Кіргізстане. «РСЭ/РС сур’ёзна ставіцца да сваіх абавязаньняў па збалянсаваным асьвятленьні падзей. Мы вывучылі зьмест дадзенага матэрыялу і ня выявілі ніякіх парушэньняў нашых стандартаў. Мы не паддадзімся ціску з мэтай выдаленьня збалянсаваных матэрыялаў з нашых сайтаў, ці то з боку Крамля, ці ўладаў Кіргізстану», — заявіў прэзыдэнт мэдыякарпарацыі «Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода» Джэймі Флай.

24 кастрычніка ў «Азатык Мэдыя» паступіў ліст ад Мінкульту Кіргізстану з патрабаваньнем на працягу 24 гадзін выдаліць з ютуб-канала «Настоящее время. Азия» запіс жывога эфіру, які быў прысьвечаны памежнаму канфлікту. Праз два дні ведамства прыняло рашэньне заблякаваць сайты «Азатык Мэдыя» на два месяцы. 31 кастрычніка ў «ДэмірБанку» без папярэджаньня і тлумачэньняў у вусным парадку паведамілі, што рахункі «Азатык Мэдыя» заблякаваныя.

16 лістапада стала вядома, што камісія парлямэнту па выдачы акрэдытацыі СМІ з 17 лістапада прыпыніла акрэдытацыю 11 карэспандэнтаў «Азатык Мэдыя», выдадзеную для асьвятленьня дзейнасьці заканадаўчага органа краіны. У прэсавай службе парлямэнту растлумачылі, што такое рашэньне прынятае на падставе рашэньня Мінкультуры, інфармацыі, спорту і моладзевай палітыкі аб блякаваньні сайтаў «Азатык Мэдыя» на два месяцы.

У канцы сьнежня рашэньне аб блякаваньні сайтаў было працягнутае. «Азатык Мэдыя» зьвярнулася з адміністрацыйнай скаргай на рашэньне Міністэрства культуры і папрасіла прыпыніць блякаваньне да разгляду адміністрацыйнай скаргі. Аднак гэтая просьба не была задаволеная.

Яшчэ зімой, пасьля мінулага абвастрэньня канфлікту на мяжы Таджыкістану і Кіргізстану, у Бішкеку прайшлі мітынгі з патрабаваньнямі «пакараць журналістаў» незалежных СМІ за тое, што пры асьвятленьні падзей яны давалі ня толькі пункт гледжаньня Кіргізстану і яго ўладаў, але таксама і Таджыкістану, як патрабуюць правілы абʼектыўнай журналістыкі. Удзельнікі мітынгаў патрабавалі санкцый у дачыненьні да Kaktus.media, Kloop і кіргіскай службы Радыё Свабода, аж да прызнаньня іх «замежнымі агентамі» — па аналёгіі са статусам, які незалежныя мэдыя часта атрымліваюць у Расеі.

«Настоящее время. Азия» — падразьдзяленьне тэлеканалу «Настоящее время», якое базуецца ў Бішкеку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG