Яна адзначыла, што ў Беларусі, паводле падлікаў праваабаронцаў, сёньня мінімум 1 439 палітвязьняў і «яшчэ тысячы чалавек, не прызнаных палітвязьнямі, але асуджаных паводле палітычных матываў»: «Гэтая колькасьць расьце кожны месяц прыкладна на сто чалавек. За кратамі зьневажаюць чалавечую годнасьць, ствараюць невыносныя ўмовы ўтрыманьня, некалькі беларусаў ужо былі даведзеныя ў гэтых умовах да сьмерці. Ёсьць гуманітарны сьпіс зь імёнаў тых, хто проста цяпер знаходзіцца ў крытычным стане і не атрымлівае лячэньня».
Ціханоўская падкрэсьліла, што выхад палітвязьняў на волю — адзін з найважнейшых прыярытэтаў працы дэмакратычных сілаў.
«Мы гатовыя ў любы момант весьці дыялёг з усімі зацікаўленымі бакамі, у тым ліку пачаць перамовы з прадстаўнікамі рэжыму, каб вырашаць пытаньні ўмоваў утрыманьня і/або вызваленьня палітычных закладнікаў. Мы падымаем усе магчымыя кантакты і пляцоўкі для пачатку такога дыялёгу», — дадала Ціханоўская.
Паводле яе, гэта могуць быць як нефармальныя кантакты, так і перамовы на міжнародных пляцоўках пры зьнешнім пасярэдніцтве. Гарантамі выкананьня дамоўленасьцей маглі б стаць дзяржавы-мэдыятары або іншыя арганізацыі, якія карыстаюцца даверам і маюць аўтарытэт, лічыць яна.
«Мы гатовыя працаваць на вызваленьне любога і кожнага, хто пацярпеў за сваю палітычную пазыцыю. Роўна як і на стварэньне ўмоваў для бясьпечнай магчымасьці вярнуцца ў Беларусь для людзей, вымушаных уцякаць ад рэпрэсій», — заключыла Сьвятлана Ціханоўская.
- 10 студзеня нядаўна створанае Абʼяднаньне сваякоў палітвязьняў і былых палітвязьняў выступіла са зваротам да сусьветнай супольнасьці, у якім заклікала да «больш рашучых дзеяньняў» па вызваленьні іх блізкіх.
- У ініцыятыўную групу абʼяднаньня ўваходзяць сястра Марыі Калесьнікавай Тацяна Хоміч, муж Ірыны Слаўнікавай Аляксандр Лойка, жонка Уладзіміра Мацкевіча Сьвятлана Мацкевіч. Зварот на дадзены момант падпісала 55 чалавек, у тым ліку муж Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) Ігар Ільляш, жонка Дзяніса Івашына Вольга Івашына, дачка Рыгора Кастусёва Галіна Антончык, былая палітзьняволеная Дарʼя Чульцова.
- 12 студзеня стала вядома аб першым выпадку вызваленьня палітвязьня па амністыі (Пётр Зіневіч, які адбываў пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі), хоць улады адмаўлялі раней такую магчымасьць.