У Ізраілі абураныя словамі міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова, які ў нядзелю ў інтэрвію італьянскай тэлекампаніі Mediaset параўнаў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага зь фюрэрам нацысцкай Нямеччыны Адольфам Гітлерам, выказаўшы здагадку, што ў Гітлера, пад кіраўніцтвам якога было зьнішчана 6 мільёнаў габрэяў, была «габрэйская кроў».
Прэм’ер-міністар Ізраілю Нафталі Бэнэт у панядзелак назваў словы Лаўрова «хлусьнёй», якая заклікана ўскласьці адказнасьць за зьнішчэньне габрэяў падчас Другой сусьветнай вайны на іх саміх. Бэнэт таксама заклікаў неадкладна спыніць выкарыстаньне адсылкі да Галакосту ў палітычных мэтах.
Кіраўнік МЗС Ізраілю Яір Лапід сказаў, што словы Лаўрова «ня толькі недаравальныя і абуральныя — яны таксама зьяўляюцца жахлівай гістарычнай памылкай. Габрэі не забівалі сябе падчас Галакосту». Паводле Лапіда, абвінавачаньні саміх габрэяў у антысэмітызьме — гэта «самы гнюсны ўзровень расізму».
Старшыня праўленьня мэмарыяльнага комплексу «Яд вашэм» Дані Даян назваў словы Лаўрова «неабгрунтаванымі, бязглуздымі, небясьпечнымі і годнымі ўсялякага асуджэньня». Іх асудзілі і іншыя ізраільскія палітыкі.
Паведамляецца, што расейскі амбасадар быў выкліканы ў МЗС Ізраілю.
Пра Гітлера Лаўроў згадаў у кантэксьце так званай дэнацыфікацыі Ўкраіны, якой, паводле сьцьвярджэньняў расейскіх уладаў, у працэсе вайны дамагаецца Масква. Кажучы пра прэзыдэнта Ўкраіны, Лаўроў сказаў: «Ён высоўвае аргумэнт: якая ў іх можа быць нацыфікацыя, калі ён габрэй. Магу памыліцца, але ў А.Гітлера таксама была габрэйская кроў. Гэта абсалютна нічога ня значыць. Мудры габрэйскі народ кажа, што самыя заўзятыя антысэміты, як правіла, габрэі» (цытата паводле сайту МЗС РФ).
Уладзімір Зяленскі родам з украінска-габрэйскай сям’і і ня раз падкрэсьліваў свае карані — у тым ліку і кажучы пра сваё непрыманьне нацызму. Тое, што сярод продкаў Гітлера нібыта былі габрэі, сьцьвярджаў, у прыватнасьці, Ганс Франк, павешаны ў 1946 годзе паводле прысуду Нюрнбэрскага трыбуналу. Гэтая гіпотэза навуковымі дадзенымі не пацьверджаная; фюрэр не ідэнтыфікаваў сябе як габрэя і імкнуўся зьнішчыць габрэйскі народ.
- Ізраіль з пачатку вайны ва Ўкраіне, асудзіўшы дзеяньні Расеі, устрымліваецца ад увядзеньня супраць яе санкцый і паставак Украіне зброі — за што яго крытыкуюць у Кіеве.
- Лаўроў у сваім інтэрвію на пытаньне аб тым, ці патрабуе Расея ад прэзыдэнта Ўкраіны, каб ён здаўся, адказаў, што Зяленскі павінен ня здацца, а аддаць загад спыніць супраціў. Чым гэта адрозьніваецца ад капітуляцыі, Лаўроў не растлумачыў. Пры гэтым ён сказаў, што мэта Расеі — ня зьмена ўлады ва Ўкраіне, а бясьпека для так званых «народных рэспублік» Данбасу і для Расеі.
- Таксама Лаўроў заявіў, што мэты завяршыць баявыя дзеяньні да 9 траўня перад расейскімі войскамі не стаіць.
- Кіраўнік МЗС Расеі адкрытым тэкстам прызнаў існаваньне так званай «ЧВК Вагнера». Раней расейскія ўлады ці адмаўлялі яго, ці адказвалі ўхіліста, гаворачы пра ініцыятывы прыватных асоб. Паводле Лаўрова, «ЧВК Вагнера» існуе, а яе байцы сапраўды прысутнічалі ў шэрагу краін Афрыкі, у тым ліку ў Лібіі і Малі. Пры гэтым Лаўроў адмаўляе, што байцы «ЧВК Вагнера» ўдзельнічаюць у вайне ва Украіне.