Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ваявалі Кіргізстан і Таджыкістан? Тлумачэньне экспэрта


Падбітая бранетэхніка на мяжы Кіргізстану і Таджыкістану
Падбітая бранетэхніка на мяжы Кіргізстану і Таджыкістану

Крызіс у адносінах паміж Кіргізстанам і Таджыкістанам камэнтуе палітычны аглядальнік Радыё Свабода, адмысловец ў пытаньнях Цэнтральнай Азіі Брус Пан’ё.

Увечары 19 верасьня прадстаўнікі Кіргізстану і Таджыкістану падпісалі мірны пратакол. Сытуацыя на мяжы дзьвюх краін рэзка абвастрылася 14 верасьня, пачаліся баявыя дзеяньні. Бішкек паведамляе, што падчас канфлікту 14–17 верасьня загінулі 59 грамадзянаў Кіргізстану, Душанбэ кажа пра гібель 41 грамадзяніна Таджыкістану. Гэты крызіс у двухбаковых адносінах мы папрасілі пракамэнтаваць палітычнага аглядальніка Радыё Свабода, адмыслоўца ў пытаньнях Цэнтральнай Азіі Бруса Пан’ё.

— Чаму чарговае абвастрэньне таджыцка-кіргіскага канфлікту адбылося менавіта цяпер?

Брус Пан'ё
Брус Пан'ё

— Яно магло адбыцца ў любы час. Вельмі высокая напружанасьць на мяжы. У апошнія гады назіраецца мілітарызацыя мяжы. І зараз любая памылка, любы інцыдэнт можа прывесьці да трагедыі. Там побач зь мяжой стаяць танкі і гарматы. І таму чалавечыя страты значна большыя, чым было раней.

— Цяперашні канфлікт — гэта эскаляцыя асобнага інцыдэнту, якой ніхто не хацеў, ці гэта мэтанакіраваная палітыка ўладаў той ці іншай краіны?

— У мінулым усе канфлікты пачыналіся са сварак мясцовых жыхароў. А потым у сутыкненьне ўцягваюцца вайскоўцы дзьвюх краін. Але гэтым разам атакі з таджыцкага боку адбываліся ў некалькіх пунктах. І гэта выглядала як скаардынаваная апэрацыя.

— Некаторыя кіргіскія назіральнікі выказваюць думку, што за гэтым канфліктам стаіць Расея, што яна падтрымлівае ў гэтым канфлікце Таджыкістан і яна і інсьпіравала яго. Наколькі слушнай вам падаецца гэтая вэрсія?

— Многія кіргізы так думаюць — што Расея зараз на баку Таджыкістану ў яго спрэчцы з Кіргізстанам. Расея пастаўляе зброю і Таджыкістану, і Кіргізстану, можа Таджыкістану больш. Калі летась таксама была вайна паміж Таджыкістанам і Кіргізстанам, празь некалькі дзён пасьля яе завяршэньня адзначаўся Дзень Перамогі. І прэзыдэнт Таджыкістану Рахмон быў адным зь нямногіх кіраўнікоў дзяржаў, якія былі ў Маскве на сьвяткаваньні побач з Пуціным. Прэзыдэнта Кіргізстану Джапарава там не было.

Таму склалася ўражаньне, што Расея ў канфлікце — на баку Душанбэ ў спрэчцы зь Бішкекам. Складана сказаць, ці так гэта. Расея мае вайсковыя базы і ў Таджыкістане, і ў Кіргізстане. Ёсьць думка, што Расея ня хоча, каб краіны Цэнтральнай Азіі інтэграваліся. Магчыма, канфлікты паміж імі выгадныя Маскве.

— Якая цяпер пазыцыя Масквы адносна канфлікту? Абодва прэзыдэнты — і Рахмон, і Джапараў — размаўлялі праз тэлефон з Пуціным.

— Масква не заяўляе, што яна на нечым баку. Цяжка вызначыць, якую гульню Расея вядзе ў рэгіёне. Але ў яе доўгая гісторыя стасункаў з Рахмонам, ён кіраваў Таджыкістанам 30 гадоў. Пасьля грамадзянскай вайны на пачатку 1990-х у Таджыкістане не было рэвалюцый. Але за гэты час у Кіргізстане адбыліся тры рэвалюцыі. Крэмль заўсёды турбуецца, што гэты кіргіскі рэвалюцыйны досьвед можа стаць прыкладам для іншых краін — і ня толькі ў Цэнтральнай Азіі, але і ў іншых краінах СНД. Масква ведае, чаго чакаць ад Рахмона. І гэта ня так адносна прэзыдэнтаў Кіргізстану, якія мяняюцца часта.

— А якая матывацыя ў бакоў? Я чуў ад таджыцкіх экспэртаў, што Рахмон рыхтуе перадачу ўлады свайму сыну. І «падарункам на каранацыю» могуць стаць спрэчныя тэрыторыі, якія Душанбэ возьме пад кантроль.

— Я ня думаю, што пэрспэктыва перадачы ўлады ў Таджыкістане — гэта галоўная прычына цяперашняй фазы канфлікту. Рахмон ніколі ня быў папулярны на поўначы краіны, там, дзе якраз адбываецца канфлікт. І ён хоча зрабіць нешта прыемнае для мясцовых жыхароў, каб павялічыць іх сымпатыі да яго.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG