Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баўгарыя таемна пастаўляла Ўкраіне паліва з боепрыпасамі на пачатку вайны, — расьсьледаваньне Welt


Расфарбаваны ва ўкраінскія колеры помнік савецкім салдатам у Сафіі, 28 лютага 2022
Расфарбаваны ва ўкраінскія колеры помнік савецкім салдатам у Сафіі, 28 лютага 2022

Баўгарыя выразна заняла праўкраінскую пазыцыю ў вайне, але не афішавала сваёй дапамогі.

У першыя месяцы вайны Ўкраіне істотна дапамагла з палівам і ўзбраеньнямі Баўгарыя, яна рабіла тайныя пастаўкі. Пра гэта гаворыцца ў расьсьледаваньні нямецкай газэты Welt, апублікаваным 18 студзеня. Па дадзеных журналістаў, пастаўкі з Баўгарыі ўвесну 2022 году маглі складаць да 30% усіх боепрыпасаў і да 40% дызэльнага паліва, якія паступілі тады ўкраінскай арміі.

Журналісты базуюцца на інтэрвію, узятых у міністра замежных спраў Украіны Дзьмітра Кулебы, былога прэм’ер-міністра Баўгарыі Кірыла Петкава і Асена Васілева, які займаў ва ўрадзе Петкава пасаду міністра фінансаў. Публічна Петкаў адхіляў магчымасьць непасрэднай вайсковай дапамогі Ўкраіне, аднак пастаўкі праводзіліся праз кампаніі-пасярэднікі ў Румыніі, Вугоршчыне і Польшчы. Аплачвалі апэрацыю, па сьцьвярджэньні газэты, ЗША і Вялікая Брытанія.

Баўгарскае войска валодае значнымі рэзэрвамі боепрыпасаў савецкай вытворчасьці, якія знайшлі сабе ўжываньне ва ўзброеных сілах Украіны, чыя баявая тэхніка ў пачатку вайны таксама адпавядала пераважна савецкім стандартам.

Такім жа чынам Баўгарыя пастаўляла Ўкраіне дызэльнае паліва. Яно выраблялася на нафтаперапрацоўчым заводзе ў Бургасе, які тады належаў расейскай кампаніі «Лукойл», з расейскай сырой нафты. Па словах Васілева, у першую фазу вайны Баўгарыя стала галоўным экспартэрам дызэлю ва Ўкраіну.

Дзьмітро Кулеба пацьвердзіў: у першыя месяцы вайны існавала небясьпека, што боепрыпасы ва ўкраінскага войска могуць скончыцца да канца красавіка, і ён па даручэньні прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага езьдзіў на перамовы ў Баўгарыю, каб дамовіцца аб пастаўках.

У чэрвені кіраўнік баўгарскай дзяржаўнай абаронна-экспартнай кампаніі Kintex Аляксандар Міхайлаў заявіў, што Баўгарыя паставіла Ўкраіне боепрыпасы на суму каля 2 млрд эўра. Афіцыйна пастаўкі ажыцьцяўляліся краінам-пасярэднікам. Дызэльнае паліва дастаўлялася па моры і зямлі ў Румынію, адкуль перапраўлялася ва Ўкраіну.

У сьнежні баўгарскі ўрад афіцыйна ўхваліў прамыя пастаўкі ўзбраеньняў Украіне. У лістападзе Сафія запытала ў Эўракамісіі дазвол на экспарт нафтапрадуктаў у шэраг краін, у тым ліку Ўкраіну. Нафтаперапрацоўчы завод у Бургасе з пачатку гэтага году цалкам перайшоў пад кіраваньне Баўгарыі.

Баўгарыя стала першай краінай Эўразьвязу, якой прыйшлося адмовіцца ад расейскага газу. 27 красавіка 2022 году «Газпром» аб’явіў аб спыненьні экспарту газу ў гэтую краіну, паколькі яна адмовілася пераходзіць на аплату ў расейскіх рублях. Баўгарскі ўрад перайшоў на закупкі звадкаванага газу ў ЗША. Пазьней быў пабудаваны газаправод у Баўгарыю з Грэцыі.

Улетку 2022 году Баўгарыя зазнала інтэнсіўныя кібэратакі, якія яе ўрад і экспэрты прыпісваюць расейскім хакерам. Мэтай кібэратак была лічбавая інфраструктура электрасеткі і паштовых службаў, што прыводзіла да цяжкасьцяў у выплаце пэнсій.

З сакавіка па чэрвень 2022 году Баўгарыя выслала з краіны 70 расейскіх дыпляматаў па абвінавачаньні ў шпіянажы і спробах подкупу баўгарскіх афіцыйных асоб.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG