Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі габрэйскі кангрэс і Белы дом абурыліся параўнаньнем міністра замежных спраў Расеі Лаўрова пра Галакост


Сяргей Лаўроў
Сяргей Лаўроў

Гэта ўжо ня першая скандальная заява Лаўрова, якую габрэі палічылі абразьлівай.

У Эўрапейскім габрэйскім кангрэсе заявілі, што шакаваныя і абураныя камэнтарамі міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова, які параўнаў падтрымку Ўкраіны Захадам з рашэньнем Гітлера забіць 6 мільёнаў габрэяў падчас Галакосту.

Прэзыдэнт Кангрэсу Арыэль Музыкант назваў гэтае параўнаньне «ганебным» і заявіў, што яно зьяўляецца скажэньнем Галакосту. Эўрапейскі габрэйскі кангрэс патрабуе ад Лаўрова прынесьці прабачэньні і ўзяць назад свае словы.

18 студзеня на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве міністар замежных спраў Расеі заявіў, што гэтак жа, як Гітлер мабілізаваў, заваяваў і настроіў большасьць эўрапейскіх краін супраць Савецкага Саюзу, ЗША таксама стварылі кааліцыю практычна ўсёй Эўропы і вядуць вайну праз Украіну з той жа мэтай — каб дамагчыся «канчатковага вырашэньня расейскага пытаньня». Са слоў Лаўрова, гэтак сама, як Гітлер хацеў канчаткова вырашыць «габрэйскае пытаньне», сёньня заходнія палітыкі адназначна заяўляюць, што Расея павінна пацярпець стратэгічную паразу.

Сьпікер Белага дома ў нацыянальнай бясьпецы Джон Кірбі 18 студзеня рэзка раскрытыкаваў міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова за камэнтар, у якім той параўнаў кааліцыю краін, якія падтрымліваюць Украіну, з «канчатковым рашэньнем» нацыстаў у зьнішчэньні габрэяў.

«Як ён сьмее параўноўваць нешта з Галакостам — няважна, што, — ня кажучы ўжо пра вайну, якую яны пачалі, — сказаў Кірбі, размаўляючы з журналістамі ў Белым доме. — Украіна ня несла ніякай пагрозы для Расеі. Ніякай. Украіна нікому не пагражае ў ваенным пляне».

Кірбі падкрэсьліў, што камэнтары Лаўрова настолькі абсурдныя, што на іх амаль не варта рэагаваць, «за выключэньнем той сапраўды абразьлівай манеры, у якой ён спрабаваў прадставіць нас у катэгорыях Гітлера і Галакосту».

Гэта ня першы раз, калі заява міністра замежных спраў Расеі выклікала гнеў габрэяў. У траўні 2022 году ў інтэрвію італьянскай тэлекампаніі Mediaset Лаўроў параўнаў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага зь лідэрам нацысцкай Нямеччыны Адольфам Гітлерам і сказаў, што ў Гітлера нібыта таксама была габрэйская кроў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG